Адслужыў дастойна і вярнуўся!

Люди и судьбы

У аўторак дваццацішасцігадовы Павел ЗЫЛЬ зрабіў прыемны сюрпрыз бацькам — нечакана завітаў дамоў. З букетам кветак у руках накіраваўся да маці на працу. Яна не змагла стрымаць слёз, калі ўбачыла сына. На высокага, з прыемнай усмешкай салдата прыйшлі паглядзець работнікі Чэрвеньскага дзіцячага садка №5 і дзеці.

Пасля заканчэння чацвёртай школы Павел паступіў  у Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй. Затым скончыў Індустрыяльна-педагагічны каледж, працаваў па размеркаванню два гады ў Чэрвеньскім ліцэі, выпусціў групу муляраў. Пасля ўладкаваўся на завод у Мінску. Але не пакідала жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, таму паступіў на завочную форму Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Паспеў і дыплом атрымаць, а ў мінулым годзе прыйшла павестка.

Адслужыў год у войску Міністэрства ўнутраных спраў у ваенным гарадку Аколіца, што пад Мінскам. Па яго словах, служба ў арміі патрэбна юнаку і нават карысна. Там сталееш, становішся больш адказным, набываеш добрую фізічную форму. Увогуле, армія правярае, на што ты здольны — як у фізічным, так і ў маральным плане. Адчуваеш сябе патрэбным грамадству.

Ён затрымліваў людзей, якія знаходзіліся пад уплывам наркотыкаў або ў алкагольным ап’яненні. Былі выпадкі, калі даставалі такіх з вадзіцельскага крэсла аўтамабіля.

На службе ў Пашы з’явіліся сябры. У прыватнасці, Дзіма Карповіч з Навагрудскага раёна. Яны адзін аднаму дапамагалі, падтрымлівалі.

— Будзем і далей сябраваць, — кажа Паша. — Нават плануем разам працаваць.

За добрасумленнае выкананне воінскіх абавязкаў, дысцыплінаванасць, праяўленне ініцыятывы ў службе  з вайсковай часці бацькам неаднаразова ўручалі ўдзячныя лісты, па тэлефоне і пры сустрэчы дзякавалі за дастойнае выхаванне сына.

Зараз ён бавіць час у бацькоўскім доме. Прызнаецца, што сумаваў па бацьках, па малодшай сястры Кацярыне, па сябрах. Цяпер сустракаецца з імі, частуецца смачнымі хатнімі стравамі і плануе далейшае жыццё. Найперш — уладкавацца на працу, «стаць на ногі», стварыць сваю сям’ю. Жадаем табе поспехаў ва ўсіх пачынаннях, Паша!

 

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *