Жыццё, занатаванае фотаздымкамі

Общество

У кранальнай душэўным зместам песні “Сямейны альбом” ёсць такія словы: “Чтобы вспомнить, какими мы были, загляните в семейный альбом…”.

Час ад часу я з хваляваннем бяру ў рукі гэтую адметную хатнюю рэліквію, удзячным паглядам у пошуках задаўненай радасці спыняюся на занатаваных фотаздымкамі тварах людзей, з якімі даводзілася мець стасункі, сяброўства, і нібы зноў пражываю незабыўныя старонкі мінулага. Здаецца, вось яны, гэтыя моманты, — тут і цяпер.

Далёкія 50-ыя гады

Адзіны ў альбоме фотаздымак  9-га “А” класа Чэрвеньскай беларускай школы (цяпер гімназія) вяртае мяне ў 1953 год. Успамінаецца шмат прыемнага, радаснага. На здымку я чацвёртая справа. Шкадую, што няма фотаздымкаў, калі вучылася ў Зайцоўскай пачатковай школе. Тады нас не фатаграфавалі. Многія бацькі нават не мелі магчымасці  плаціць за далейшае навучанне дзяцей, таму пераважна па гэтай прычыне ніхто з маіх равеснікаў пасля заканчэння Зайцоўскай пачатковай школы не працягваў вучобу. З вёскі ў Чэрвень мне  даводзілася дарогай праз лес дабірацца адной. Два месяцы  ўвосень і два вясной — на веласіпедзе, а ўвесь астатні час кватаравала на Мінскай вуліцы ў Казлоўскай Гэлькі.

Бацькам маім было вельмі цяжка плаціць за кватэру і за школу — 150 рублёў у год, а потым за кватэру ў Мінску і вучобу — 200 рублёў у год. Апроч таго, яшчэ і розныя падаткі. Сямёра дзяцей яны гадавалі, вучылі. На канікулах мы стараліся ім дапамагчы, ніколі не адпачывалі. Я працавала ў калгасе “Перамога”: жала жыта, сушыла збожжа на таку, капала каксагыз, бульбу, рвала лён…

Школу ў Чэрвені закончыла ў 1954 годзе. Даўно тое было, але і сёння ўдзячна трымаю ў памяці ўсіх настаўнікаў і аднакласнікаў.

У ВЕЛІКАПОЛЬСКАЙ ШКОЛЕ

Закончыўшы інстытут замежных моў, я атрымала накіраванне на працу ў Велікапольскую школу. Будынак яе быў драўляны, стары, штукатурка ляцела на падлогу. Класы ацяпляліся дровамі. Мы, настаўнікі, самі насілі іх у памяшканне, каб дождж не намачыў.

На фотаздымку выпускнікоў дзесятага класа ў 1960-ым годзе я ў першым радзе другая справа.

Не забываецца, як прыемна было тут працаваць. У школе склаўся дружны, згуртаваны калектыў, многа было маладых настаўнікаў. Дырэктар школы Мікалай Пятровіч Гук запрагаў каня, і мы наведваліся ў вёскі Бярозаўка, Язоўкі, Плецявішча на бацькоўскія сходы. Рыхтавалі нумары самадзейнасці і ездзілі з канцэртамі ў вёскі, суседнія школы. Кожную восень дапамагалі калгасу “Перадавік” выбіраць бульбу, буракі. Вясной збіралі на палетках каменне.

У Велікаполлі маладыя настаўнікі жылі на кватэрах. У Чэрвень хадзілі пешшу. У той час скарыстацца аўтобусам не было магчымасці, бо ў гэтай вёсцы ён з’яўляўся вельмі рэдка.

У 1961 годзе мы з Яўгенам Антонавічам Несцяровічам, які таксама працаваў у Велікапольскай школе, згулялі вяселле. На ўрачыстасць запрасілі ўсіх настаўнікаў, а таксама майго аднакласніка Аляксея Каўку (цяпер вядомы маскоўскі літаратуразнаўца, доктар гістарычных навук, кандыдат філалагічных навук).  Сватам быў аднакурснік Несцяровіча Іван Саламевіч (стаў слынным фалькларыстам, кандыдатам філалагічных навук, рэдактарам Беларускай савецкай энцыклапедыі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР).

У СШ №2 г.Чэрвеня

У 1964 годзе мяне і Яўгена Антонавіча, які працаваў ужо дырэктарам школы, перавялі на працу ў СШ №2 г.Чэрвеня. Тут была пэўная сістэма ў краязнаўчай рабоце: пачатковыя класы — экскурсіі ў межах горада і ў лес; 5-6 класы — у рыбгас “Волма”, вёску Іванічы з адной-дзвюма начоўкамі; 7-8 класы — падарожжы за межы раёна; з працягласцю да аднаго тыдня — у вёскі Горкі, Ляды, Калодзежы, Грабянец, Папову Граду, Якшыцы, Прыцерпы, пасёлак Свіслач, шклозавод Ялізава, электрастанцыю Вяззе, лясную доследную станцыю ў вёсцы Жорнаўка. 8-10 класы — экскурсіі на аўтобусе.

у сш №2 Падчас лыжнай прагулкі
у сш №2 Падчас лыжнай прагулкі
у сш №2 падчас паходу
у сш №2 падчас паходу
У сш№2 У гасцях у вучняў Герой Сацыялістычнай працы свінарка саўгаса
У сш№2 У гасцях у вучняў Герой Сацыялістычнай працы свінарка саўгаса

Вялікая ўвага ўдзялялася ваенна-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Быў створаны  музей баявой славы, на базе якога праводзіўся Усесаюзны семінар работнікаў адукацыі. Вучні актыўна займаліся пошукавай работай. Часта сустракаліся са знакамітымі людзьмі.

Аляксандра НЕСЦЯРОВІЧ, пенсіянерка, Выдатнік Народнай асветы БССР, настаўнік вышэйшай катэгорыі, настаўнік-метадыст

(Працяг будзе)

 

На здымках:

У гасцях у вучняў Герой Сацыялістычнай працы свінарка саўгаса “Натальеўск” Ганна Якаўлеўна Цэдрык (1967 год)

Падчас паходу на Іванічы. Ля вогнішча з вучнямі злева Леанід Міхайлавіч Кухарэнка, справа — я.

Падчас лыжнай прагулкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *