Выпрабаванне часам вытрымалі

Общество

Вынікі працы за апошнія два гады і задачы на будучае разгледжаны на ІХ справаздачна-выбарнай канферэнцыі Чэрвеньскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, у якую ўваходзяць пярвічныя арганізацыі  клубных, бібліятэчных, музычных работнікаў і работнікаў друку.

Як зазначыла ў сваім дакладзе старшыня райкама прафсаюза Алена Забаронак, справаздачы і выбары ва ўсіх “пярвічках”, якія папярэднічалі канферэнцыі, прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. На іх прааналізавана работа выбарных прафсаюзных органаў, абмеркаваны надзённыя пытанні жыццядзейнасці калектываў, прыняты шэраг рашэнняў.

— Аналіз сходаў у пярвічных арганізацыях засведчыў, што, нягледзячы на эканамічныя, фінансавыя цяжкасці ў справаздачны перыяд, большасць прафсаюзных камітэтаў за кошт новых форм работы, актывізацыі сваёй дзейнасці змаглі стаць для работнікаў рэальнай апорай, абаронцамі іх інтарэсаў, – падкрэсліла Алена Забаронак. – Людзі з удзячнасцю казалі пра тое, што прафсаюз узяў на сябе рашэнне многіх сацыяльных пытанняў. Гэта сведчыць пра яго аўтарытэт…

У перыяд правядзення справаздач і выбараў у пярвічных прафсаюзных арганізацыях усе прафкамы атрымалі здавальняючую ацэнку работы. Разам з тым, члены прафсаюза, якія выступалі на сходах, выказвалі нямала крытычных заўваг, прапаноў, вялі сур’ёзную размову аб нявыкарыстаных рэзервах і недахопах. Часцей за ўсё агучваліся праблемы нізкай заработнай платы, дадатковых адпачынкаў, ацяплення і ўтрымання аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння.

На пасяджэннях прэзідыўма райкама разглядаліся пытанні выканання працоўнага заканадаўства, аховы працы, вытворчага траўматызму, маладзёжнай палітыкі, арганізацыі аздараўлення членаў прафсаюза і іх дзяцей, планавання работы і навучання прафсаюзнага актыву, арганізацыі працоўных спаборніцтваў.

Паводле слоў Алены Забаронак, важную ролю ў дзейнасці райкама ў справаздачны перыяд займала работа па захаванню прафсаюзнага сяброўства і ўключэнню ў прафсаюз новых членаў. Яе вынікам стала тое, што ў працэсе аптымізацыі ўстаноў культуры не зменшылася колькасць членаў прафсаюза. Сёння імі з’яўляюцца 91,8 працэнта работнікаў галіны.

Гаворачы пра абарону правоў і інтарэсаў работнікаў праз выкананне калектыўных дагавораў, выступоўца, у прыватнасці, зазначыла:

— Усе мы выдатна разумеем, што толькі стабільны фінансава-эканамічны стан нашых арганізацый, прадпрыемстваў, здольнасць працаваць прыбыткова і рэнтабельна дасць магчымасць папоўніць сацыяльны пакет для кожнага работніка. А гэта залежыць ад стану працоўнай, тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны. Логіка тут абсалютна простая: каб жыць лепш, трэба працаваць лепш і больш якасна…

Таксама ў дакладзе ішла гаворка пра тое, што ў справаздачны перыяд прафсаюз надаваў вялікую ўвагу арганізацыі карыснага адпачынку, здароваму ладу жыцця. “Пярвічка” бібліятэчных работнікаў, супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея ладзяць паездкі па гістарычных і памятных мясцінах Беларусі, спалучаючы экскурсіі з абменам вопытам у іншых рэгіёнах. Штогод зборная каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выступае на раённай лыжні, турзлётах. Актыўныя ўдзельнікі гэтых спаборніцтваў прэміруюцца са сродкаў райкама прафсаюза.

У пастанове канферэнцыі, якая прынята па выніках абмеркавання справаздачы райкама прафсаюза адзначана, што ў яго дзейнасці назіралася ўдасканаленне стылю, формаў і метадаў работы. Гэта дазволіла развіваць актыўнасць пярвічных прафсаюзных арганізацый у вырашэнні сацыяльных пытанняў, сцвярджэнні прынцыпаў сацыяльнага партнёрства, рэалізацыі ахоўнай функцыі прафсаюза. Разам з тым, звернута ўвага на неабходнасць у далейшым працаваць над павышэннем якасці калектыўных дагавораў, рэгулярным кантролем за выкананнем прадугледжаных у іх мерапрыемстваў, больш увагі надаваць пытанням прафілактыкі захворванняў, адпачынку членаў прафсаюза, праблемам моладзі, ажыццяўленню прытоку маладых кадраў у прафсаюз.

Канферэнцыя прызнала работу райкама прафсаюза за справаздачны перыяд здавальняючай і акрэсліла прыярытэтныя накірункі прафсаюзнай дзейнасці. Сярод іх –арганізацыйнае і фінансавае ўмацаванне арганізацыі, прыняцце неабходных мер па ўзмацненню абароны правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, забеспячэнне грамадскага кантролю за станам аховы працы, далейшае развіццё сацыяльнага партнёрства на аснове пагадненняў і калектыўных дагавораў.

На канферэнцыі зацверджана справаздача рэвізійнай камісіі, адбыліся выбары членаў райкама прафсаюза і рэвізійнай камісіі.

Старшынёй раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў культуры на новы тэрмін пераабрана Алена Забаронак. Яна, а таксама намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Качановіч абраны дэлегатамі  на Мінскую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю работнікаў культуры.

І.УЛАДЗІМІРАЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *