Вынікі работы падвяла раённая арганізацыя саюза жанчын

Общество

У зале — адны жанчыны. Паспяховыя, таленавітыя, актыўныя. У іх розныя прафесіі,  захапленні, інтарэсы. Але ўсе яны аб’яднаны адной мэтай — павысіць ролю жанчыны у грамадскім, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці, абараніць яе правы і інтарэсы.

На гэтым тыдні раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», у радах якой сёння больш за трыста жанчын, аб’яднаных у 24 пярвічныя арганізацыі, правяла справаздачны сход.  Старшыня арганізацыі Ала Шахоцька, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і  ідэалагічнай рабоце, адзначыла найбольш значныя падзеі  з удзелам жанчын у бягучым годзе:   у акцыях «Беларусь — утульны дом», «Здаровая сям’я — моцная дзяржава», «Жанчыны супраць п’янства жанчын», у конкурсах  «Уладар вёскі», «Лепшая шматдзетная сям»я», у мерапрыемствах, прысвечаных Дню сям’і, Тыдню маці, Дню пажылых людзей, Міжнароднаму жаночаму дню. Пры падтрымцы спонсараў у рамках акцыі «Нашы дзеці» уручаны 10 падарункаў дзецям з неблаганадзейных сем’яў, адной шматдзетнай сям»і — камп»ютар. Члены пярвічных арганізацый з»яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх выбарчых кампаній,  святочных мерапрыемстваў, працоўных акцый, прафілактычных мерапрыемстваў. Па словах Алы Шахоцька, асаблівая ўвага  за справаздачны перыяд была засяроджана на пытаннях аховы мацярынства і дзяцінства, выхаванні моладзі на культурных традыцыях і каштоўнасцях, прапагандзе здаровага ладу жыцця.  У полі зроку былі таксама дзеці-сіроты, шматдзетныя маці, пажылыя людзі. «Сацыяльны дабрабыт гэтай катэгорыі насельніцтва, — зазначыла старшыня, —  доказ стваральнай сілы жанчыны.»

Ала Шахоцька звярнула ўвагу на той факт, што сёлета  Чэрвеньская раённая арганізацыя атрымала статус юрыдычнай асобы з правам адкрыцця разліковага рахунку. Усе юрыдычныя працэдуры правяла актыўны член арганізацыі Любоў Джафарава, якая і атрымала права стаць яе казначэем.

Знаходзіць адказы  на шматлікія пытанні члены арганізацыі стараюцца разам. Бо галоўны прынцып работы жаночага саюза ў тым, што жанчына можа і абавязана  быць ініцыятарам і арганізатарам усіх самых важных спраў, не заставацца ў баку ад палітычных падзей, садзейнічаць у ажыццяўленні важных дзяржаўных праграм, у рашэнні сацыяльных пытанняў і праблем у раёне.

Поле дзейнасці шырокае, і актывісты раённай арганізацыі ўпэўнены, што іх неабыякавы  жаночы погляд на праблемы, а іншы раз і ўмяшальніцтва ў іх вырашэнне, дапаможа зрабіць наша жыццё  больш спакойным і стабільным.

На сходзе таксама былі  абмеркаваны і  арганізацыйныя пытанні — аб сумме членскіх узносаў і вылучэнні кандыдатур для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года 2014».

Людміла РАБЕЦКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *