Сёння ў Чэрвені праходзіць VIII справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

Общество

На канферэнцыю абрана 70 дэлегатаў. Падчас форуму будуць абмеркаваны вынікі працы райкама прафсаюза работнікаў АПК і рэвізійнай камісіі за 5 гадоў. З дакладамі па гэтых пытаннях выступяць старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская і старшыня рэвізійнай камісіі Таццяна Алейнік.

Таксама на парадку дня канферэнцыі — выбары новага складу райкама прафсаюза і рэвізійнай камісіі. Таксама будуць абраны старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК і дэлегаты на VIII справаздачна-выбарную канферэнцыю Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

 

Гавораць дэлегаты VIII справаздачна-выбарнай канферэнцыі Чэрвеньскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

 

Тамара САКАЛОЎСКАЯ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

Справаздачны перыяд стаў для прафсаюзных арганізацый раёна не толькі перыядам напружанай працы па выкананню асноўных накірункаў дзейнасці галіновага прафсаюза на 2010-2015 гады. Ён стаў перыядам глыбокага разумення таго, што толькі канкрэтныя, рэальныя справы, вырашэнне галоўнай на сённяшні дзень задачы — абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў чалавека, арганізацыйнае і фінансавае ўмацаванне прафарганізацый, далейшае павышэнне статусу работнікаў, стварэнне сістэмы эфектыўнай прававой і эканамічнай абароны правоў і прафесійных інтарэсаў членаў прафсаюза будуць працаваць на яго аўтарытэт.

Сённяшняя прафсаюзная канферэнцыя з’яўляецца завяршальным этапам справаздачна-выбарнай кампаніі ў пярвічных арганізацыях. Адпаведныя сходы прайшлі ва ўсіх 109 прафгрупах і 35 «пярвічках» на добрым арганізацыйным узроўні, пры актыўным абмеркаванні справаздач прафкамаў і рэвізійных камісій. Падчас іх аналізавалася работа ўсіх выбарных органаў, абмяркоўваліся надзённыя пытанні жыццядзейнасці калектываў, была дадзена аб’ектыўная ацэнка ўсяму, што ўдалося дасягнуць. Вызначаны і пастаўлены новыя задачы.

За справаздачны перыяд ўся работа пярвічных прафсаюзных арганізацый была накіравана на паляпшэнне ўмоў жыцця работнікаў, удасканаленне аплаты працы, забеспячэнне сацыяльных гарантый, стварэнне бяспечных умоў працы, абарону прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў. Аналізуючы правядзенне справаздачна-выбарнай кампаніі можна сказаць, што, нягледзячы на эканамічныя і фінансавыя цяжкасці, прафсаюзныя камітэты здолелі  стрымаць сацыяльную напружанасць, не дазволілі паменшыць гарантыі, ільготы, выплаты па калектыўных дагаворах, захаваўшы на ранейшым узроўні, а недзе нават павялічыўшы сацыяльны пакет.

У перыяд правядзення справаздач і выбараў у пярвічных прафсаюзных арганізацыях усе прафкамы атрымалі здавальняючую адзнаку працы. На сходах людзі з удзячнасцю казалі пра тое, што прафсаюз узяў на сябе рашэнне многіх пытанняў жыццядзейнасці калектываў. Разам з тым, выказвалася і нямала крытычных заўваг, прапаноў, ішла сур’ёзная размова пра нявыкарыстаныя рэзервы і недахопы.

У ходзе справаздачнай кампаніі адбылося абнаўленне кадраў прафсаюза. У пярвічных прафсаюзных арганізацыях пераабрана 9 старшыняў (25,7 працэнта ад агульнай колькасці). Усе кіраўнікі прафсаюзных камітэтаў абраны адкрытым галасаваннем.

Зараз надышоў час рэалізацыі крытычных заўваг і прапаноў. І ад таго, як зможа прафкам адрэагаваць на іх, залежыць яго аўтарытэт.

Аляксандр ШУЛЬСКІ, загадчык малочнатаварнага комплексу «Любішына» эксперыментальнай базы «Натальеўск»:

Лічу, што прафсаюзы на месцах сёння павінны працаваць у цеснай узаемасувязі з кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак, ідэалагічнымі работнікамі, падтрымліваць, прыслухоўвацца да меркаванняў адзін аднаго. Бо мэта ў нас агульная — абарона сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў. У аснове працы ляжыць чалавек і мы павінны рабіць усё для яго дабрабыту.

Ад прафесіяналізму прафсаюзных работнікаў залежыць атмасфера ў працоўным калектыве. Мы разам павінны імкнуцца да таго, каб гэтая атмасфера была камфортнай.

Кіраўніку гаспадаркі складана дайсці да кожнага работніка, паглядзець у якіх умовах ён жыве, як адпачывае, ці ў парадку ў яго дзеці. Для гэтага ёсць старшыня прафкама і ідэолаг. Гэтыя два лідэры павінны быць сувязным звяном паміж кіраўніком і работнікамі, тады будуць у нас і вынікі, і настрой людзей на больш прадукцыйную працу.

Што тычыцца нашай гаспадаркі, то яе дырэктар Алена Эдуардаўна Махнач  прайшла школу прафсаюзнага лідэра і добра памятае, як даводзілася быць  старшынёй прафкама на грамадскіх пачатках. З такім кіраўніком лёгка працаваць, бо яна ведае, што такое калектыўны дагавор, як падрыхтаваць і правесці тое ці іншае мерапрыемства…

Стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы на рабочых месцах — адна з найбольш важных задач наймальніка і прафсаюзнага камітэта. Для гэтых мэтаў у структурных падраздзяленнях нашай гаспадаркі абсталяваны куткі па ахове працы. Штодня перад пачаткам рабочага дня, а ў некаторых выпадках падчас і пасля яго заканчэння, праводзіцца прыборны кантроль стану вадзіцеляў і механізатараў на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення і як, паказвае практыка, у нас няма выпадкаў парушэння працоўнай дысцыпліны на вытворчасці. У нашым працоўным калектыве (прафгрупе) абраны грамадскі інспектар па ахове працы, які ажыццяўляе пастаянны кантроль на падведамным яму ўчастку, выяўляе і папярэджвае парушэнні нарматыўных патрабаванняў. Кожную першую сераду месяца ў структурных падраздзяленнях праводзіцца «Дзень аховы працы», як дадатковае мерапрыемства да штодзённай работы па ахове працы і адзін з найбольш эфектыўных спосабаў кантролю за выкананнем заканадаўства ў гэтай галіне. Усе прынятыя на працу работнікі своечасова праходзяць медыцынскі агляд, з імі праводзяцца інструктажы і праверка ведаў, выдаюцца сродкі індывідуальнай абароны і гігіены.

Сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што калі да кіраўніка, у прафсаюзны камітэт прыходзяць работнікі са сваімі пытаннямі —  гэта вельмі добра. Значыць, у кожнага з нас ёсць упэўненасць у тым, што будзе аказана дапамога ў вырашэнні надзённых праблем. Значыць, прафсаюзная арганізацыя неабходная, запатрабаваная і жыццяздольная.

Марыя ШКАПЦОВА, інжынер па ахове працы КСУП «Ганута-агра», старшыня прафкама гаспадаркі:

Папрацаваўшы на прафсаюзнай пасадзе не адзін год, выразна бачу і разумею важнасць і значнасць гэтай работы. Сёння старшыня прафкама ў сельскагаспадарчай арганізацыі — гэта не толькі прадстаўнік інтарэсаў працоўнага калектыву, але і яе работнік, які з ранняй вясны і да позняй восені працуе па 10 гадзін, без выхадных і святаў. Магчыма таму не заўсёды і не ўсюды паспяваеш, і за дробнай руціннай працай упускаеш штосьці важнае.

А праблем у нас хапае. І вырастаюць яны, часам, на роўным месцы. Тады і ўсведамляеш, што, звярнуўшы ўвагу на пэўную праблему крыху раней, можна было згладзіць яе вострыя грані. Таму сёння вельмі важна, каб прафсаюзны работнік не толькі выказваў пазіцыі і настроі калектыву, але і прадбачыў магчымыя канфлікты і спрэчкі, стараўся іх улагодзіць.

Яшчэ адной з важных праблем у сельскай гаспадарцы з’яўляецца недахоп кваліфікаваных кадраў. Зараз не кожны механізатар або даярка могуць даць рады сучаснай тэхніцы, а моладзь, якая ведае гэтыя машыны, неахвотна сядае ў кабіну новага трактара, становіцца за пульт кіравання даільнай устаноўкі. І адна з прычын у тым, што працаваць, як правіла, даводзіцца на адкрытым паветры. Вясной гэта сырасць і слата, летам — спякота і пыл. Не заўсёды ў такіх умовах выпадае стварыць камфортныя, ці хаця б збольшага прымальныя ўмовы для работнікаў. Таму і не затрымліваецца ў нас моладзь. Не зацікавіць яе ні бясплатным жыллём, ні матэрыяльнымі заахвочваннямі. Таму для прафсаюза вельмі важнай павінна стаць работа з маладымі спецыялістамі. Прыходзячы на першае месца працы, малады чалавек мае сваё, як правіла далёкае ад рэальнасці ўяўленне аб працы ў сельскагаспадарчай арганізацыі, аб калектыве і наогул — аб жыцці ў сельскай мясцовасці. І першым, хто павінен яго пачуць, зразумець і даць слушную параду абавязаны стаць старшыня прафсаюзнай арганізацыі. Бо не шмат часу і тым больш сродкаў трэба для таго, каб даведацца, як уладкаваўся чалавек на новым месцы, кім ён сябе бачыць у новым калектыве, у якой дапамозе мае патрэбу.

Не менш важным лічу таксама пытанне калектыўна-дагаворных адносін. У цяперашні час калектыўны дагавор прадугледжвае нямала льгот па параўнанні з працоўным кодэксам і іншымі прававымі дакументамі. Аднак уступленне ў сілу кантрактнай сістэмы найму зводзіць да нічога яго станоўчыя бакі. Бо сёння наймальнік мае права звольніць работніка па заканчэнню тэрміну дзеяння кантракту без указання якіх-небудзь прычын, часам карыстаючыся асабістай непрыязнасцю, ці, яшчэ горш, з-за таго, што ён дасведчаны і адстойвае свае правы. А прафсаюз у гэтай сітуацыі бездапаможны.

У многіх арганізацыях у кантракты, нібыта для іх большай прывабнасці, уключаюць усе, ці амаль усе ільготы, прадугледжаныя калектыўным дагаворам. А ў дадатак да гэтага — пункты, па якіх работнік можа пазбавіцца льготаў. Падпісваючы такі кантракт, работнік ставіць сябе ў незразумелае становішча. Атрымліваецца, што льготы, прадугледжаны калектыўным дагаворам, а пазбавіцца іх можна не выканаўшы адзін з пунктаў кантракту. Аднак, нягледзячы на гэта, і дзякуючы раённай прафсаюзнай арганізацыі, многія вострыя пытанні па калектыўных дагаворах удаецца вырашаць. Гэтаму нас рэгулярна вучаць на семінарах, дзе можна атрымаць канкрэтны адказ кампетэнтных спецыялістаў на любое пастаўленае пытанне.

Інга САФАРЭВІЧ, аператар машыннага даення кароў ААТ «Запольскае:

Я працую на ферме ўжо амаль дзесяць гадоў.  Крызіс, праблемы ў эканоміцы, выплаце заработнай плаце, непад’ёмныя цэны на  запчасткі, паліва, недахоп свабодных грашовых сродкаў цяжарам леглі на нашы сельскагаспадарчыя арганізацыі і на ўсіх нас, асабліва простых работнікаў.

Гэта вельмі прыкметна і адчувальна: штодня бачым разгубленасць кіраўніка і спецыялістаў, чуем на пастаўленыя пытанні адказ: «У гаспадарцы няма грошай». А адкуль жа ім быць, калі малако мы прадаём па цане 4 мільёны 258 тысяч за тону, а пасля перапрацоўкі яно каштуе ў некалькі разоў даражэй. Збожжа прадалі па 2 мільёны 310 тысяч рублёў за тону, камбікорм купляем па 3 мільёны 897 тысяч рублёў і больш. Цэны на мясапрадукты ў пяць разоў большыя, чым мы прадаём жывёлу…

Заработная плата работнікаў перапрацоўчых прадпрыемстваў вышэй у тры разы, чым у нас, простых вясковых працаўнікоў, і, да таго ж, нельга параўноўваць умовы працы. Сярэднямесячны заробак у нашай гаспадарцы за 10 месяцаў склаў 3 мільёны 239 тысяч рублёў. Самы высокі ён — у механізатараў — 4 мільёны 489 тысяч рублёў, самы нізкі — у вартаўніка, рабочых паляводчай брыгады (даплата да мінімальнай заработнай платы). Кажучы пра гэта, хачу звярнуцца да ўсіх прафсаюзных лідэраў. У вас павінна быць вызначана выразная пазіцыя і стратэгія: не закрывацца ў шкарлупіне, не баяцца, а, наадварот, смялей сустракацца з людзьмі, весці з імі дыялог, і адначасова дамагацца ад улады вырашэння пытанняў сацыяльна — эканамічнай абароны работнікаў. У іншым выпадку мы можам застацца без падтрымкі сваіх членаў прафсаюза.

Пункт 1 прафсаюзнага Статута абвяшчае, што прафсаюз — добраахвотная грамадская арганізацыя. Прымусіць быць у ім мы не маем права. Толькі сваёй дзейнасцю, перакананнем, накіраванай матывацыяй, можна захаваць сяброўства ў прафсаюзнай арганізацыі, удасканальваць і ўмацоўваць яе.

Як у сучасных умовах дамагчыся гэтага? Найперш, павінен у поўнай меры працаваць прынцып салідарнасці: падтрымка адзін аднаго, узаемадапамога ад радавога члена прафсаюза да прафсаюзнага лідара.

У прыклад я хачу прывесці работу раённага камітэта прафсаюза. У любы час года яго старшыня з намі: на полі і ферме, у майстэрні і на сходзе. Часта даводзіцца чуць ад калег: «Паедзем да Сакалоўскай вырашаць пытанні» , «Патэлефануем у райкам прафсаюза»… Гэта значыць, што арганізацыя жыве, з ёй лічацца, пра яе ведаюць людзі.

 

Матэрыялы да прафсаюзнай канферэнцыі

падрыхтаваў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *