«Памяццю маіх продкаў дыхаю і жыву»

Общество

Гэты артыкул Тамары Міхайлаўны Ігнатовіч узрушыў мяне да глыбіні душы. Як на далоні паўстала  незабыўнае школьнае жыццё, якое я правяла ў Велікапольскай сярэдняй школе. Менавіта ў тыя гады (1953-56 гг.) працавалі бацькі Тамары Міхайлаўны. Добрым словам узгадваю яе маці Наталлю Ермалаеўну, якая выкладала ў нашым выпускным класе геаграфію. Дзякуючы яе ўмеламу тлумачэнню той ці іншай тэмы, скарыстоўванню рознага дыдактычнага матэрыялу, мы мелі ўяўленне аб розных частках зямнога шару, у думках і марах пабывалі ў розных гарадах і мясцінах нашай краіны. Лепшыя вучні маглі правесці завочную экскурсію па цікавых мясцінах нашай радзімы, скарыстоўваючы альбомы, карціны, карту і іншыя дапаможнікі. Хачу зазначыць, што карту амаль усе вучні ведалі, як кажуць, назубок.

У памяці ўсплылі і іншыя настаўнікі-прадметнікі: Гук Мікалай Пятровіч — дырэктар школы, гісторык; Абрамава Маргарыта Міхайлаўна — завуч, фізік; Парцянка Кацярына Мікалаеўна — матэматык; Глушаніца Дыяна Іванаўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры; Дзерах Вольга Пракопаўна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры;  Пікус Блюма Абрамаўна — настаўніца нямецкай мовы.

Вельмі запомніўся выкладчык працы Ладуцька Іван (па бацьку не памятаю). Гэта просты механізатар, з дапамогай якога мы вывучалі трактар. Яго прадмет любілі і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Выдатна ведалі ўсе запчасткі да трактара, для чаго яны існуюць… З нецярпеннем чакалі практычных заняткаў, калі з дапамогай настаўніка мы маглі паруляваць па вялікім школьным двары.

Многіх з настаўнікаў ужо няма ў жывых, але іх памятаюць і ўспамінаюць добрым словам многія выпускнікі.

Артыкул Тамары Міхайлаўны Ігнатовіч вельмі павучальны. Ён прасякнуты любоўю і павагай да сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Ён вучыць, як патрэбна ўшаноўваць памяць родных людзей.

Нізкі паклон Тамары Міхайлаўне за тое, што яна на старонках  нашай любімай раёнкі ўзняла такую важную тэму.

 

Рэгіна Шалупенка, в. Рэчкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *