Наталліна шчасце

Общество

Наталля Пархомчык з эксперыментальнай базы «Натальеўск» — вядомы на Чэрвеньшчыне спецыяліст. Яна — першая ў раёне даярка-васьмітысячніца, пераможца і прызёр раённых конкурсаў аператараў машыннага даення кароў.

Але сёлетняе прафесійнае свята Наталля сустракае не на працы. І нагода для гэтага — самая што ні на ёсць прыемная: роўна месяц таму ў сям’і Пархомчыкаў нарадзілася трэцяе дзіця, дачушка Дзіяна.

Наталля прызнаецца, што для яе гэта — двайная радасць, бо даўно марыла пра дзяўчынку. З захапленнем сустрэлі з’яўленне на свет сястрычкі пятнаццацігадовы Антон і трынаццацігадовы Мікіта. У вольны ад вучобы і падрыхтоўкі ўрокаў час хлопцы літаральна не адыходзяць ад маленькага дзіва.

— Я шчаслівая, — гаворыць Наталля. — Шчасце — гэта наша дружная, цяпер ужо шматдзетная сям’я. Дзеці, клопаты пра якіх заўсёды прыемныя. Каханы муж Дзіма, увагу і падтрымку якога адчуваю заўсёды.

Шчасце — гэта мая свякроў Ганна Міхайлаўна. Дай Бог кожнай нявестцы такую! Як толькі выхадны — яна ў нас. І з унучкай пасядзіць, і булак смачных напячэ, і добрым словам, парадай дапаможа.

Шчасце — гэта ўтульная кватэра, якую выдзеліла гаспадарка, і ў якой неўзабаве зробіць свае першыя крокі наша дачушка — новая жыхарка вёскі Любішына.

Шчасце — гэта любімая праца і стабільны заробак. Пайшла ў дэкрэтны адпачынак, а думкамі ўвесь час была на сваёй ферме. Хвалявалася: як там без мяне мае рагулі. За ўсё, што дасягнула ў прафесіі, я шчыра ўдзячная нашаму дырэктару Алене Эдуардаўне Махнач. Як вопытны кіраўнік, яна ўмее знайсці свой падыход да кожнага работніка. Асабіста мне яе па-сапраўднаму мацярынскі клопат вельмі дапамагае ў працы.

Вось такога шчасця я жадаю ўсім сваім калегам!

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *