Школа на колах

Общество

Ажыўлена і шматлюдна было ў сераду на пляцоўцы ля чэрвеньскай гімназіі. Сюды завітаў расійскі аўтобус-трэнажор «Школа дарожнай бяспекі».

Прыезд гэтага ўнікальнага перасоўнага вучэбнага класа на колах стаў цэнтральнай падзеяй маштабнага мерапрыемства для вучняў гарадскіх школ у рамках абласной прафілактычнай акцыі «Дзіця — галоўны пасажыр», ініцыятарамі якой выступілі Дзяржаўтаінспекцыя ўпраўлення ўнутраных спраў і упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама. Ад раніцы і да абеду групы школьнікаў, змяняючы адна адну, заходзілі ў аўтобус, каб замацаваць атрыманыя раней асновы бяспекі дарожнага руху.

Незвычайныя заняткі, якія наведалі больш за 300 чалавек, праводзіліся ў гульнявай форме — праз пытанні і адказы, дэманстрацыю навучальных мультфільмаў. Дзякуючы адмысловай канструкцыі крэслаў аўтобуса, кожны юны пасажыр на сабе адчуў дзеянне рамянёў бяспекі пры дарожнай аварыі ці рэзкім тармажэнні. У момант «тармажэння» рамяні ўтрымалі ад падзення ўсіх, акрамя манекена Вані, які не прышпіліўся. А тыя, хто наведаў аўтобус у апошняй групе, на практыцы даведаліся, як пакідаць транспартны сродак пры яго ўзгаранні: адмысловы генератар рэалістычна зымітаваў задымленне салону.

Падчас акцыі былі наладжаны і іншыя мерапрыемствы. На сцэне актавай залы гімназіі выступіла агітбрыгада юных інспектараў дарожнага руху СШ №2 Чэрвеня. Дзеці з цікавасцю аглядалі выставу спецсродкаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні органаў унутраных спраў і Дзяржаўтаінспекцыі ў прыватнасці, адказвалі на пытанні віктарыны, паказвалі сваё майстэрства ў фігурным ваджэнні веласіпеда. Вучні трэцяй гарадской школы запрасілі ўсіх у імправізаваны музей Правілаў дарожнага руху. Жадаючыя мелі магчымасць пасядзець за рулём міліцэйскай машыны.

На памяць пра акцыю, добры арганізацыйны ўзровень якой забяспечылі Дзяржаўтаінспекцыя Чэрвеньскага РАУС, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у яе ўдзельнікаў засталіся сувеніры і прызы: флікеры, магніты на халадзільнік, маляўнічыя памяткі па Правілах дарожнага руху. Далучылася да мерапрыемства і прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Чэрвеньскаму раёну. У прыватнасці, намеснік яго дырэктара Алена Ільмоўская і начальнік сектара Анатоль Ульянаў уручылі пераможцам віктарыны шакаладкі і святловяртальныя элементы з эмблемай сваёй арганізацыі.

— Правядзенне гэтай акцыі стала магчымым, дзякуючы дамоўленасці паміж Міністэрствамі ўнутраных спраў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, — распавёў начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УСС Мінаблвыканкама Алег Цюрын. — І мы вельмі ўдзячныя за падтрымку расійскім калегам. Аўтобус-трэнажор «Школа дарожнай бяспекі», які праехаў амаль па ўсіх райцэнтрах Міншчыны, не абмінуўшы Чэрвень, адзіны такі на пастсавецкай прасторы і адзін з трох у свеце. Вельмі хацелася б, каб з цягам часу займелі такі і ў нашай краіне. Шчыра спадзяюся, што акцыя паспрыяе паляпшэнню сітуацыі з дарожна-транспартным траўматызмам у рэгіёне.

— Вельмі важна, што дзеці атрымалі магчымасць наглядна, на практыцы пераканацца, што грэбаванне Правіламі дарожнага руху прыводзіць да сумных вынікаў, — зазначыў начальнік ДАІ Чэрвеньскага РАУС Аляксандр Івашкевіч. — Мяркую, што гэты ўрок застанецца ў іх памяці на доўгія гады.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *