90-гадовы юбілей з удзячнасцю сустракае…

Общество

Ажно не верыцца, што гэтай невысокай абаяльнай жанчыне споўнілася столькі гадоў! І хаця нямала выпрабаванняў выпала на долю Веры Максімаўны Трапашка, не скардзіцца на лёс. Усяго хапала на жыццёвым шляху. Асабліва цяжка далося пахаванне дваіх сыноў… І зараз слёзы на вачах Веры Максімаўны. Але ж ёсць яшчэ сыны, дачка, нявесткі, зяць, ўнукі і праўнукі… Гэта — найлепшае багацце, як лічыць яна сама. Здавалася б, самой ужо неабходны і дапамога, і падтрымка… Але не хоча няўрымслівая жанчына, каб хтосьці яе апякаў, дапамагаў, яшчэ сама, каму хочаш, дапаможа. Вось і зараз не застала Веру Максімаўну ў сваёй хаце. Як пяецца ў вядомай песні «…Старасць яе дома не застане…». Знайшла ў доме старэйшай нявесткі Таццяны ў вёсцы Астравы. І ведаеце за якім заняткам? Даглядала маленькую праўнучку Палінку, якая крыху прыхварэла, не пайшла ў садзік. Бабуля і мама  на рабоце, дык Вера Максімаўна засталася з дзяўчынкай. Умее яна з дзецьмі ладзіць. Яшчэ ў юнацтве давялося даглядаць чужых дзяцей…

Нарадзілася Вера Максімаўна 12 кастрычніка 1924 года на Чэрвеньшчыне ў вёсцы Ачыжа. Бацькі — Анастасія Трафімаўна і Максім Іванавіч Кіклевіч працавалі на зямлі. У сям’і было 11 дзяцей: сем хлопчыкаў і чатыры дзяўчынкі. Вера была апошнім дзіцем. Сясцёр ужо няма. Браты паўміралі ў дзяцінстве, застаўся ў жывых толькі адзін — Максім з 1919 года нараджэння.

— Здольны быў хлопчык, — прыгадвае Вера Максімаўна, — вучыўся добра, скончыў дзесяцігодку, служыў у войску пры штабе пісарам ў Маскве. Загінуў падчас вайны. Не захавалася ніякіх дакументаў, ні фотаздымкаў, усё згарэла. Засталася адна яго фатаграфія ў  яго сяброўкі з дзяцінства, яна нам яе і падаравала.

У вайну жылі ў лесе ў зямлянках. Страшна было… Немцы рабілі аблавы на жыхароў. Аднойчы маладых жанчын, дзяўчат і юнакоў схапілі, пасадзілі ў машыну для адпраўкі ў Германію, а старых, малых сагналі ў хлеў, накідалі саломы, нечым аблілі і падпалілі… Тады чамусьці адчынілі дзверы і выпусцілі, загадалі бегчы ў лес. Нацярпеліся жаху… Многіх сваіх вяскоўцаў і суседзяў, старых і малых, нежывымі бачыла… Бацьку ледзь не забілі…

Да вайны Вера скончыла пяць класаў. Пасля вайны трэба было неяк  сябе забяспечваць, дзесьці працаваць. Уладкавалася ў Чэрвені, у чужых людзей, даглядала дзяцей у сакратара райкама партыі, прозвішча яго было Цітоў.  Гаспадар вельмі добра да яе адносіўся, як да роднай: і кармілі, і апраналі, і падарункі рабілі. Падаравалі вялікую пуховую арэнбургскую хустку. Дык маленькая дзяўчына ўся ў яе схавалася. Пасля некаторы час з гэтай сям’ёй Вера жыла ў Пухавічах, а пазней — гаспадара накіравалі на работу ў Пензу. І Веру звалі з сабой. Яна так прывыкла да іх сям’і, што згодна была і ў Пензу ехаць, але маці яе не пусціла. Вярнулася ў Чэрвень. Тут таксама дапамагала па гаспадарцы ў Дудзіных. Потым працавала ў сталовай кухоннай рабочай. Тут ў Чэрвені і пазнаёмілася з будучым мужам Яўгенам Рыгоравічам Трапашкам. Ён, як потым расказваў, адразу прыкмеціў маленькую рухавую сімпатычную дзяўчыну, ды не ведаў, як да яе падысці. Дзейнічаў праз сяброўку. Падгаварыў яе пазваць Веру ў кіно. Пасля сеансу і падышоў да дзяўчыны. Пажаніліся ў 1950 годзе. Яўген працаваў у лясгасе, а пазней — у леспрамгасе загадчыкам гаспадаркі. Першынец Валодзя нарадзіўся ў 1951 годзе. Будавалі дом самі ў  Чэрвені на вуліцы Караленкі. Сям’я з часам пабольшала. Нарадзіліся яшчэ сыны — Мікалай, Аляксандр, Міхаіл, дачка Алена і сын Сяргей.

Як спраўлялася гэта маленькая жанчына і нагатаваць на такую вялікую сям’ю, і бялізну памыць, і прыбраць, і ў агародзе пашчыраваць, застаецца толькі здагадвацца. Вера ж не сядзела дома. Увесь час працавала: у бальніцы на кухні, санітаркай, прыбіральшчыцай у магазіне, нянечкай у дзіцячым доме (ажно сорак гадоў!), прыбіральшчыцай у рэдакцыі. Дзеці, як падгадаваліся, дапамагалі хатнія справы парабіць. Глядзелі, як працуюць бацькі, і самі многаму ад іх навучыліся. У дзяцей Веры Максімаўны таксама вялікія сем’і: напэўна паўплываў прыклад бацькоў — утульна было гадавацца ў роднай вялікай сям’і. На ўсіх дзяцей — 15 унукаў і 15 праўнукаў!

— Добрыя ў мяне сыны, — гаворыць Вера Максімаўна, — дапамагалі і дапамагаюць мне заўсёды, па гаспадарцы ўсё ведаюць. Ні адзін ніводнага слова на павышаным тоне не сказаў мне. І зяць у мяне харошы, а нявесткі — як дачушкі. Паважаюць і шкадуюць мяне, заўсёды клапоцяцца. Добрыя ўсе, сябруюць паміж сабой, дапамагаюць адна адной…

— Яна і сапраўды нам, як мама, родны чалавек, — гаворыць нявестка Святлана. — Заўсёды падтрымае. Здарылася так, што маю маму паралізавала, і ў мяне ў той час жылі мае дзеці і маленькая чатырохмесячная ўнучка. Дзеці вучыліся, трэба ехаць на сесію, а я не магла пакінуць работу. Дык Вера Максімаўна даглядала і маю маму, і маю ўнучку… Мы ўсе вельмі рады, што ёсць у нас такая цудоўная мама, ёсць дом, дзе ўсе мы — дзеці, унукі і праўнукі збіраемся на святы: дні нараджэння, Новы год, Вялікдзень.

— Наша мама і зараз любіць завіхацца на кухні. Іншы раз прыгатуе абед і тэлефануе каму з нас: мне, або нявесткам, — гаворыць дачка Алена, — заве да сябе ў госці. Атрымліваецца, што не мы ёй дапамагаем, а яна нам.

Раней Вера Максімаўна любіла чытаць, зараз зрок стаў дрэнны, ужо не чытае. Затое часта наведваецца ў царкву, на службу,  чымсьці дапамагае, або проста памоліцца, папросіць у Бога здароўя і дабрабыту сваім дзецям, унукам і праўнукам…

Лічыцца, што людзі, якія перасягнулі 90-гадовы рубеж, з’яўляюцца доўгажыхарамі. У чым сакрэт, пытаюся ў Веры Максімаўны, яе даўгалецця?

— Тата мой пражыў 87 гадоў, а мама — 101 год, дачакалася прапраўнучку. Напэўна, спадчыннасць адыгрывае нейкую ролю… А я ўсё ж лічу, — гаворыць Вера Максімаўна, — што не трэба злавацца, зайздросціць, а трэба многа працаваць, рухацца, радавацца кожнаму новаму дню і таму, што ў цябе ёсць…

Вось такое жыццёвае крэда ў гэтай жвавай, добрай і светлай жанчыны — Веры Максімаўны Трапашка. Калектыў рэдакцыі шчыра віншуе яе з юбілеем, зычыць моцнага здароўя, бадзёрасці, шчасця яшчэ на доўгія гады…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА,

фота аўтара: з праўнучкай Палінай

 

Вере Максимовне ТРОПАШКО

в день юбилея!

Мама, бабушка, любимая родная,

Всех на свете лучше и добрей,

От души тебе мы пожелаем

Самых легких, самых светлых дней!

Мы все больше тебя понимаем,

Материнское сердце твое.

И от сердца тебя обнимаем:

Как нам, мама, с тобой повезло!

Спасибо милая, за всё — и за заботу,

За доброту, и ласку твоих рук.

За теплый взгляд — в любую непогоду

Он защищал от самых сильных вьюг.

Пускай же Бог тебя хранит

От зла, от бед, от всех напастей,

И пусть сопутствуют всегда

Здоровье, бодрость, счастье!

С любовью — дети, внуки и правнуки



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *