Свята з водарам хлеба

Общество

У суботу ў аграгарадку Любішына справілі раённыя «Дажынкі»

Пачаліся яны з тэатралізаванага шэсця, якое ўзначалілі міфічныя персанажы — багіня жніва і ўрадлівасці Талака і бог восені Жыцень з караваем у руках. У суправаджэнні дзяўчат у нацыянальных строях са снапамі збожжа новага ўраджаю святочнай калонай да галоўнай пляцоўкі «Дажынак» прайшлі кіраўнікі гаспадарак раёна, камбайнеры і вадзіцелі, што дасягнулі высокіх вынікаў на сёлетнім жніве.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Муха, у прыватнасці, зазначыў:

— Сёлета працаўнікі аграрнай галіны паказалі добрыя вынікі на жніве. Намалочана 86 тысяч 756 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 36,8 цэнтнера з гектара. Прыбаўка да мінулага года склала больш за 20 тысяч тон. Як вядома, эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці залежыць ад шэрагу складаемых, галоўныя з якіх — сур’ёзны падыход да выканання патрабаванняў тэхналагічных працэсаў вырошчвання зерневых, дысцыпліна і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Лічу, што зладжаная праца падчас уборачнай кампаніі гэта даказала. Раён здолеў у сціслыя тэрміны ўбраць хлеб, і за кошт абмалоту сухога збожжа знізіць выдаткі на яго дапрацоўку.

Самая высокая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур атрымана ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» — 50,1 цэнтнера з гектара (валавы збор збожжа ў гаспадарцы склаў больш за 8 тысяч тон) і СВФ «Аграбуд»- 46 цэнтнераў з гектара (валавы збор збожжа — больш за 6 тысяч тон. Найбольшы ў раёне намалот зерневых і зернебабовых культур забяспечаны ў ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс — 8 612 тон, або 163 працэнты да адпаведнага перыяду мінулага года.

Свята «Дажынкі» — вянец карпатлівай працы многіх людзей. Але галоўныя героі — камбайнавыя экіпажы.

Сёлета ўпершыню ў гісторыі Чэрвеньшчыны 48 экіпажаў за перыяд жніва намалацілі тысячу і больш тон збожжа. Найвышэйшыя ў раёне вынікі маюць Андрыян Савіч і Валерый Жаўняк  з эксперыментальнай базы “Натальеўск” — 1868 тон збожжа (без уліку рапса), Аляксандр Чычыкайла і Павел Лепеш з ААТ «10 з’езд Саветаў» — 1822 тоны,  Андрэй і Арцём Пятруша з СВФ «Аграбуд» — 1793 тоны. 38 вадзіцеляў, якія былі задзейнічаны на жніве, перавезлі ад камбайнаў больш за тысячу тон збожжа, шэсць з іх перасягнулі двухтысячны рубеж. У жніве ўдзельнічалі 20 маладзёжных камбайнавых экіпажаў, з іх 12 сталі тысячнікамі. Гэта — годная змена старэйшаму пакаленню.

Дзякуй усім за плённую працу і майстэрства, вернасць абавязку хлебароба!Словы шчырай удзячнасці — камбайнерам, вадзіцелям, машыністам зернесушылак, кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў, калектывам шэфствуючых арганізацый, работнікам, якія забяспечвалі харчаванне і медыцынскае абслугоўванне ўдзельнікаў жніва, студэнтам і навучэнцам, што прымалі ўдзел ва ўборцы ўраджаю.

Аднак нам нельга спыняцца на дасягнутым. Перад хлебаробамі раёна стаіць задача атрымаць у наступным годзе 100 тысяч тон збожжа. Упэўнены, што яна рэальна выканальная.

Эканоміка раёна, як і рэспублікі ў цэлым, адчувае ўплыў палітычных і эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. Але можна канстатаваць, што народнагаспадарчы комплекс Чэрвеньшчыны працуе дастаткова стабільна. Вытворчыя калектывы вырашаюць пастаўленыя перад імі задачы. Захоўваецца сацыяльная стабільнасць у грамадстве. Гэта ўдаецца зрабіць, дзякуючы людзям, чыя праца з’яўляецца ўзорам высокага прафесійнага майстэрства, самааддачы і творчага падыходу да працы…

Рупліўцаў жніва таксама прывітаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, старшыня пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Віктар Шчэцька. Ён падкрэсліў важкі ўклад Чэрвеньшчыны ў хлебную скарбонку краіны, пажадаў дабрабыту і росквіту нашаму рэгіёну.

Асобна адзначылі на свяце кіраўніка і спецыялістаў эксперыментальнай базы «Натальеўск», дзе сёлета хлебная ніва — самая ўмалотная ў раёне. Каштоўныя падарункі ўручылі дырэктару гаспадаркі Алене Махнач, намесніку дырэктара па вытворчасці Аляксандру Бутрымовічу і галоўнаму аграному Сяргею Бабіновічу.

У сваю чаргу гаспадары «Дажынак» паднеслі шаноўным гасцям і калектыву кожнай гаспадаркі караваі, непаўторны водар якіх стаў своеасаблівым сімвалам свята.

— Цяжка спрачацца з народнай мудрасцю, якая кажа, што хлеб — усяму галава. Без хлеба ніякія працэсы ў жыцці чалавека немагчымыя. А таму праца хлебароба — самая важная і самая значная ў грамадстве, — сказаў, выступаючы на ўрачыстасці, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Бачыла.

За добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Міншчыны ён уручыў Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта дырэктару сельскагаспадарчага філіяла «Новыя Зелянькі» ААТ «Мінскі малочны завод №1» Уладзіміру Лаўрыку, Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці Аляксандру Канапельку з ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» і Сяргею Міцкевічу з ААТ «Раванічы».

Каштоўныя падарункі атрымалі на свяце камбайнеры, якія сёлета намалацілі больш за паўтары тысячы тон збожжа: Андрыян Савіч, Ігар Балдуеў і Андрэй Тарасік з эксперыментальнай базы «Натальеўск», Аляксандр Чычыкайла з ААТ «10 з’езд Саветаў», Андрэй Пятруша, Юрый Жарабцоў і Сяргей Ларыёнаў з СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон», Дзяніс Гуськоў з ААТ «Раванічы», Дзмітрый Сергіеня з сельгасфіліяла «Новыя Зелянькі» ААТ «Мінскі малочны завод №1», Віктар Самахвал і Віктар Бурымскі з ААТ «Лядзенскі», Міхаіл Гатоўка і Аляксандр Канапелька з ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс», Дзмітрый Шчатко з ААТ «Запольскае» і Уладзімір Пачасуй з ААТ «Валевачы», а таксама вадзіцелі, якія перавезлі ад камбайнаў больш за дзве тысячы тон збожжа: Яўген Сасункевіч і Уладзімір Бандаровіч з СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон», Пётр Галубец з ААТ «Валевачы», Алег Патапішын з ААТ «10 з’езд Саветаў», Мікалай Сакун з ААТ «Запольскае» і Мікалай Чыстап’ян з ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс».

Самадзейныя калектывы раёна аздобілі ўрачыстасць канцэртнымі нумарамі. А яшчэ свята запомніцца яго ўдзельнікам прыгожым афармленнем, смачнымі пачастункамі ў нязмушанай сяброўскай атмасферы, якія прапаноўвалі на імправізаваных вясковых падворках сельсаветаў раёна.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



1 комментарий по теме “Свята з водарам хлеба

  1. Были со своими друзьями из Латвии на Дожинках у Вас. Всё очень понравилось, особенно когда выступал семейный коллектив «Живица» с Пуховичского района. Но не понравилось то, что праздник был остановлен на середине проведения мероприятия. Многие люди остались недовольны!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *