Педагогі сабраліся на форум

Общество

Праходзіла мерапрыемства ў мінулую сераду ў раённым цэнтры культуры і адпачынку. З дакладам выступіла начальнік аддзела адукацыі Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Асановіч. Яна распавяла пра вынікі работы раённай сістэмы адукацыі ў мінулым навучальным годзе. У прыватнасці адзначыла, што дашкольнае выхаванне забяспечваюць кваліфікаваныя кадры. Вышэйшую адукацыю маюць 46 педагогаў. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 7% педагогаў, дастаткова многа выхавальнікаў з першай катэгорыяй, аднак 31% выхавацеляў не мае кваліфікацыйнай катэгорыі. У цэлым у дашкольнай сістэме раёна звыш 20 гадоў працуе 68% педагогаў. Разам з тым павялічылася колькасць працуючых педагогаў з іншымі педагагічнымі спецыяльнасцямі і колькасць педагогаў пенсійнага ўзросту.

Прафесійная кампетэнтнасць педагогаў  дасягаецца ўдзелам у метадычных фарміраваннях, семінарах, у пасяджэннях «Школы маладых педагогаў», конкурсах прафесійнага майстэрства. У апошнім званне «Выхавальнік года — 2013» атрымала Людміла Коўган, выхавальнік яслі-сада №2 г.п. Смілавічы.

У красавіку гэтага года быў праведзены фестываль творчасці «Шчаслівае дзяцінства». Арыгінальнасць музычных нумароў, творчы падыход да яго арганізацыі праявілі амаль усе дзіцячыя ўстановы горада. У мэтах прапаганды асноў бяспекі жыццядзейнасці ва ўсіх установах дашкольнага выхавання прайшлі конкурсы «Бяспечнае дзяцінства», пераможцам якіх стаў дзіцячы садок №1 г.п.Смілавічы. Гэта ж дзіцячая ўстанова заняла 4 месца ў абласным этапе конкурсу, сюжэт аб гэтым быў паказаны па сталічным тэлебачанні. У чэрвені ўсе ўстановы дашкольнага выхавання ўдзельнічалі ў конкурсе на лепшую пляцоўку для гульняў. Па яго выніках дашкольныя ўстановы в.в. Грабёнкі, Хутара, Любішына, дзіцячага садка №2 г.п.Смілавічы, санаторны дзіцячы садок №5 г.Чэрвеня прызнаны лепшымі.

Аналіз работы дашкольных устаноў паказаў, што большасць педагогаў стварае спрыяльную атмасферу ў дзіцячым калектыве. Стымулююцца і падтрымліваюцца творчыя праяўленні дзяцей.

Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці дашкольных устаноў раёна ў наступным навучальным годзе павінны стаць: удасканаленне работы па развіццю новых форм дашкольнай адукацыі, задавальненне запыту сям’і на адукацыйныя паслугі, актывізацыя работы па павышэнню адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў, выкарыстоўванне дыферэнцыраванага падыходу ў арганізацыі метадычнай работы. Неабходна працягваць работу па ўмацаванню матэрыяльнай базы дашкольных устаноў, комплексна падысці да прафарыентацыі старэйшых школьнікаў на дашкольную адукацыю.

Што тычыцца работы ўстаноў сярэдняй адукацыі раёна, то яны захавалі тэндэнцыі росту якасных паказчыкаў. Па выніках выпускных экзаменаў павысілася колькасць вучняў, атрымаўшых атэстаты асобага ўзору. Павялічылася і колькасць дзевяцікласнікаў, якія здалі экзамены на высокім узроўні. Гэтаму садзейнічалі шматлікія факультатыўныя заняткі, імі былі ахоплены 27% вучняў. Станоўчыя тэндэнцыі адзначаюцца і ў выступленнях навучэнцаў раёна ў прадметных алімпіядах, конкурсах, турнірах. У мінулым навучальным годзе вучні раёна атрымалі 178 дыпломаў, з іх 41 — міжнароднага ўзроўню, 29 — рэспубліканскага, 108 — абласнога. За гэтымі лічбамі — вялікая праца педагога і вучня і, канешне, падтрымка бацькоў.

Мінулы навучальны год быў адзначаны шэрагам поспехаў у розных накірунках развіцця адукацыі раёна. Аднак у раёне ў цэлым ў асобных ўстановах адукацыі засталіся яшчэ праблемы, якія не ўдалося вырашыць — гэта павышэнне патрабаванняў да якасці адукацыі. Яны садзейнічаюць таму, што з’яўляюцца новыя праблемы, якія неабходна будзе вырашаць у перспектыве. У новым навучальным годзе дзейнасць аддзела адукацыі неабходна накіраваць на працяг работы па павышэнню якасці адукацыі. Будзе працягвацца работа па стварэнню ўмоў для задавальнення адукацыйных запытаў вучняў і іх бацькоў праз павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў, пашырэнне сеткі факультатыўных заняткаў, выкладанне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, па стварэнню і ўкараненню інавацыйных праектаў. Неабходна далей удасканальваць работу з вучнямі, якія праяўляюць высокі інтарэс да адукацыі, стварыць рэзультатыўныя ўмовы для ўдзелу вучняў у конкурсах, алімпіядах і турнірах.

У мінулым навучальным годзе ў аб’яднаннях па інтарэсах было занята 2284 вучня. На базе ўстаноў дадатковай адукацыі  была арганізавана работа 97 аб’яднанняў для 1696 выхаванцаў. Акрамя таго, вучні наведвалі розныя аддзяленні школ мастацтваў, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, клубы і гурткі па месцу жыхарства. Ва ўстановах адукацыі былі арганізаваны аб’яднанні па інтарэсах і секцыі спартыўнага накірунку, апошніх у мінулым годзе было 48, у іх займалася 686 школьнікаў.  У спартыўнай школе займалася 284 вучня, з іх сельскіх школьнікаў — 69. Працавалі аддзяленні: вольнай барацьбы, лёгкай атлетыкі, дзюдо, самба, тэйквандо. Адкрыты 3 групы для заняткаў навучэнцаў у сельскай мясцовасці: тэйквандо, лёгкай атлетыкі і футбола.

Працягвалася работа грамадскіх згуртаванняў: БРПА, БРСМ, клуба юных выратавальнікаў-пажарных і клуба беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, атрады якіх налічваюць 346 членаў, атрады юных інспектараў дарожнага руху, якія налічваюць 190 членаў, клубаў ДСААФ, якія працавалі на базе шасці ўстаноў адукацыі (284 вучня), клуба «Факел» СШ №3 г.Чэрвеня (31 вучань), інтэлектуальных клубаў.

Вучні ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, дню ўтварэння БРПА, дастойна прадстаўлялі свае навучальныя ўстановы ў розных конкурсах «Дуэт-лідэр», «Лідэр года», конкурсе агітбрыгад. Пастаянным стала правядзенне тэматычных акцый «Клопат», «Ветэран жыве побач», «Дом без адзіноты», «Здаровы я — здаровая краіна», «Ражство», «Захавай расліну». У рамках правядзення акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» арганізоўваліся паходы, экскурсіі.

Вялікая роля ў патрыятычным выхаванні належыць музеям, дзе праводзяцца ўрокі мужнасці, тэматычныя часы, экскурсіі. Неабходна распаўсюджваць вопыт работы школьных музеяў. Вялікі інтарэс выклікае экспазіцыя, прысвечаная Хаіму Суціну, якая знаходзіцца на базе Цэнтра дзіцячай творчасці ў г.п.Смілавічы. Толькі за першае паўгоддзе гэтага года яе наведалі 775 чалавек, з іх 71 — грамадзяне іншых краін. Да юбілею стварэння Чэрвеньскага раёна і ў рамках Года гасціннасці створаны і віртуальны музей  Прасторы Хаіма Суціна, адна з рубрык якога ідзе на англійскай мове. На базе СШ №2 г.п.Смілавічы быў адкрыты музей «Гісторыя мануфактуры Беларусі», у СШ №2 г.Чэрвеня адчынены пакой касманаўтыкі.  У раёне распрацавана 18 турыстычных і 10 экскурсійных маршрутаў, з іх 5 — на ваенную тэматыку.

Парадавалі сваімі поспехамі інтэлектуалы. Каманды нашых юных інтэлектуалаў займалі розныя прызавыя месцы ў гульнях «Што? Дзе? Калі?», прымалі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па інтэлектуальных гульнях. Атрымалі 133 дыпломы абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Па выніках удзелу ў абласной  26-ай спартакіядзе школьнікаў чэрвеньская каманда перамясцілася з 8-га  месца (у папярэднім годзе) на 5-е.

Напрыканцы свайго выступлення Ларыса Асановіч павіншавала ўсіх з пачаткам новага навучальнага года, пажадала здароўя, поспехаў у працы і новых дасягненняў.

Ларыса Валянцінаўна ўручыла ўзнагароды шэрагу выхавальнікаў і настаўнікаў раёна: нагрудны знак Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі» за добрасумленную працу, творчую ініцыятыву, значны асабісты ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення Наталлі Пабойкінай, настаўніцы матэматыкі гімназіі №1; Ганаровую грамату Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі за шматгадовую працу, дасягнутыя поспехі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, прафесіяналізм — Георгію Бабічу, настаўніку гісторыі Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы (на здымку),  Алене Макась, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Валевачоўскай СШ, Таццяне Мірановіч, намесніку загадчыка яслі-сада №2 г.Чэрвеня, Людміле Няхай, загадчыцы дзіцячага садка №5, Таццяне Богдан, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Валевачоўскай СШ, Ірыне Калоша, педагогу-арганізатару Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня, Алене Жыгімонт, загадчыцы сектара выхаваўчай і фізкультурна-аздараўленчай работы раённага аддзела адукацыі.

Падзяка начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі аб’яўлена Уладзіміру Кірыльчыку, настаўніку фізкультуры Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы, Святлане Качэрскай, метадысту вучэбна-метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі, Іне Жывіцкай, вядучаму спецыялісту групы гаспадарчай падтрымкі раённага аддзела адукацыі. Наталлі Кучук, педагогу дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня.

Шэрагу настаўнікаў і выхавальнікаў раёна ўручаны Ганаровыя граматы Чэрвеньскага раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

У рабоце канферэнцыі прыняла ўдзел і выступіла намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька. Яна ўручыла шэрагу настаўнікаў і выхавальнікаў раёна, а таксама педагогам дадатковай адукацыі Падзякі і Удзячныя лісты старшыні Чэрвеньскага райвыканкама.

Да ўдзельнікаў канферэнцыі з прывітальным словам звярнуўся Віталь Труш, старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі. Ён уручыў Граматы Прэзідыума Мінскага абласнога Савета прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СШ №2 г.п.Смілавічы Галіне Асановіч і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Цэнтра творчасці г.п.Смілавічы Святлане Хасяневіч.

У новым навучальным годзе ў раёне ў сістэме адукацыі будзе працаваць  14 маладых спецыялістаў (на здымку).

Шмат добрых слоў сказалі ім на дарогу ветэраны педагагічнай працы Таццяна Андрэеўна Манжынская і Іван Уладзіміравіч Зянкевіч. Са словам у адказ выступіла малады спецыяліст Крысціна Камылевіч.

Маладыя спецыялісты ўручылі ветэранам педагагічнай працы, якія прысутнічалі на канферэнцыі, кветкі і сувеніры. А на заканчэнне ўвазе прысутных быў прапанаваны канцэрт, які зладзілі выхаванцы Цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня, вучні гімназіі №1, СШ №1 г.п.Смілавічы, Раваніцкай і Запольскай школ.

Падрыхтавала

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *