Жаночы подзвіг Таццяны Шпак

Люди и судьбы

Цяжка абапіраючыся на мыліцы, Таццяна дайшла да кухні. Што прыгатаваць, чым парадаваць сёння сваіх родных? Прыйдзе з работы Саня, прыедзе дачка з дзецьмі, мо зойдзе сын, ці забягуць яго дачушкі. Ды і зяць Андрэй павінен прыехаць з рэйса. Так і мінаюць дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам…

Зусім не радасныя ўспаміны пра дзяцінства. Не разумела дзяўчынка Таня, чаму ў яе не такія роўненькія ножкі, як у сябровак. Маці казала, што захварэла яе дачушка ў дзесяць месяцаў. Такая хвароба скасіла яшчэ шмат каго з дзяцей у Чэрвені. Якраз у гэтым жа, 1945 годзе, вынайшлі вакцыну супраць паліаміеліту, але да нашага горада яна яшчэ не дайшла. А сяброўкі завуць: «Выходзь, Танька!» І пабеглі гуляць ці ў штандара, ці ў лапту, ці ў хованкі. Не тое каб адстаць, а яшчэ наперадзе бегла Таццяна! Усімі кіравала, і сяброўкі слухаліся яе.

Потым была школа. Маці зімой вазіла на саначках, а вясной і восенню вадзіла за ручку, несла партфель.

Ішлі гады, дзяўчына падрастала, прыгажэла. Толькі ад хваробы не было ратунку. Не дапамагло ні хірургічнае, ні шматлікае санаторнае лячэнне. Пратэз — на ўсё жыцццё. Гэта была першая старонка жыцця Таццяны.

 

Другя старонка — Саня

Ён з’явіўся ў жыцці Таццяны, калі яна перайшла ў дзясяты клас. Неяк летам пасля танцаў (а танцпляцоўка тады была, дзе цяпер царква), вярталася з сяброўкамі дамоў. Заўважыла, што нейкі хлопец ідзе следам, у штанах-клёшах, у цяльняшцы, стрыжаны пад «нуль». «Нейкі бандыт ці крымінальнік», — падумала Таццяна. «Пачакай, я хачу ў цябе нешта спытаць», — неўзабаве пачула яна.

Неяк класная настаўніца вызвала Таню з кабінета. «Ідзі, там цябе чакае міліцыянер», — сказала яна. «А што здарылася?», — спытала Таня. «— Не хвалюйся, я прыйшоў паглядзець, хто гэта змог перайначыць нашага хулігана Аляксандра Шпака. Ён жа цяпер ніжэй травы, цішэй вады. Дзякуй табе. Мы не змаглі знайсці да яго падыход, а ў цябе атрымалася». «А я нічога не рабіла. Ён мяне цяпер ахоўвае. Куды я, паціху, туды і ён. Гуляем, размаўляем», — Таццяна ў адказ.

Першыя пачуцці перараслі ў каханне. «Ты чакай мяне, Танёк, я адслужу ў арміі і вярнуся да цябе», — напісана было ў кожным пісьме. Вяселле бацькі справілі як мае быць. Доўгая белая сукенка, вяночак, фата, кветкі, музыка, а побач такі прыгожы, такі родны Саня… Прытуліўся, падтрымліваючы пад руку, шэпча на вуха: «Мой Танёк».

Трэцяя старонка — дзеці

Цяжка далася цяжарнасць. «Як жа нарадзіць дзіця? Не прападу», — думала Таццяна. Бо старэйшая сястра Жанна працавала акушэрам-гінеколагам. Але тая сама тады была цяжарная і не рызыкнула весці такія складаныя роды, выклікала дапамогу з Мінска. «Ну што, Таня Шпак, я Тоня Шмак (гэта была загадчыца радзільнага аддзялення Мінскага абласнога раддома Антаніна Леанідаўна Шмак). Не хвалюйся, усё будзе добра».

Якое гэта шчасце — пачуць крык народжанага табой у пакутах дзіцяці! Адчула гэта шчасце і Таццяна. «Як назавеш свайго сыночка?» — пытае ўрач.

— Саня! Каб не блытацца, будзем зваць Саша.

Цяжка было. Вада з калодзежа, памперсаў тады не было. За дзень стос пялёнак, паўзуноў. Дапамагала маці, пакуль муж быў на рабоце. А пакупаць малога, прынесці і вынесці ваду, развесіць пялёнкі — гэта было за Санем. Маленькі Сашка часта хварэў. То бранхіт, то пнеўманія. Урачы прызначалі толькі стацыянарнае лячэнне. А як у бальніцу? Там і здаровай жанчыне з хворым дзіцем цяжка. А што ж зробіш? Трэба. Да трох гадоў мо шэсць ці сем разоў жанчына лячыла Сашу ў дзіцячым аддзяленні.

Калі Таццяна падзялілася з маці навіной, што зноў цяжарная, тая з хваляваннем і жахам сказала: «Як жа яно будзе? Ты ж ледзь Сашу нарадзіла».

— Мамачка, мне патрэбна дачка. Яна будзе мне дапамагаць жыць.

— А калі зноў хлопчык?

— Не, Бог мяне пашкадуе і падаруе дзяўчынку.

Яна з’явілася на свет вясной, якраз пачыналі квітнець сады. Багатырка, вагой 4100, прыгожанькая, валаскі на галоўцы цёмненькія, доўгія. «Дзякуй, Божа!, — Таццяна замілавана глядзела на дачушку чырвонымі вачыма. Ад натугі пры родах не вытрымалі сасуды ў вачах, лопнулі.

— Як назавеш дачку?

— С-Аня, Т-Аня — АНЯ.

Добра гаварыць, пісаць, успамінаць. А жыць такой хворай, гадаваць дзяцей?! Яны самі маленькія беглі ў школу і са школы, дапамагалі ва ўсялякай хатняй рабоце. А прыгатаваць ежу, пасціраць, папрасаваць — усё на плячах Таццяны. Ды і ў агародзе ўсё, як у людзей, — бульбачка, грады. А ў садзе яблыкі, слівы, вішні, ягады розныя. І ўсё трэба папарадкаваць.

Калі адправіла сына ў армію, думала, што разарвецца сэрца ад жалю. Але неяк жа ўсе маці перажываюць гэты момант. «Будзе ўсё добра з Божай дапамогай», — супакойвала сябе Таццяна. І дачакалася сыночка, як калісьці свайго Саню, з арміі. Праз пэўны час сын абвясціў: «Буду жаніцца!». Што ж зробіш, жыццё ідзе наперад. Вяселле згулялі, як належыць, у роднай хаце. Так у сям’і з’явілася яшчэ адна Таццяна — нявестка.

Дачушку вучыцца ў Барысаў на фельчара-акушэра выпраўляла з радасцю ад таго, што вывучыцца, будзе медыкам, як старэйшыя сёстры, і з болем развітання. Цяжкія гэта былі гады. Не стала бацькоў, не хапала сродкаў, каб вучыць дачку, апранаць, карміць. Але ўсё, дзякуй Богу, вынеслі Таццяна і Саня. А калі Аня, скончыўшы вучылішча, абвясціла, што выходзіць замуж, пачалі рыхтавацца да вяселля. У сям’і з’явіўся зяць Андрэй.

 

Чацвёртая старонка — унукі

Яны — гонар Таццяны і Сані, ды і ўсёй радні. Дзве дачкі, Лізавета і Амеля, — у сына, два сыны і дачка, Мікіта, Вераніка і Лёшык, — у Ані. Старэйшай сямнаццаць гадоў, малодшаму — тры. Радасцю і шчасцем перапаўняецца сэрца, гледзячы на ўнукаў. Танечка, ты самая багатая ў нашай радні, бо сям’я твая складаеццца з адзінаццаці чалавек.

***

Бачыла некалькі разоў Таня сон, як яна ў прыгожай сукенцы і ў шчыблетах на тонкіх абцасах танцуе са сваім Санем вальс. І на здаровых нагах. На жаль, ніколі не збыцца гэтаму…

 

Амаль 40 гадоў разам

«Малыя няхай памаўчаць», — кажа Саня, калі што якое трэба ўдакладніць. Гэта да таго, што ён на два дні старэйшы за сваю Таню. Зараз яны жывуць у доме адны. Дзеці маюць сваё жыллё. Забягаюць унукі паласавацца чым смачным у бабы Тані, заходзіць сын пагаварыць, параіцца з маці. «Маманя» — так ласкава ён яе называе. Заўсёды ўважлівы зяць Андрэй абавязкова цудоўны букет да Дня нараджэння і Восьмага сакавіка любімай цешчы падаруе. А цесцю дапамагае па гаспадарцы.

Кожны дзень чакае Таццяна сваю дачушку. Гэта яе радасць, яе шчасце, яе рукі і ногі. Хата і агарод на ёй. «Мамачка мая», — кажа Аня, — дзякуй табе за ўсё тое, што ты для мяне зрабіла. Ты, такая хворая, мяне нарадзіла, выгадавала, вывучыла. Ці змагу я адплаціць за ўсё табе?».

Мая дарагая сястрыца! Ты і сама не ведаеш, які жаночы подзвіг ты здзейсніла. Дзякуючы табе жывуць на свеце сын і дачка, пяцёра ўнукаў. А ў іх будуць калісьці свае дзеці, потым — унукі і гэтак далей… Дарагія Таццяна і Саня, жывіце доўга ў ладзе і згодзе і чакайце праўнукаў!

Ларыса ШЭЛЕХАВА, г.Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *