У Чэрвень з Францыі — з любоўю

Общество

У жніўні Чэрвеньшчыну наведала дэлегацыя асацыяцыі «Эльзас-Беларусь» з французскага горада Страсбург на чале з яе старшынёй Бернарам Рэвалонам.  Замежныя дабрачынцы вось ужо больш за 12 гадоў падтрымліваюць цесныя сяброўскія сувязі з Чэрвеньскай раённай арганізацыяй прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

За гэты час асацыяцыя «Эльзас-Беларусь» аказала значную матэрыяльную дапамогу на капітальны рамонт былога прафсаюзнага дзіцячага аздараўленчага лагера «Чайка» ў вёсцы Іванічы, набыццё абсталявання для раённай бальніцы і Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Штогод дзеці вясковых працаўнікоў раёна адпачываюць у Страсбургу і яго ваколіцах у сем’ях сяброў асацыяцыі (гэтым летам яны гасцінна прынялі 12 нашых хлопчыкаў і дзяўчынак).

госці на Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыцы
госці на Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыцы

 Старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Тамара Сакалоўская пры падтрымцы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, бацькоў дзяцей, якія аздараўліваюцца ў Францыі пастаралася, каб праграма візіту замежных гасцей атрымалася насычанай і цікавай. У адзін з дзён французскія дабрачынцы знаёміліся з адметнасцямі Смілавічаў. На мясцовай валяльна-лямцавай фабрыцы ім паказалі працэсы вырабу валёнак, коўдраў і падушак. Напрыканцы жадаючыя набылі прадукцыю прадпрыемства ў фірменным магазіне.

— Наведванне фабрыкі абудзіла ўва мне дзіцячыя ўспаміны, — сказала сябра асацыяцыі Нанэт Шыр. — Справа ў тым, што мае дзядуля і бабуля ўручную выраблялі вельмі прыгожыя шляпы з лямцу. І гэтыя шляпы былі вядомымі ва ўсім свеце. А ў фірменным магазіне фабрыкі я набыла сабе валёнкі. У нас ёсць дом у гарах, дзе зімою шмат снегу і даволі холадна. Так што вашы цудоўныя валёнкі будуць якраз дарэчы…

Акрамя таго, у Смілавічах сябры асацыяцыі завіталі ў храм Вялікапакутніка Георгія Перамоганосцы. А завяршылася іх знаёмства з гарадскім пасёлкам экскурсіяй у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе яны з захапленнем пабачылі вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці выхаванцаў і набылі некаторыя з іх у якасці сувеніраў, а таксама наведалі музейную экспазіцыю «Прастора Хаіма Суціна».

музейнай экспазіцыі "Прастора Хаіма Суціна"
музейнай экспазіцыі «Прастора Хаіма Суціна»

— Мяне вельмі ўразіла праца Цэнтра творчасці, — зазначыў сябра асацыяцыі Жан Марк Мацьё. — Мяркую, што, дзякуючы навучанню тут, выхаванцы змогуць раскрыць таленты, пра якія яны, магчыма, нават не ведалі. Даць дзецям добрую адукацыю — самае галоўнае ў жыцці.

А падчас наведвання музейнай экспазіцыі мы адкрылі для сябе не толькі Хаіма Суціна, але і іншых мастакоў — выхадцаў з Беларусі. Бо асабіста я да гэтага ведаў з іх толькі Марка Шагала…

У Чэрвені госці з Францыі пабывалі ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання, а таксама ў раённай бальніцы, дзе цікавіліся ўмовамі ўтрымання хворых, роляю прафсаюзнай арганізацыі ў дзейнасці ўстановы. Для іх была арганізавана экскурсійная паездка ў мемарыяльны комплекс «Хатынь» і сустрэча з фальклорным калектывам «Вечарына» з вёскі Іванічы.

Перад ад’ездам з Чэрвеня Бернар Рэвалон і яго жонка Сафі, якая адказвае ў асацыяцыі за аздараўленне дзяцей, далі інтэрв’ю «Раённаму весніку».

храме Вялікапакутніка Георгія Перамоганосцы
храме Вялікапакутніка Георгія Перамоганосцы і Чэрвеньскай райбальніцы

— Бернар, якія ўражанні засталіся ў Вас пасля наведвання прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый у Смілавічах і Чэрвені?

— Мы заўсёды вельмі радуемся таму, як шмат супрацоўнікі сацыяльных  устаноў робяць для дзяцей.

Што тычыцца нашага візіту на валяльна-лямцавую фабрыку, прыемна, што прадпрыемства развіваецца, знаходзіць новыя шляхі для вырашэння эканамічных праблем. Але, самае галоўнае, што нас заўсёды кранае да глыбіні душы, гэта цёплы прыём, які нам аказваюць як кіраўнікі, так і простыя работнікі паўсюль, дзе мы бываем.

— Сафі, знаходзячыся ў нашых сацыяльных установах, Вы задавалі шмат пытанняў, штосьці занатоўвалі ў блакнот. Для чаго?

—  Для таго, каб падрабязна распавесці пра ўсё убачанае і пачутае сябрам асацыяцыі, каб яны ведалі пра рэальнае становішча спраў у Беларусі.

— Бернар, перад прыездам вашай дэлегацыі на Чэрвеньшчыну ішлі размовы аб тым, нібыта Вы з Сафі ў хуткім часе збіраецеся пераязджаць са Страсбурга ў іншы горад і з-за гэтага праца асацыяцыі спыніцца…

— …Мы з Сафі ўжо не маладыя і мы павінны даглядаць сваіх бацькоў, якія зусім не маладыя. Таму пасля таго, як Сафі выйдзе на пенсію, мы збіраемся пераехаць бліжэй да бацькоў. Але асацыяцыя працягне існаванне. Адзінае пытанне, якое зараз неабходна вырашыць, хто яе ўзначаліць. Нам з Сафі вельмі б хацелася, каб пачатая намі справа мела годны працяг…

— Сафі, ці азначае гэта, што асацыяцыя прадоўжыць прымаць дзяцей з Чэрвеньшчыны на аздараўленне?

— Мы для гэтага зробім усё магчымае. Але, паколькі асацыяцыя стваралася, як грамадская арганізацыя гуманітарнай дапамогі ахвярам Чарнобылю, было б добра, каб мы валодалі інфармацыяй з Беларусі аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы, якія ёсць сёння. Гэта неабходна для таго, каб пераканаць наш урад, дзяржаўныя арганізацыі ў тым, што наступствы Чарнобылю ў Беларусі адчуваюцца дагэтуль і што наша дапамога сапраўды  патрэбна. Бо сёлета, на жаль, дзве нашы дзяржаўныя арганізацыі на ўзроўні мясцовых саветаў адмовілі асацыяцыі ў субсідыях.

— Бернар, у адным з даўнейшых нашых інтэрв’ю Вы казалі, што сярод членаў вашай асацыяцыі пераважаюць людзі з сярэднім дастаткам. Ці змянілася штосьці ў гэтым плане?

— Не. Ні палітыкі, ні мільярдэры не сталі сябрамі нашай асацыяцыі.

— Ці  хацелі б вы праз нейкі час зноў прыехаць на Чэрвеньшчыну?

у Чэрвеньскай райбальніцы
у Чэрвеньскай райбальніцы

Бернар: — Вельмі хацеў бы зноў прыехаць да вас разам з Сафі. Гэта можа быць як у рамках асацыяцыі, так і прыватным чынам. Мы лічым, што ваша краіна выдатная, а людзі, якія нас прымаюць, непараўнальныя ў сваёй гасціннасці.

Сафі: — У Чэрвені мы займелі не проста сяброў, а блізкіх людзей, фактычна — працяг нашых сем’яў.

Бернар: — У Беларусі няма гор, але ў вас ёсць горы дабрыні. А яшчэ мы вельмі ўражаны прыгожымі мастацкімі вырабамі, якія вашы дзеці ў сацыяльных і пазашкольных установах пад кіраўніцтвам выхавальнікаў, педагогаў ствараюць сваімі рукамі. І нам хацелася б, каб у Францыі перанялі ваш вопыт у гэтым накірунку.

Сафі: — У такіх занятках з дзецьмі мы бачым вялікі аптымізм і радасць жыцця, якія прысутнічаюць у вас.

Бернар: — Мы жадаем чэрвеньцам, усім беларусам шчасця, удачы. Вы вельмі шмат працуеце і заслугоўваеце годнага жыцця.

Сафі: — Шчыра запрашаем вашы сем’і, з якімі сябруем, наведаць Страсбург!

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *