Соф’я Антонаўна і Вольга Рыгораўна — шаноўныя юбіляркі

Люди и судьбы

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Пішу да вас не часта, другі раз за паўгода. Хаця ўсё свядомае жыццё сябрую з любімай газетай, выпісваю больш за сорак гадоў. Люблю чытаць усё, што друкуецца. Па роду сваёй былой працы настаўнікам і дырэктарам школы маю шмат знаёмых. Часам сустракаю ці пра іх аповеды, ці іхнія (як, напрыклад, Тамары Міхайлаўны Ігнатовіч з Раваніч). Дзякуй, што змясцілі мой допіс пра Казіміра Ваўжынцавіча Вяржбіцкага.

Зараз у мяне з’явілася яшчэ прычына напісаць у любімую газету. Справа ў тым, што сёння і заўтра адзначаюць юбілей дзве цудоўныя жанчыны. Шмат гадоў я іх добра ведаю. Хочацца, каб у дзень нараджэння надрукавалі аповед пра іх.

Сёння шаноўны юбілей адзначае былая настаўніца матэматыкі Лядзенскай школы Соф’я Антонаўна Расолька.

Лёс не песціў яе. У вайну ў студзені 1943 года трапіла пад нямецкую аблаву. Іх давезлі да Магілёва. Цудам удалося ўцячы ёй і яшчэ некалькім дзяўчатам. Два тыдні дабіраліся дамоў — пехатой, зімой… Дзякуючы добрым людзям, дабраліся да роднай вёскі Марыямпаль.

Пасля вайны трэба было вучыць дзяцей, ужо пераросткаў. Гэта вызначыла выбар прафесіі. Соф’я Антонаўна стала настаўніцай матэматыкі. Выйшла замуж за мясцовага хлопца Мішу Нехая. Нарадзіла сына. Хвароба рана забрала мужа, засталася жанчына адна. Цягнула на сабе ўсю гаспадарчую работу. Колькі было праліта слёз! Аб гэтым ведае толькі сама Соф’я Антонаўна. І толькі здзіўляешся, што жыццёвыя нягоды не азлобілі яе сэрца.

Яе вельмі паважаюць у Лядах сябры, суседзі, былыя вучні. У Лучы жыве сын Васіль. Ён наведвае маму па некалькі разоў на дзень, дапамагае. Радуюць унукі, праўнук Віця. Частымі гасцямі ў хаце Соф’і Антонаўны бываюць пляменнікі. Іх усіх яна стараецца пачаставаць.

Уражваюць чысціня і парадак, якія пануюць у яе не толькі ў хаце, але і на падвор”і! І ўсё яна робіць сама. Праўда, яе засмучае тое, што пачало падводзіць здароўе, даюць іншы раз ведаць аб сабе хваробы…

Мы, яе сябры, — а да мяне далучаюцца Ала Пятроўна і Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкія, Вольга Рыгораўна і Баляслаў Анатольевіч Навакоўскія, — ад усёй душы віншуем дарагую Соф’ю Антонаўну з юбілеем. Жадаем здароўя, аптымізму, бадзёрасці, усіх даброт ад жыцця яшчэ на многія гады.

Другая юбілярка — Вольга Рыгораўна Навакоўская. Заўтра яна адзначыць сямідзесяціпяцігоддзе з дня нараджэння.

Яе лёс таксама закранула вайна. Вольга была самай малодшай у сям’і, а старэйшы брат Іван змагаўся з немцамі, быў партызанам. Ён загінуў на хутары непадалёку ад вёскі Рэчкі, там яго магілка, якую Вольга Рыгораўна клапатліва даглядае.

Пасля вайны было цяжка, але  верылася ў лепшае жыццё. Паступова загойваліся раны, нанесеныя вайной. Дзеці атрымалі магчымасць вучыцца. Пайшла ў школу і Вольга Бабіч (дзявочае прозвішча). Вучылася вельмі добра, была адной з лепшых вучаніц Лядзенскай школы. Пасля заканчэння школы выйшла замуж за Баляслава Навакоўскага, маладыя людзі стварылі сям’ю. Ужо сямейнымі атрымлівалі адукацыю. Вольга Рыгораўна скончыла філфак БДУ, Баляслаў Анатольевіч — Бабруйскі аўтамеханічны тэхнікум.

Вось ужо больш за пяцьдзесят гадоў яны разам. Выхавалі двух сыноў, далі вышэйшую адукацыю. Маюць дзвюх унучак, якія таксама скончылі ВНУ, а унук Ваня — яшчэ школьнік. Радасцю бабулі з’яўляецца праўнук Данік, якога падарыла старэйшая ўнучка Алена.

Усё жыццё Вольга Рыгораўна аддала любімай справе, працавала ў Лядзенскай школе. Пра яе заўсёды з удзячнасцю ўспамінаюць многія вучні. Некалькі чалавек пайшлі па яе шляху —  сталі філолагамі.

Цяжка паверыць, што ў гэтай прыгожай, маладжавай жанчыны такі юбілей. Яна вельмі эмацыянальная, энергічная, любіць быць у курсе ўсіх падзей.

Паважаная Вольга Рыгораўна! Прыміце самыя шчырыя словы віншавання ад нашай сям’і і сям’і Вяржбіцкіх. Здароўя Вам моцнага, веку доўгага, любові да дзяцей і ўнукаў, паболей праўнукаў. Дай Вам Бог усіх даброт!

 

З павагай — Клаўдзія МІХІЕВІЧ,

в.Луч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *