Згадкі Уладзіміра Дарагужа

Общество

Мова выкладання

Калі пасля заканчэння БДУ мяне накіравалі на работу ў Возерскую школу, што пад Мінскам, я сутыкнуўся там з поўнай дурнотай. Мой папярэднік Грудзінскі выкладаў фізіку па-расейску, а ў дзяцей былі беларускія падручнікі. Зразумела, я перайшоў на беларускую мову, хаця  ніколі раней фізіку па-беларуску і не вывучаў. Усе мне былі вельмі ўдзячныя.

Адваротнае я назіраў, калі пазней пакідаў работу ў Велікапольскай школе і ў вучылішчы будаўнікоў. Мае наступніцы, тутэйшыя маладыя настаўніцы,  сходу пераходзілі на расейскую мову выкладання. Што гэта? Адсутнасць павагі да роднай мовы ці  лянота?

 

Найвялікшае ўражанне

Малодзенькі  баец , яшчэ ні разу ў жыцці не цалованы, смяртэльна паранены ў час атакі. Апошняе ў жыцці жаданне — пабачыць жаночую нагату. «Пакажы!» — просіць  ён медсястру, і тая распранаецца,  проста на полі боя. Гэта эпізод з фільма Мікіты Міхалкова «Предстояние».

Калі ты бачыў аголеную жанчыну, то цябе ўжо нішто не зможа ўразіць мацней — ні салаўіны спеў, ні разліў Прыпяці, ні гмах самага высокага касцёла.

 

Прамова

У самым пачатку трэцяга тясячагоддзя ад Хрыстова Нараджэння ў горадзе закладваюць касцёл Узвышэння Святога Крыжа замест разбуранага семдзесят гадоў назад бальшавікамі.  Выступае каталіцкі  святар,  на мове нашага народа, па-беларуску. Светлыя, радасныя словы прывітання.  Затым слова даюць прадстаўніку райвыканкама. «Шаноўныя сябры!» —  і больш ніводнага беларускага слова не знайшлося ў лексіконе кіраўніка. Стаў гаварыць «нармальна», як заўсёды, на расейскай…

 

Тонкі і тоўсты

Амаль безпамылкова вызначаю сацыяльнае становішча нашых мужчынаў. Калі рамень на пупку — працаўнік. Калі рамень на лабку — начальнік.

 

Не шкадаваць

Не трэба шкадаваць мінулага: яно не вернецца. Трэба глядзець наперад  і  рабіць усё магчымае, каб будучыня была  светлай і вартай чалавека.

 

Навіцкія

У даўнейшыя часы людзям прыходзілася пераходзіць у каталіцтва  з  іудаізму ці  з праваслаўя.  Яўрэі  гэта рабілі, бо ім, прышламу народу, ні ў адной еўрапейскай краіне не дазвалялася мець зямлю. Вось чаму сярод яўрэяў мы вельмі  нячаста сустракаем сялянаў.  І зусім  не таму, што яны не хацелі  замараць рукі аб зямлю…  Нейкія перавагі  пры пераходзе ў каталіцтва набывалі ў Рэчы Паспалітай  і  нашыя продкі ліцвіны-беларусы. Свежаахрышчаныя  замест  ранейшага прозвішча, калі  яно было,  атрымлівалі  прозвішча Навіцкіх (ад лацінскага слова  novicius —  новы, свежы).  Таму не дзіўна, што  гэтак шмат Навіцкіх і сярод яўрэяў, і сярод беларусаў.

З яўрэяў узгадваю  заслужанага артыста РСФСР Марка Навіцкага, які ў 50-70-я гады мінулага стагоддзя выступаў разам з Львом  Міравым (парны канферанс).  З беларусаў шырока вядомыя  спартыўны каментатар Уладзімір Навіцкі і наш зямляк, трэці беларускі касманаўт  Алег Навіцкі.

 

Прыпавесць аб перакананнях

Чалавек шмат разоў за жыццё змяняе перакананні. Немаўлём ён ходзіць пад сябе. Затым змяняе перакананні і пачынае прасіцца на гаршчок. Потым зноў змяняе перакананні і пачынае карыстацца прыбіральняй. Але ёсць і такія, хто да канца дзён не змяняюць перакананняў і робяць пад сябе. Гэта — ідыёты.

Ну, дык ці трэба ганарыцца занадта цвёрдымі перакананнямі?!

 

Амерыканка

З таго часу прайшло  гадоў сорак… Раніцою абыходзячы агарод, у адным месцы заўважыў  траву, якая  раней не сустракалася.  Папярэдзіў жонку: не рві, прыйду з работы, вызначу.  Перад гэтым па падпісцы  атрымаў  чарговыя тамы вызначнікаў, якраз з травяністымі раслінамі СССР. Выявілася, што расліна гэта  — Galinsoga  parviflora — галінсога дробнакветкавая, з сямейства астравых.  Назву трава атрымала ў гонар гішпанскага батаніка. Радзіма яе — Паўднёвая  і Цэнтральная Амерыка.    Таму ў  Беларусі  гэтую траву называюць амерыканкай.  Радзей  сустракаецца  і другі падобны від — Galinsoga ciliate — галінсога вейкавая.

Галінсога  —  злоснае пустазелле, размнажаецца  і  насеннем,  і  карэньчыкамі.  Запаланіла  ўсе нашыя агароды, нават і ў лясах, ля дарог, бываюць яе зараслі. Але, як кажуць, няма ліха без дабра. Выявілася, што  галінсога — ядомая і лекавая  культура. Выкарыстоўваецца  і  як прыправа, і для прыгатавання салатаў, а таксама ў народнай медыцыне для лячэння шмат якіх  хвароб.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *