Захаваем ураджай ад пажараў

Аграрный сектор Безопасность

Пачалася ўборка ўраджаю, і ў гарачае сухое надвор’е неабходна строга захоўваць меры супрацьпажарнай бяспекі, каб не здарылася бяды. У прыватнасці, трактары, камбайны, аўтамабілі павінны дапускацца да работы з адрэгуляванай сістэмай сілкавання і змазкі, выхлапныя трубы рухавікоў — быць абсталяванымі надзейнымі іскрагасіцелямі, электраправодка — ізалявана, замацавана і захавана ад трэння і металічных пашкоджанняў. Трэба прадугледзіць, каб на клемы акумулятараў і старцёр-генератар не пападалі токаправодныя прадметы. Каб пазбегнуць перагрэву падшыпнікаў на ўборачных машынах, неабходна своечасова праводзіць іх змазку. Кожны камбайн у час жніва павінен быць укамплектаваны двума вогнетушыцелямі, дзвюма рыдлёўкамі, трактар і аўтамашына — вогнетушыцелем і рыдлёўкай.

У перыяд уборкі збожжа катэгарычна забараняецца спальваць на палях пажніўныя астаткі, разводзіць вогнішчы. На палявых станах, зернеачышчальных комплексах, месцах сціртавання сена, саломы неабходна абсталяваць спецыяльныя месцы для курэння. Электраабсталяванне зернеачышчальных комплексаў, складоў павінна адпавядаць правілам іх устаноўкі. Сушыльную гаспадарку неабходна забяспечыць пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і інвентаром — вогнетушыцелямі, бочкамі з вадой, вёдрамі, скрынкамі з пяском, рыдлёўкамі, лесвіцамі, баграмі. На перыяд сушкі і перапрацоўкі збожжа на зернятоку пастаянна павінна знаходзіцца спецыяльная тэхніка для тушэння пажараў. З ліку работнікаў, занятых на ачыстцы і сушцы зерня, патрэбна стварыць баявы разлік, які мае навыкі хуткай ліквідацыі агню.

Пры ўзнікненні пажару на збожжавым масіве неабходна хутка лакалізаваць зону пажару: абараць на збожжавым масіве гэты ўчастак.

Наталля КАРАТЧЭНЯ, інспектар прапаганды і навучання Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *