Вазьміце ў прыклад выпускнікоў Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа

Общество

Вельмі хвалююцца зараз выпускнікі школ — вырашаецца іх жыццёвы лёс. Некаторыя ў роспачы: стала зразумела, што не будуць студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Давядзецца выбіраць каледжы і ліцэі. Хтосьці шкадуе, што не зрабіў гэта пасля 9 класаў.

Зусім іншы настрой у 103 сёлетніх выпускнікоў Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа: бадзёрасць, радасць, упэўненасць у будучыні. Яны задаволены, што зрабілі свой правільны жыццёвы крок — паступілі вучыцца ў каледж. З дыпломамі ветэрынарных фельчараў, заатэхнікаў, пчаляроў яны атрымалі і накіраванні на працу. Навучэнец ветэрынарнага аддзялення Аляксандр Камкоў будзе працаваць галоўным ветурачом ААТ “Вецерэвічы” Пухавіцкага раёна. Вось які высокі статус пасля каледжа.

Заатэхнікам КСУП “Велікаборскае” Хойнікскага раёна Гомельскай вобласці будзе Аляксандр Харошка. Мяркую, з яго вырасце кіраўнік гаспадаркі. Пад маім кіраўніцтвам ён дбайна працаваў у будаўнічым студэнцкім атрадзе, праявіў добрыя арганізатарскія здольнасці.

Максім Кулагін зоймецца пчалярствам у агракамбінаце “Ждановічы”.

Месцам працы ветэрынарных фельчараў Івана Абакунчыка будзе эксперыментальная база “Зазер’е” Пухавіцкага раёна, а Ганны Сабалеўскай — установа “Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і каняводства”.

Па месцы працы яны забяспечваюцца жыллём. Прыклады можна доўжыць.

Звяртаю ўвагу моладзі, якая цяпер перад выбарам жыццёвага шляху, на адну вельмі значную асаблівасць. Усе выпускнікі каледжа маюць магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю на льготных умовах. Многія ўжо выкарысталі гэтае права і афармляюць дакументы на дзённую ці завочную форму навучання.

Зямля — маці-карміцелька — была, ёсць і будзе. І той з вас, шаноўныя выпускнікі школ, хто звяжа з ёй свой лёс, заўжды будзе запатрабаваны грамадствам, дасягне поспехаў, забяспечыць дабрабыт сваёй сям’і. Не марудзьце, паступайце вучыцца ў Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Тут можна набыць наступныя спецыяльнасці: на базе агульнай базавай адукацыі (9 класаў) — ветэрынарная медыцына, заатэхнія, упраўленне ў аграпрамысловым комплексе.

Тыя, хто скончыў 11 класаў, могуць вучыцца на ветэрынарнага фельчара. Умовы для навучання і жыцця створаны добрыя.  Абранай прафесіі вас будуць навучаць вопытныя выкладчыкі.

У гаспадарках па месцы жыхарства жадаючым выдаюць накіраванне на вучобу. Гэта дазваляе атрымліваць да дзяржаўнай стыпендыі дадатковыя грошы.

Не вагайцеся, зрабіце правільную выснову з прыкладу выхаванцаў каледжа. Тут вас чакаюць!

 

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *