«Што вы цэніце ў чалавеку больш за ўсё?»

Общество

Лідзія КАРЫЦКАЯ, пенсіянерка:

— Узаемадапамогу і паразуменне. Не адзін раз у жыцці даводзілася пераконвацца, што гэта надзвычай важная каштоўнасць чалавека. Больш за дваццаць гадоў таму нас напаткала бяда  — згарэў дом. Адной, без дапамогі, мне нельга было б вырашыць гэтую сітуацыю. Але дзякуючы дапамозе неабыякавых людзей, агульнымі сіламі атрымалася аднавіць дом. У баку не засталіся і раённыя ўлады, і ПМК-8, і Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй, і іншыя. Па сённяшні дзень удзячна гэтым людзям за аказаную падтрымку і дапамогу. Такое не забываецца. Дарэчы, і сама ніколі не адмаўляю, калі магу дапамагчы.

Анжэліка ТУРЫК, рабочая

жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Дабрыню і ветлівасць. На жаль, цяпер гэта сустрэнеш не часта. Таму прыемна мець з чалавекам зносіны, калі ён валодае такімі якасцямі. У адказ хочацца таксама дзяліцца сваёй дабрынёй і цяплом. Паважаю і цаню людзей, якія ўмеюць трымаць слова. Ім можна верыць і не хвалявацца. Увогуле, чалавек павінен адносіцца да іншых так, як хацеў бы, каб адносіліся да яго. Гэта лепшая формула чалавечых стасункаў.

Уладзімір ПРЫСМЫЦКІ, пенсіянер:

— Выхаванасць і ўменне паводзіць сябе між людзей, у грамадскіх месцах, стрыманасць. Хочацца бачыць паболей моладзі з такімі якасцямі. Асабліва ў Чэрвені.  Мы ўсе нараджаемся людзьмі, але не ўсе імі застаёмся. Я жыву ў цэнтры горада, таму часта чую і бачу, як паводзяць сябе маладыя людзі вечарамі ды начамі. Іх не цікавіць, што ў гэты час многія ўжо адпачываюць. Яны не звяртаюць увагі на просьбы паводзіць сябе цішэй і культурней. А колькі разоў наш плот ламалі! І гэта віна, лічу, не толькі саміх падлеткаў, але і іх бацькоў. Трэба вучыць сваіх дзяцей, паказваць прыклад, тлумачыць і не быць абыякавым.

Алена ГАТОЎКА, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку:

— Спагадлівасць і ўменне падтрымаць у цяжкую хвіліну. Магу ўпэўнена сказаць, што мае сябры ніколі не пакінуць у бядзе, дапамогуць. Тым жа ім адплочваю. Не менш важна, умее чалавек сябраваць ці не. Калі ён адзін, не мае сяброў — гэта сур’ёзная падстава для таго, каб задумацца. Цаню, калі чалавек адкрыты, добразычлівы, і не баіцца гаварыць праўду ў вочы. Ён цябе не падмане, скажа хоць непрыемную, але праўду, не будзе за спіной гаварыць па-іншаму.

Алеся ДАНІЛЮК, выкладчык:

— Узаемадапамогу, неабыякавасць, падтрымку. Калі чалавек можа прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну, незалежна ад настрою і абставін — гэта Чалавек з вялікай літары. На працы даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, калі гэтыя якасці ці праяўляюцца, ці не. І сама заўсёды стараюся зрабіць усё магчымае ад мяне, каб дапамагчы. Нам трэба быць больш добрымі, сумленнымі, ніколі не трымаць камень за пазухай!

Пытанне задавала і фатаграфавала Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *