Дзень Незалежнасці ў Смілавічах

Общество

Як і паўсюдна ў дзяржаве, смілаўчане адзначылі Дзень незалежнасці Беларусі, 70-годдзе вызвалення яе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

2 ліпеня кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый усклалі жывыя кветкі, вянкі да брацкай магілы.

3 ліпеня ў пасялковым  Цэнтры адпачынку  было мнагалюдна. Смілавічы маладзеюць, таму прыкметай гэтага вельмі радаснага працэсу сталі на свяце шматлікія дзіцячыя каляскі, хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў з бацькамі, бабулямі, дзядамі.

А 11-ай гадзіне прысутныя віталі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў канцлагераў, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Старшыня пасялковага Савета Ірына Пятроўна Марціновіч выказала ім падзяку за сённяшні мірны і шчаслівы дзень, за магчымасць людзям працаваць, кахаць, спраўляць вяселлі. Пажадала здароўся смілаўчанам, поспехаў у жыцці, каб ніколі больш не спазналі вайны.

Былы воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Мікалаевіч Шастак у сваім выступленні заклікаў мацаваць Беларусь працоўнымі дасягненнямі.

Са святам вітаў землякоў і ўраджэнец пасёлка палкоўнік Аляксандр Яўгенавіч Корзун.

У вялікім святочным канцэрце ўдзельнічалі калектывы самадзейных артыстаў Смілавіч, Шасціснопаў, Клінка і іншыя.

Воіны-спецназаўцы з г.Мар’іна Горка правялі паказальныя выступленні, якія мелі вельмі вялікі поспех у прысутных. Затым кожны жадаючы атрымаў магчымасць сфатаграфавацца на памяць з ваеннымі. Асабліва гэта спадабалася дзецям.

Смілавіцкі, Валявацкі, Кліноцкі сельсаветы разгарнулі ў парку свае падвор’і, дзе ламіліся сталы ад прысмакаў. Сёлета найбольш вызначыўся Смілавіцкі сельскі Савет. Гэта адзначалі ўсе наведвальнікі і выказвалі падзяку яго старшыні Валянціне Іванаўне Півавар.

На ўрачыстасць у Смілавічы завітала дэлегацыя горада Юбілейны Маскоўскай вобласці на чале з мэрам Валерыям Віктаравічам Кірпічовым, ураджэнцам пасёлка Смілавічы. Расіяне прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах. Увечары жыхары пасёлка і госці назіралі салют.

Хочацца адзначыць, што святочная нядзеля завяршылася Купаллем, якое прайшло весела і цікава. У панядзелак смілаўчане рупліва ўзяліся за працу.

Іван ЯРАШЭВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *