17 ліпеня – 90-я гадавіна Чэрвеньскага раёна

Общество

17 ліпеня 1924 года другая сесія ЦВК БССР шостага склікання сваім рашэннем ліквідавала існуючы адміністрацыйны падзел рэспублікі на губерніі, паветы, воласці і вызначыла новае дзяленне на акругі, раёны і сельсаветы. Чэрвень стаў цэнтрам раёна і ўвайшоў у склад Мінскай акругі, а з 1938 года — у склад Мінскай вобласці.

Наша Чэрвеньшчына — самабытны, прываблівы край з багатай гісторыяй і традыцыямі. Гэта малая радзіма цэлай плеяды вядомых працаўнікоў, вучоных, мастакоў, артыстаў, спартсменаў. Яна дала Беларусі сем Герояў Савецкага Саюза, аднаго кавалера ордэна Славы, 11 Герояў Сацыялістычнай Працы.

На працягу 90-гадовага адрэзку часу тысячы нашых землякоў вызначыліся самаадданай працай, увайшлі ў гісторыю Чэрвеньшчыны і Беларусі, далучаючыся да ўсяго, што дзеялася для эканамічнага і духоўнага росквіту.

Сярод іх —

Героі Сацыялістычнай працы:

ВЕРАБЕЙ Пётр Васільевіч. Нарадзіўся 1 сакавіка 1923 года ў вёсцы Калодзежы. 3 дзяцінства на лёс Пят-ра выпала шмат выпрабаванняў. Рана памерла маці. Каб пракарміць сябе і малодшых пяць братоў і сясцёр, ён вымушаны быў пакінуць вучобу ў школе і пайсці працаваць рахункаводам Калодзежскага сельсавета.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху, а ў жніўні 1944 г. прызваны ў Чырвоную Армію, дзе праслужыў да 1947 года. 3 1948-га на працягу 30 гадоў працаваў у Чэрвеньскім леспрамгасе. Зарэкамендаваў сябе працалюбівым, старанным рабочым, яму даверылі кіраўніцтва брыгадай. 3 таго часу брыгада Вераб’я з’яўлялася перадавой. У вытворчасць укараняў перадавыя тэхналогіі лесанарыхтовак і новыя агрэгатныя самапагружальныя аўтамашыны.

У 1966 годзе  П.В.Вераб’ю прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

ГРАДОВІЧ Валянціна Іосіфаўна. Нарадзілася 15 мая 1928 года ў вёсцы Вінаградаўка. 3 1945 года працавала рабочай саўгаса «Раванічы», любоўна даглядала кожнае дрэўца ў садзе. У 1947 годзе  ёй прапанавалі пайсці на ферму даяркай. Згадзілася. А праз год прызначылі цялятніцай гэтай жа гаспадаркі. 3 таго часу сваё жыццё яна непарыўна звязала з фермай. На працягу многіх гадоў усю сябе аддавала вырошчванню маладняка буйной рагатай жывёлы, дабівалася самых высокіх прыбаўленняў у вазе ў раёне.

За самаадданую працу ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і інш.

В.І.Градовіч нарадзіла і выхавала чацвярых дзяцей.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе.

ГАНЧАРЫК Аляксандр Пятровіч. Нарадзіўся 17 лістапада 1922 года ў  вёсцы Плецявішча. У 1940 годзе закончыў школу ФЗН. Да вайны працаваў друкаром у Мінскай друкарні імя Сталіна.

З ліпеня 1942 года па ліпень 1944 -га  — у партызанах. Са жніўня 1944 года працаваў на прадпрыемствах сувязі Мінска. Прафесія — кабельшчык-спайшчык. Заслужаны сувязіст БССР.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1971 годзе.

ЗЫЛЬ Пётр Васільевіч. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Чарнава. 3 1943 года — у партызанах, затым ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Мінскі політэхнічны інстытут. Шмат гадоў працаваў дырэктарам Мінскага завода оптыка-вытворчага аб’яднання імя Вавілава.

У 1984 годзе за вялікія поспехі ў распрацоўцы і ажыццяўленні шэрагу новых тэхналогій П.В.Зылю прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

КАМАРОЎ Фёдар Іванавіч. Нарадзіўся ў г.п.Смілавічы. Акадэмік, генерал-палкоўнік медыцынскай службы. Герой Сацыялістычнай Працы.

МІРАНОВІЧ Яўген Фёдаравіч. Нарадзіўся 7 лістапада 1917 года ў г.п. Смілавічы. Удзельнік савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў (камандзір атрада партызанскай брыгады імя Фрунзе). Закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У 1936-1939 гг. працаваў аграномам саўгаса «Вызваленне» Смалявіцкага раёна. 3 1961 года —  дырэктарам саўгаса «Любань» Вілейскага раёна. Заслужаны аграном БССР (1967). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1974 — 1979 гг.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1972 годзе.

МЫСЛІВЕЦ Валянціна Пятроўна. Нарадзілася 10 сакавіка 1918 года ў вёсцы Ачыжа. Працавала даяркай у дзяржплемстанцыі «Шчыкатовічы” Дзяржынскага раёна. Дэпутат Вярхоўнага  Савета БССР у 1967—1971 гадах.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе.

ПРУСАВА Роза Кандратаўна. Нарадзілася 10 сакавіка 1923 года ў Чэрвені. З 1948 года працавала на Мінскім трактарным заводзе. 3 1949-га — гальваніст інструментальнага, кантралёр тэрмічнага, наладчык трактарнага цэхаў, з 1970 г. — інжынер-планавік механічнага цэха, з 1975 г. — тэхнік па падрыхтоўцы вытворчасці.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1960 г. за поспехі ў выкананні вытворчых планаў.

САЛАЎЁВА Яніна Васільеўна. Нарадзілася ў вёсцы Іўнік  ў 1940 г. Нялёгкім было жыццё. Дзяўчынай, амаль не ведаўшай бацькоў (яны загінулі ў час вайны), трапіла ў Чэрвеньскі дзіцячы дом. Праз некаторы час узялі яе да сябе на выхаванне жанчыны-сёстры Вікторыя Лявонцьеўна і Марыя Лявонцьеўна Анцілеўскія з в. Іўнік. Вікторыя Лявонцьеўна стала для Яніны маці. Я.В.Салаўёва працавала на Мінскім камвольным камбінаце, з 1964 г. — на «Інтэграле».

У 1975 годзе ёй прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

ХАРЫТАНОВІЧ Мікалай Васільевіч. Нарадзіўся 13 верасня 1932 года ў вёсцы Мяжніца. Закончыў політэхнічны тэхнікум. 3 1956 года — слесар, старшы майстар інструментальнага цэха, з 1973 г. старшы майстар рамонтна-механічнага цэха, з 1977 г. майстар механічнага цэха Мінскага завода шасцерняў.

Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе.

ЦЭДРЬІК Ганна Якаўлеўна. Нарадзілася 7 студзеня 1912 года ў вёсцы Брасневічы Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. 3 дзесяці гадоў батрачыла ў мясцовага кулака. У 1930-я гады Ганна Якаўлеўна пераехала ў Чэрвеньскі раён, з 1937 г. працавала свінаркай саўгаса «Натальеўск» (з 1969 эксперыментальная база). Толькі за гады работы ў саўгасе яна атрымала і выгадавала каля 13 тысяч парасят.

У 1966 г. ёй прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

 

Заўсёды ў памяці народнай

У радах воінаў і партызан, на ўсіх франтах і ў тыле ворага, праяўляючы мужнасць, гераізм, беззапаветную адданасць Радзіме, змагаліся тысячы нашых землякоў-чэрвенцаў. 4592 з іх адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі, 7 — удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

ГУРЭВІЧ СЯМЁН ШОЛАМАВІЧ

Нарадзіўся 20 снежня 1915 г. у Чэрвені. У Чырвонай Арміі з 1935 г. У 1939 г. удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. У 1942 г. скончыў Тамбоўскае кавалерыйскае вучылішча. 3 1941 г. знаходзіўся на Заходнім, Бранскім, Стэпавым, 1-м і 2-м Украінскіх франтах.

Камандзір узвода сувязі гвардыі лейтэнант С.Ш.Гурэвіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра на поўнач ад Днеп-радзяржынска. 25 верасня 1943 г. з чатырма сувязнымі пераправіўся цераз Днепр і ўстанавіў тэлефонную сувязь з палком. Ліквідаваў групу гітлераўцаў, якія прарваліся ў тыл нашых войскаў і пагражалі пераправе.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 26 кастрычніка 1943 г. Пасля вайны жыў у Мінску.

ДУЛЕБА АНТОН МІКАЛАЕВІЧ

Нарадзіўся 14 студзеня 1920 г. у в. Дубовы Лог. Скончыў Мінскі індустрыяльна-тарфяны тэхнікум у 1937 г., курсы малодшых лейтэнантаў у 1941 г.

У Чырвонай Арміі з 1939 г. Са жніўня 1942 г. ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Беларускім і 1-м Беларускім франтах.

Камандзір кавалерыйскага эскадрона старшы лейтэнант А.М.Дулеба вызначыўся ў баі 29 студзеня 1945 г. Эскадрон пад яго камандаваннем фарсіраваў р.Одэр і, за-няўшы населены пункт Прытаг, два дні ў поўным акружэнні адбіваў контратакі ворага. Сілы былі няроўныя, аднак 30 студзеня А.М.Дулеба ўмела арганізаваў прарыў. Асабіста паказваючы прыклад мужнасці і гераізму, выратаваў людзей, зброю і боепрыпасы.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 27 лютага 1945 г. Пасля вайны працягваў службу ў Савецкай Арміі. У 1954 г. скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. 3 1969 г. палкоўнік у адстаўцы.

КАЗАЧЭНКА МІКАЛАЙ МІХАЙЛАВІЧ

Нарадзіўся 1 студзеня 1916 г. у в. Бярозаўка. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 г., савецка-фінляндскай вайны 1939-40 гг. У час Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 г. на фронце, удзельнік абароны Масквы.

3 кастрычніка 1941 г. на Паўночна-Каўказскім, 3-м Украінскім, 1-м Беларускім франтах. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля Краменьчуга. Ноччу 3 кастрычніка 1943 г. байцы аддзялення на чале са старшым сяржантам М.М.Казачэнкам пад моцным агнём праціўніка ўзвялі прыстань на правым беразе ракі і пераправілі на пароме 1700 байцоў і камандзіраў, 60 павозак з боепрыпасамі, 120 коней і 620 скрынак з амуніцыяй, абсталявалі на плацдарме батальённы камандны пункт і замініравалі найбольў небяспечныя месцы.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 20 снежня 1943 г. Пасля вайны жыў і працаваў у Мінску.

КАРНАЧ СЦЯПАН АНДРЭЕВІЧ

Нарадзіўся 10 лістапада 1918 г. у в. Клінок. У 1938 г. скончыў Мінскі аэраклуб, у 1940 г. — ваенную школу лётчыкаў. У 1949 г. — Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы. У 1958 г. — Ваенную акадэмію Генштаба.

У Чырвонай Арміі з 1938 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 г. Ваяваў на Паўднёвым, Крымскім, Закаўказскім, Стэпавым, 1-м і 2-м Украінскіх франтах. Удзельнік баёў на Курскай дузе, у Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі. Камандзір звяна, эскадрыллі, штурман палка, камандзір знішчальнага авіяіталка. Асабіста здзейсніў 348 баявых вылетаў, правёў 84 паветраныя баі, знішчыў 16 варожых самалётаў, 4 самалёты ў групавых баях.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 4 лютага 1944 г. Пасля вайны да 1973 г. працягваў службу ў Савецкай Арміі. Генерал-маёр (1957).

КРУКАЎ ІВАН ІГНАТАВІЧ

Нарадзіўся 10 студзеня 1910 г. у в. Чарнава. У 1932 г. быў прызваны на Балтыйскі флот. Служыў у крэпасці Кранштат. У 1941 г. былы матрос зноў у радах арміі: ваяваў на Варонежскім, 1-м Украінскім і іншых франтах. Старшы шафёр маставой роты пантонна-маставога батальёна яфрэйтар І.І.Крукаў вызначыўся ў Кіеўскай вобласці пры фарсіраванні Дняпра. Пры яго актыўным удзеле з 25 верасня па 8 кастрычніка 1943 г. пад агнём праціўніка было перапраўлена на пароме 2465 салдат і афіцэраў, 47 гармат, 3570 скрынак з боепрыпасамі. Калі ў некалькіх месцах былі прабіты пантоны, Крукаў хутка ліквідаваў няспраўнасць і вывеў дэсант з-пад абстрэлу.

Званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 10 студзеня 1944 г.

Пасля вайны І.І.Крукаў працаваў механікам, а затым старшынёй Дарасунскага пасялковага Савета Чыцінскай вобласці. 3 1976 г. жыў у Чарнігаве.

ЛАДУЦЬКА ІВАН ІВАНАВІЧ

Нарадзіўся 28 кастрычніка 1916 г. у в. Стары Пруд. У 1939 г. скончыў Кіеўскае пяхотнае вучылішча. У Чырвонай Арміі з 1936 г. 3 1942 г. ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Стэпавым, Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах. Камандзір стралковага батальёна маёр І.І.Ладуцька вызначыўся ў баях за вызваленне Польшчы. 14 студзеня 1945 г. на заходнім беразе Віслы падняў у атаку дзве роты свайго батальёна, якія пераадолелі траншэі праціўніка і ўклініліся ў зону яго абароны. 15 студзеня 1945 г. яго батальён захапіў 12 аўтамашын праціўніка, 13 кулямётаў, шмат боепрыпасаў, першым выйшаў на польска-германскую граніцу.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 27 лютага 1945 г. Вайну закончыў у Берліне. Да 1972 г. служыў у Савецкай Арміі, палкоўнік. Жыў у г. Калуга.

ТАРЛОЎСКІ ВАСІЛЬ ІВАНАВІЧ

Нарадзіўся 14 жніўня 1902 г. у в. Ачыжа. У 1940 г. скончыў Мінскі педінстытут, працаваў настаўнікам у Чэрвеньскім раёне. 3 чэрвеня 1941 г. ваяваў на Паўднёвым, Данскім, Варонежскім і Прыбалтыйскім франтах. Камандзір стралковай роты, старшы лейтэнант В.І.Тарлоўскі вызначыўся ў баях пры вызваленні Віцебскай вобласці. 24 чэрвеня 1944 г., калі пачалася аперацыя “Баграціён”, рота пад яго камандаваннем першай у дывізіі фарсіравала Заходнюю Дзвіну, захапіла плацдарм і ўтрымлівала яго да падыходу асноўных сіл дывізіі.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 22 ліпеня 1944 года. У запас В.І.Тарлоўскі звольніўся ў званні маёра ў 1953 годзе. Выкладаў у школе  г.Іванава.

 

Кавалер ордэна Славы

Леў Мікалаевіч Міхіевіч  адзіны ў Чэрвеньскім раёне кавалер ордэна Славы трох ступеней. Семнаццацігадовым юнаком пакінуў ён родную в. Рэчкі і паехаў на нова-будоўлі Поўначы. Працаваў слесарам на суднарамонтнай верфі ў Мурманску.

У 1940 г. прызваны ў Чырвоную Армію, стаў салдатам сапёрнага батальёна. Неўзабаве яго накіравалі ў кулямётна-мінамётнае вучылішча. Але вучоба працягвалася нядоўга — пачалася вайна. У першы ж дзень каля адзінаццаці гадзін раніцы над паўвостравам Рыбачы нечакана з’явіліся фашысцкія самалёты і пачалі бамбіць. Праз 15 — 20 хвілін прыляцелі яшчэ некалькі самалётаў, скінулі парашутны дэсант. Вучэбная рота кулямётчыкаў уступіла з імі ў бой. 150 чалавек варожага дэсанта былі знішчаны. Ужо ў гэтым першым баі Л.Міхіевіч праявіў сябе смелым і знаходлівым воінам, трапным стралком.

Да верасня 1941 г. у складзе 170-га армейскага інжынернага батальёна старшы сяржант Міхіевіч ваяваў на Мурманскім напрамку. Асабіста абясшкодзіў 48 авіябомбаў замаруджанага дзеяння, а яшчэ больш падарваў.

Тэрмінова набыў спецыяльнасць танкіста. Удзельнічаў у абароне  Ленінграда. Абараняючы горад, Леў Міхіевіч спаліў у баях шэсць танкаў ворага, знішчыў яго мінамётную батарэю. У гэтых баях яго танк быў падбіты. Цяжкапараненага Міхіевіча даставілі ў шпіталь. Пасля выздараўлення зноў вярнуўся на фронт, удзельнічаў у баях пад Сінявінам, Ціхвінам, Мгой. Зноў быў цяжка паранены і зноў вярнуўся пад Ленінград, але не танкістам, а памочнікам камандзіра сапёрнага ўзвода. У 131-м стралковым палку 205-й стралковай дывізіі, дзе ён ваяваў да Перамогі, Міхіевіч адным з першых стаў поўным кавалерам ордэна Славы. Ён вызваляў гарады Гдыня, Данцыг, Пілау.

Старшына Л.М.Міхіевіч служыў у арміі да 1956 г. Дэмабілізаваўшыся, ён пераехаў у Ленінград — горад, які абараняў пад час блакады. Доўгі час ветэран вайны працаваў на Ленінградскім электрамеханічным заводзе.

(Паводле кнігі “Памяць. Чэрвеньскі раён”)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *