Суціну — помнік, Царфіну — музейны пакой

Общество

Як мы паведамлялі ўжо («Раённы веснік» №106-107 за 4 чэрвеня), падчас прэзентацыі ў Смілавічах фільмаў з аўтарскага цыкла Алега Лукашэвіча «Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі» абмяркоўваліся перспектывы ўвекавечання памяці сусветнавядомых землякоў-мастакоў.

— Існуе адмысловы праект, распрацоўшчыкамі якога з’яўляюцца Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, «Белгазпрамбанк» і заснавальнік музея «Прастора Хаіма Суціна» Уладзімір Шчасны, — распавяла падрабязнасці дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці Смілавічаў Ала Шыдлоўская. — Ён, у прыватнасці, прадугледжвае стварэнне ў Смілавічах помніка Хаіму Суціну шляхам аб’яўлення конкурсу, адкрыццё трэцяй залы музея «Прастора Хаіма Суціна», прысвечанай жыццю і творчасці яшчэ аднаго ўраджэнца Смілавічаў, мастака Парыжскай школы Сэма Царфіна, наданне алеі ў гарадскім пасёлку назвы «Алея мастакоў» або «Алея Хаіма Суціна».

Праект разлічаны да 2017 года. Зацікаўленасць у матэрыяльнай падтрымцы для яго рэалізацыі выказалі прадстаўнікі малога бізнесу нашага раёна. Мяркую, што помнік установяць у наступным ці 2016 годзе. Рамонт памяшкання пад трэцюю музейную залу будзем весці гаспадарчым спосабам. А самымі каштоўнымі экспанатамі новай экспазіцыі стануць дзве карціны Сэма Царфіна, якія падаравалі нашаму музею яго сваякі з Парыжа.

І.УЛАДЗІМІРАЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *