Народны каляндар

Общество

Пачатак лета. Назва тлумачыцца чырванню кветак і першых ягад, а таксама нашэсцем-выпаўзаннем чарвякоў. Вось як гэты месяц адлюстраваны ў назіраннях нашых продкаў:

Лета на зіму працуе.

Летні дзень — рок.

Не поле родзіць, а лета.

Лета прыгатуе, а зіма з’есць.

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.

Лета праляжыш, дык узімку ў пазыкі пабяжыш.

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.

Чэрвень — пралецця скон, а лета — у гон.

Чэрвень не гуляе — ураджай люляе.

У месяцы самы доўгі дзень года – 22 чэрвеня (працягваецца болей 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Сонечныя праменні ў гэты час утвараюць з паверхняй зямлі найбольшы вугал – у Мінску амаль 60 градусаў.

 

4 чэрвеня. Васіліска. «Ад Васіліска і салавей блізка»

5 чэрвеня. Дзень памяці Ефрасінні Полацкай (Прадславы) – князёўны, манашкі-асветніцы XII стагоддзя. З блізкіх і далёкіх ваколіц людзі пешшу хадзілі ў Полацк пакланіцца «сваёй Ефрасінні» і «абракацца», каб дапамагала ў зямных нягодах.

6 чэрвеня. Сымон, Мікіта, Мялецій, Сцяпан, Іван, Серапіён, Калінік, Хведар. Калі ў гэты дзень, стаяла цёплае надвор’е, то для пчаляроў існавала прафесійная прыкмета: «Калі выйдзець рой перад Янам, будзець зямец панам». Незапознены вылет пчол абяцаў багаты медазбор.

11 чэрвеня. Іван, Хвядосся. «Хвядосся-каласяніца — жыта каласіцца».

14 чэрвеня. Усцін (Юстын і Харытон). З прысвяткам звязаны прыкметы пра рост зерневых раслін. «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён». «На Усціна лета ўдаецца – жыта добрым коласам нальецца»

16 чэрвеня. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна – на добры ўраджай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні – сырое лета прынясе.

20–21 чэрвеня. Дзень астранамічнага сонцастаяння. Купалле — старажытнае паганскае свята ў гонар летняга сонцастаяння. У гэты сонечны перыяд дзень найбольш доўгі, а ноч найбольш кароткая — так нашыя продкі вызначалі чароўную ноч. Пасля прыняцця хрысціянства паганскае Купалле было сумешчана з днём Іаана Хрысціцеля (як і большасць хрысціянскіх святаў), таму зараз мы маем свята Івана Купала (Купалле), альбо Іванаў (Янаў) дзень.

Дык чаму ж Купаллi два? Усё ідзе адтуль жа, з хрысціянскай традыцыі ды змены каляндара. Па адліку каталікоў, Янаў дзень святкуецца з 23 на 24 чэрвеня, што максімальна набліжана да дня летняга сонцастаяння. Згодна з календаром праваслаўных, свята адбываецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

25 чэрвеня. Анапрэй (Нупрэй) – прысвятак. З імем Анупрэя ў сялянскім календары звязвалі паспяванне на ўзвышшах суніц. Па гаспадарках прынята было сеяць да абеду якое-небудзь белае зерне, а па абедзе — чорнае, грэчку. Выкананне гэтага правіла гарантавала ўдачу, што пацвярджала прыказка: «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ». Часам жа лічылі, што трэба толькі заворваць пад грэчку, а сеяць яе назаўтра.

26 чэрвеня. Акуліна (Акуліна Грэчышніца, Акуліна-задзярыхвост) – прысвятак. У некаторых раёнах сеялі грэчку, падрыхтаваўшы глебу на Нупрэя.

28 чэрвеня.  Іона, Рыгор, Мадэст, Еранім, Хведар, Лазар, Яфрэм, Аўгусцін, а таксама прарок Амос. Пасеяны незадоўга перад гэтым авёс тым часам прабіўся скрозь зямлю зялёнымі парасткамі. Разам з рунню прарастала ў народзе прыкмета, якая прыставіла да аўса спецыяльнага апекуна: «Прарок Амос цягне ўгару авёс».

29 чэрвеня. Ціхан. Зямля прыпавольвае свой рух на арбіце, і ў народзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень. «На Ціхана, і пеўчыя птушкі заціхаюць». «На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае».

30 чэрвеня. Мануіл, Савел, Ісмаіл. «На Мануіла сонца застойваецца».

 

Падрыхтавана па сайтах інтэрнэта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *