Канцэрт старадаўняй музыкі прысвяцілі 195-годдзю з Дня нараджэння Станіслава Манюшкі

Общество

Падрыхтавала гэты цудоўны канцэрт і выступіла з ім у Чэрвеньскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа добра вядомая ў нашым раёне і за яго межамі народная музычная капэла “Ігуменскія крыніцы”  выкладчыкаў Школы мастацтваў (кіраўнік калектыву — Васіль  Капцелаў, канцэртмайстар Алег Калеснік). Гэта ўжо не першае яе выступленне  ў каталіцкім храме, дзе адметная акустыка надае высакароднасць гучанню скрыпкі, цымбалаў, баяна, габоя, балалайкі, кантрабаса, ударных музычных інструментаў музыкаў і прыгожых галасоў спевакоў.

Рэпертуар складаўся з вядомых твораў  Мацея Радзівіла, Напалеона Орды, Войцеха Длугарая, Міхаіла Ельскага… Але пераважная большасць была аддадзена творчасці нашага знакамітага земляка Станіслава Манюшкі. Гучалі яго зачароўваючыя мелодыі “Паланэза”, “Вальса №5”, “Вясновай мелодыі”, “Мазура №40, “Фрашкі №3”, песні “Казак”, “Кум і Кума”, “Праснічка”  ў цудоўным выкананні салістаў Андрэя Каленіка і Галіны Прышывалка.

Менавіта з твораў Манюшкі і распачаўся канцэрт у касцельнай зале, дзе сабраліся мясцовыя аматары музыкі і госці — удзельнікі  пленэра юных мастакоў Беларусі, Польшчы і Расіі.  Таму і вітала прысутных вядучая Людміла Дарагуж на трох мовах — беларускай, польскай і рускай. Як заўжды, натхнёна, уражліва вяла яна свой расповед пра аўтараў і іх музычныя творы, што спрыяла яшчэ больш пранікнёнаму ўспрыняццю слухачамі. Паколькі прысутнічала шмат гасцей, то  патлумачыла назву капэлы, якая звязана з гістарычным імем горада Ігумен. І нагадала, што на Ігуменшчыне нарадзіліся сусветна вядомыя мастакі Парыжскай школы Хаім Суцін і Сэм Царфін, жылі і працавалі  прадстаўнікі славутага роду Ельскіх, знакаміты беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык Мікола Равенскі. Тут карані генія нацыянальнай паэзіі Максіма Багдановіча і класіка беларускай песні Ігара Лучанка. Родам з нашага раёна музыказнаўца Сіма Герасімаўна Нісневіч, кампазітар і педагог Кім Дзмітрыевіч Цесакоў.

Але найбольш увагі ўдзяліла Людміла Дарагуж радаслоўнай і творчасці Станіслава Манюшкі — кампазітара, дырыжора, педагога, арганіста, якім мы ганарымся сёння і 195-годдзе з дня нараджэння якога адзначылі сёлета.

— Яго бацька паходзіў са старажытнага роду Манюшкаў, маці была праўнучкай Аванэса Маджаранца, стваральніка на Беларусі вытворчасці знакамітых слуцкіх паясоў.  Імя кампазітара кожны год  узгадваюць не толькі на Беларусі, але і ў Літве і Польшчы, паколькі яго творчасць паўплывала на развіццё музычнага мастацтва і культурнага жыцця нашых суседзяў,  — зазначыла Людміла Дарагуж. Яна расказала, што першыя музычныя спробы кампазітара былі звязаны з творчасцю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у садружнасці з якім Манюшка напісаў некалькі опер, у тым ліку знакамітую “Сялянку”, якая, па-сутнасці, была першай беларускай операй, бо ўпершыню са сцэны загучала беларуская мова. Затым былі зборнікі фартэп’янных п’ес, творы так званага “Хатняга спеўніка” на сюжэты і тэксты беларускіх народных песень, перакладзеныя на польскую мову Янам Чачотам, Уладзіславам Сыракомляй і іншымі тагачаснымі паэтамі. Гэтыя творы, на думку Станіслава Манюшкі, павінны былі спрыяць далучэнню мясцовай інтэлігенцыі да скарбаў беларускай народнай творчасці.

Пра многія іншыя біяграфічныя факты на прыгожай беларускай мове распавядала вядучая перад канцэртам “Ігуменскіх крыніц”.

Прыемна, што гэтым разам капэла выканала і новыя творы, якія яшчэ не чулі раней чэрвеньскія аматары музыкі, а песня “Праснічка” прагучала па-польску.

Канцэрт быў цёпла сустрэты слухачамі, якія дзякавалі гучнымі апладысментамі, кветкамі і сардэчнымі словамі. Старадаўняя музыка ў прафесійным выкананні выкладчыкаў Школы мастацтваў заўжды пакідае вельмі прыемныя ўражанні, ускалыхвае душу, таму кожны канцэрт — гэта радасць, жаданая падзея.

Любяць выступаць у храме і самі ўдзельнікі “Ігуменскіх крыніц”. Яны робяць вялікую справу, бо, адраджаючы спадчыну, павышаюць нашу нацыянальную годнасць.

 

Эма

МІКУЛЬСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *