Гістарычны шлях у дзевяноста год

Люди и судьбы

(Працяг)

АДНАЎЛЕННЕ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ

Удзельнікі раённай сельскагаспадарчай выставы. 15 лістапада 1954 года
Удзельнікі раённай сельскагаспадарчай выставы. 15 лістапада 1954 года

Надавалася вялікае значэнне садаводству і агародніцтву. У некаторых сельгасарцелях пачалі вырошчваць высокаўраджайныя сарты памідораў, новыя селекцыйныя сарты дыняў і кавуноў. У пяці калгасах заклалі вінаградныя гадавальнікі, у двух сельгасарцелях — вінаградныя плантацыі на 70-100 кустоў.

У сакавіку  1948 года ў г.Чэрвені пры харчпрамкамбінаце пачаў выпускаць прадукцыю  крухмала-патачны завод. Былі адкрыты два новыя магазіны — універмаг і  гаспадарчых тавараў.

У верасні 1952 года ў Чэрвені  адкрылі дзіцячую музычную школу. У ёй меліся фортэпіяннае і струннае аддзяленні, а таксама народных і духавых інструментаў. Вучылася ў школе 90 дзяцей.

У 1954 годзе адкрылі сярэднюю школу №2.  Першым дырэктарам яе быў Аляксей Дзмітрыевіч Белагорцаў.

Добраўпарадковаўся раённы цэнтр. Тут з’явіліся тры новыя вуліцы, адрамантавалі 7,4 км асноўных вуліц, паклалі каля 415 пагонных метраў тратуараў, пасадзілі 500 дэкаратыўных дрэў.

26 верасня 1954 года адбылася раённая сельскагаспадарчая выстава. У ёй прымалі ўдзел 200 перадавікоў сельскай гаспадаркі, амаль усе калгасы, саўгасы і МТС. За поспехі і дасягненні ў  развіцці садаводства многія гаспадаркі сталі ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы. Сярод іх — калгасы «Бальшавік» і «Радзіма».

Паспяхова завяршылі 1954 год калектывы 14 цэхаў бытавога абслугоўвання насельніцтва. У Чэрвені адкрылася атэлье па індывідуальным пашыве і рамонце адзення. Актыўна вяліся работы па завяршэнню будаўніцтва агароднінасушыльнага завода і торфапрадпрыемства «Чэрвеньскае».

ПРАЦАЙ ВЫЗНАЧЫЛІСЯ

Ардэнаносцы саўгаса “Натальеўск”
Ардэнаносцы саўгаса “Натальеўск”

1957 год у раёне вызначыўся шырока разгорнутым спаборніцтвам у гонар 40-годдзя савецкай улады. Ажыццяўляючы рашэнні ХХ з’езда партыі, большасць калектываў прамысловых прадпрыемстваў датэрмінова выканалі план выпуску прадукцыі, а ў цэлым па раёну на 101,1%. За дасягнутыя поспехі 28 перадавікоў вытворчасці Чэрвеньскага раёна былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза.

Працай вызначыліся многія нашы землякі, дзесяці з іх прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай працы. Гэта Градовіч Валянціна Іосіфаўна — цялятніца саўгаса «Раванічы», Варабей Петр Васільевіч — брыгадзір леспрамгаса, Ганчарык Аляксандр Пятровіч — заслужаны сувязіст БССР, Цэдрык Ганна Якаўлеўна — свінарка саўгаса «Натальеўск», Харытановіч Мікалай Васільевіч — майстар механічнага цэха Мінскага завода шасцерняў, Салаўёва Яніна Васільеўна — работніца Мінскага камвольнага камбіната, Прусава Роза Кандратаўна — тэхнік Мінскага трактарнага завода, Мыслівец Валянціна Пятроўна — даярка дзяржплемстанцыі «Шчыкатовічы» Дзяржынскага раёна, Мірановіч Яўген Фёдаравіч — заслужаны аграном БССР, Зыль Пётр Васільевіч — дырэктар Мінскага завода  імя Вавілава.

 

РАЗВІВАЛАСЯ САЦЫЯЛЬНАЯ СФЕРА

Чэрвеньскае ПТВ-80
Чэрвеньскае ПТВ-80

У канцы 1960-х гадоў у раёне налічвалася 10 сярэдніх, 14 сямігадовых і 55 пачатковых школ, у якіх навучалася 6949 дзяцей. Была створана шырокая сетка медыцынскіх устаноў: раённая бальніца на 185 ложкаў, амбулаторыя, санітарна-эпідэміялагічная станцыя, 4 сельскія бальніцы на 45 ложкаў, 15 ФАПаў, 19 аптэк.

Мелася ў раёне 51 культурна-асветная ўстанова: раённы Дом культуры, 10 сельскіх, 27 калгасных і прафсаюзных клубаў, 10 хатаў-чытальняў, раённая бібіліятэка для дарослых і дзіцячая бібіліятэка. Былі радыёфікаваны 104 населеныя пункты, у іх мелася 5084 радыёкропкі.

У 1960 годзе ўведзена ў строй першая ў раёне аўтаматычная тэлефонная станцыя на 300 нумароў.  У 1966 годзе адкрылася Чэрвеньскае ПТВ-80. Напачатку размяшчалася ў прыстасаваным памяшканні па вул.К.Маркса. 1 верасня 1976 года новы навучальны год калектыў вучылішчы пачаў ў новым будынку на вуліцы Мінскай.

Алена Забаронак,

дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *