«Фарбы роднай зямлі»

Общество

Аня Мішына
Аня Мішына

У пятнаццаты раз пад такой назвай  на самым пачатку лета сабраў юных дараванняў дзіцячых школ мастацтваў абласны конкурс-пленэр. Па добрай шматгадовай традыцыі ён праводзіўся на Чэрвеньшчыне,  дзе радуюць вока  маляўнічыя краявіды, захапляюць цікавыя гістарычныя мясціны.

Сёлета пленэр прысвячаўся адметнай для нашага народа даце — 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыехалі паспрабаваць свае сілы ў конкурсе і паказаць уласныя здольнасці 28  хлопчыкаў і дзяўчынак Міншчыны, а яшчэ ўпершыню — іх равеснікі з Расіі і Польшчы. Удзельнічалі ў ім і выхаванцы Чэрвеньскай школы мастацтваў выкладчыка Віталія Уладзіміравіча Чарнаўца  — Цімафей Козыраў (на здымку ўверсе), Ганна Мішына, а таксама Смілавіцкай школы мастацтваў выкладчыка Таццяны Уладзіміраўны Дзікай — Кацярына Панова.

Цімафей Козыраў
Цімафей Козыраў

Кацярына Панова — самая вопытная сярод юных прадстаўнікоў нашага раёна: сёлета яна выпускніца мастацкага аддзялення (пяць гадоў спасцігала таямніцы малявання), ужо не раз удзельнічала ў конкурсах. Яна любіць прыроду, фантазіраваць. У Ведрыцы, у другі дзень сваёй творчай працы,  старалася перадаць  цудоўныя вясковыя краявіды, тое, што захапіла яе ўчэпісты позірк, не пакінула раўнадушным чулае сэрца.

Віталій Уладзіміравіч Чарнавец сёлета на пленэр рэкамендаваў выхаванцаў малодшай групы, каб юныя таленты набывалі неабходны вопыт удзелу у такіх адказных конкурсах. Нягледзячы на невялікі ўзрост — Цімафею Козыраву 9 гадоў, Ані Мішынай— 12, яны выдатна справіліся з заданнямі. Між іншым, работа падчас пленэру няпростая: кожны дзень — выезд на новае месца,  патрабуецца канцэнтрацыя ўвагі, уменне скіраваць свой настрой на працу, прыўзняць творчае натхненне. А да ўсяго і дожджык  часам  перашкаджаў, прыспешваў…

Дзіяна Чарнец
Дзіяна Чарнец

І ўсё ж папрацавалі юныя мастакі шчыра, так што і выбраць самыя лепшыя работы журы было даволі складана.  Пільна разглядалі кожны малюнак, унікаючы ў задуму аўтара і яе рэалізацыю старшыня журы, член  Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў (г.Масква) мастак ААА «Белпрынт» Леанід Міхайлавіч Гоманаў, мастацтвазнаўца, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Васільеўна Шаранговіч і дырэктар галерэі «Універсітэт культуры» Наталля Аляксандраўна Барсукова.

Кацярына Панова
Кацярына Панова

Гран-пры атрымала Дзіяна Чарнец са Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Наша Аня Мішына выйшла на другое месца ў конкурсе ў складзе малодшай групы, з чым мы шчыра яе віншуем. Аня трэці год вучыцца ў Віталія Уладзіміравіча Чарнаўца, ужо  аднойчы спрабавала свае сілы ў гэтым конкурсе, але тады яна больш прыглядалася ды набывала ўпэўненасць, а цяпер усур’ёз вырашыла паспаборнічаць — і здольную дзяўчынку прыкмеціла журы.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

На здымках:

Дзіяна Чарнец

Кацярына Панова

Цімафей Козыраў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *