Зноў «Ветразь» сабраў сяброў

Общество

Адбылося чарговае паседжанне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь». Яно было прысвечана шасцідзесяцігадоваму юбілею мастака — жывапісца, нашага земляка Генадзя Вацлававіча Матусевіча і выдатнаму кампазітару, музыказнаўцу і педагогу Эльзе Рабертаўне Зубковіч.

Генадзь Матусевіч нарадзіўся 10 красавіка 1954 года ў Чэрвені. Род  Матусевічаў быў шляхецкім і меў свой герб: два белыя лебедзі, адзін з якіх намаляваны на чырвоным шчыце. Генадзь скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1974 год), затым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1985 год).  Генадзь Вацлававіч з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў, працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, скульптуры і керамікі. Узнагароджаны медалём Язэпа Драздовіча «За плён у мастацтве». Яго творы захоўваюцца ў фондах Беларускага Саюза мастакоў, музеях сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Магілёўскім абласным музеі імя Паўла Масленікава, а таксама ў асабістых калекцыях Ірландыі, Англіі, Польшчы, Расіі, Балгарыі.

Аб усім гэтым прысутным распавяла ўдзельніца клуба Раманькова Аляксандра Ўладзіміраўна.

Старшыня клуба Ўладзімір Дарагуж прадэманстраваў  фатаграфіі прац Генадзя Вацлававіча. Сярод іх  — мемарыяльныя дошкі: Міколы Равенскага (першая скульптурная праца аўтара), Марыі Мякоты; драўляныя скульптуры «Маці-Ігумення», помнік Станіславу Манюшку, «П’ета» — помнік палякам, расстраляным 26 чэрвеня 1941 гады,  і іншыя;

жывапіс: «Галубіная пошта», «Веска», «Дровы», «Зайцы», «Заранкі», «Крык савы», «Сонейка» — на гэтай выдатнай карціне намалявана пляменніца аўтара, якая з цікавасцю зазірае ў акно, і шматлікія іншыя карціны;

разьба: «Адам і Ева», «Баннік», «Жнец», «Лесавічок», «Пентхаўс для птушак», «Рыбак» і іншыя.

Пад уражаннем ад убачанага мастаку задавалі пытанні. У прыватнасці, хто дапамагае ў яго працах з дрэвам? Генадзь Вацлававіч адказаў, што дапамагае чатырнаццацігадовы сын.

Экскурс у біяграфію Эльзы Зубковіч правяла бібліёграф Святлана Тукай.

Кампазітар, музыказнаўца, педагог Эльза Рабертаўна Зубковіч нарадзілася ў 1895 годзе ў Мінску. У 1914 годзе скончыла Мінскую музычную школу, навучанню ў кансерваторыі перашкодзіў пачатак Першай Сусветнай вайны. Засталася працаваць у Менскам шпіталі, дзе бацька займаў пасаду галоўнага лекара. Пазнаёміўшыся з прафесарам Варшаўскай кансерваторыі Георгіем Жураўлёвым, прыватна за чатыры гады прайшла з ім поўны курс кансерваторыі для фартэпіяна, адначасова ўдзельнічаючы ў канцэртах.

Прафесар Эльза Зубковіч была выкладчыкам Менскай кансерваторыі з 1933 па 1941 гады. У канцы трыццатых гадоў за навуковую распрацоўку тэмы «Фартэпіянная творчасць Брамса» яна атрымала ступень дацэнта. Падчас вайны апынулася з  сям’ёй у Нямеччыне, пахавала мужа, а адтуль эмігравала ў ЗША, дзе працягвала педагагічную дзейнасць. З 1952 года ўвесь час жыла ў Нью-Йорку. Там жа ў 1983 годзе Эльза Зубковіч і памерла.

Сталыя члены клуба чыталі вершы, да якіх кампазітар пісала музыку. Верш Наталлі Арсеньевой «Толькі гэткім, як Ты…», дарэчы сказаць, быў напісаны да васьмідзесяцігоддзя Эльзы Рабертаўны. Наталля Арсеньева і Эльза Зубковіч былі сяброўкамі.

Прысутныя з задавальненнем паслухалі вершы Алеся Гаруна «Ветру» і Міхася Кавыля «Я душу невыгойна параніў». Аднайменныя рамансы прагучалі ў выкананні Таццяны Грыневіч-Матафоновой.

На гэтай лірычнай ноце і скончылася чарговае паседжанне клуба.

 

Кацярына Дземахіна, 

бібліятэкар

Чэрвеньскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

Фота

Святланы Тукай



1 комментарий по теме “Зноў «Ветразь» сабраў сяброў

  1. Рад увидеть моего учителя по физике.

    Крепкого ему здоровья

    Марат Ботвинник

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *