Турнір юных самбістаў на прыз Абраменкі

Спорт

У школе алімпійскага рэзерву ў Смілавічах 10 мая адбыліся спаборніцтвы юных самбістаў Беларусі на прыз чэмпіёна свету па самба, чэмпіёна СССР па дзюдо Віктара Абраменкі.

На турнір пад кіраўніцтвам сваіх трэнераў з’ехаліся юныя самбісты з розных рэгіёнаў Беларусі. У якасці гасцей прысутнічалі многія вядомыя ў краіне і ва ўсім свеце майстры самба і дзюдо.

У Смілавічах пачыналі свой спартыўны шлях алімпійскія і паралімпійскія чэмпіёны Валерый Шарый і Людміла Ваўчок, многія іншыя вядомыя спартсмены. Пад кіраўніцтвам Яўгена Агейчыка (цяпер заслужанага трэнера Беларусі) ў Смілавічах пачынаўся спартыўны шлях чэмпіёна свету Віктара Аўраменкі, на прыз якога і былі праведзены гэтыя спаборніцтвы. Першы яго трэнер, заслужаны трэнер нашай краіны Яўген Агейчык распавёў пра жыццё і дзейнасць свайго знакамітага вучня. Як і многія смілавіцкія хлапчукі, Віктар займаўся футболам і боксам, паказваў вельмі добрыя вынікі ў раёне і рэспубліцы, заваяваўшы некалькі прызавых месцаў. Але больш яго вабіла іншае, і ён прыйшоў у секцыю самба. Сваёй працай, упартымі трэніроўкамі Абраменка дабіўся выдатных поспехаў у самба і дзюдо — дзяліўся ўспамінамі Яўген Агейчык. Віктар Абраменка стаў чэмпіёнам СССР і свету сярод студэнтаў і майстрам спорту міжнароднага класа.  Ён быў і добрым трэнерам, выхаваўшы плеяду выдатных спатсменаў. На жаль, Віктар занадта рана, у 42 гады, пайшоў з жыцця.

Яўген Агейчык прадставіў гасцей турніру — вядомых спартсменаў. Некаторыя з іх цяпер працуюць у Савеце Бяспекі Прэзідэнта Беларусі А.Г.Лукашэнкі. Агейчык падзякаваў юным самбістам, іх бацькам і трэнерам, усім, хто прыехаў у Смілавічы на спаборніцтвы ў святочныя для нашай краіны дні Перамогі і Чэмпіянату Свету па хакею.

Вітаючы і віншуючы прысутных са святамі, старшыня федэрацыі самба і дзюдо Беларусі, трохразовы чэмпіён свету па баявому самба Уладзімір Япрынцаў добрымі словамі ўспамінаў майстра спорту міжнароднай катэгорыі Віктара Абраменку, пажадаў юным самбістам перамог у сумленнай барацьбе і каб маладыя самбісты былі прыкладам.

Пасля быў выкананы Нацыянальны гімн Беларусі і падняты сцяг спаборніцтваў.

У цудоўнай спартыўнай зале школы алімпійскага рэзерву прайшлі спаборніцтвы ў 18 вагавых катэгорыях. Хваляваліся ўсе. Эмоцыі захлёствалі праз край. Трэнеры і бацькі юных самбістаў хваляваліся не менш, чым іх дзеці. Чуваць былі воклічы: «Даціскай!», «Станавіся на мост!»,  «Не здавайся!» Асабліва хваляваўся і падтрымліваў сына Сяргей Шчарбачэня, былы начальнік смілавіцкага участка міліцыі, маёр міліцыі ў запасе, сам былы барэц. Яго сын, дзесяцігадовы чацвёртакласнік Жэня Шчарбачэня (на здымку), стаў адным з прызёраў спаборніцтваў на прыз свайго знакамітага земляка Віктара Абраменкі.

Турнір юных самбістаў прайшоў у сяброўскіх абставінах.

Уладзімір Шулякоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *