Святкаванне ў Смілавічах

Общество

9 мая дзень пачынаўся прыгожым сонечным ранкам. Усталявалася сапраўднае цяпло, што адпавядала ўзнёсламу настрою смілаўчан. Да 10-й гадзіны жыхары пасёлка сабраліся ля Смілавіцкага пасялковага Савета. Адсюль пачалося шэсце да брацкай магілы воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе пры вызваленні Смілавіч. Уперадзе з былым малалетнім вязнем канцлагера Іванам Аляксандравічам Гайдуком ішлі калоны першай і другой сярэдніх школ, Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, ліцэя.

Уся вуліца Савецкая ад будынка пасялковага Савета да могілак была запоўнена супрацоўнікамі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, жыхарамі пасёлка. Усе ішлі з кветкамі. Ля брацкай магілы адбыўся мітынг, які адкрыла старшыня пассавета Ірына Пятроўна Марціновіч. Яна павіншавала прысутных з вялікім святам, выказала словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам вайны, якія змагаліся з фашысцкімі акупантамі і аддалі жыцці за сённяшні мірны шчаслівы дзень.

Ад імя працоўнага калектыву Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі з пранікнёнымі словамі звярнуўся да прысутных дырэктар Васіль Мікалаевіч Сабан. Шчыра  павіншаваў удзельнікаў мітынгу воін-інтэрнацыяналіст, выкладчык Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Юрый Антонавіч Смаленскі.

Ад імя Чэрвеньскага райвыканкама жыхароў пасёлка павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Ала Канстанцінаўна Шахоцька.

Загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барысаўна Гоман уручыла прызы смілавіцкім школьнікам — пераможцам у конкурсе здымкаў аб роднай Беларусі.

У затоенай цішыні расказваў аб сваім цяжкім дзяцінстве Іван Аляксандравіч Гайдук. У гэты момант у жанчын выступалі слёзы. Многія ўдзельнікі мітынгу стараліся з ім сфатаграфавацца (на здымку справа).

Юныя смілаўчане чыталі вершы, прысвечаныя Перамозе, неслі ганаровую вахту.

Брацкую магілу асвяціў айцец Мікалай. Святар не толькі павіншаваў удзельнікаў мітынгу, але і заклікаў свята захоўваць у сэрцах памяць аб загінуўшых.

Магіла патанула ў кветках. Іх усклалі ўсе прысутныя.

Свята працягвалася ў Цэнтры адпачынку. Тут адбыўся вялікі святочны канцэрт. Трэба адзначыць адну акалічнасць. На канцэрт прыйшло шмат матуль і татаў з дзіцячымі каляскамі. Менавіта за такое бацькоўскае шчасце змагаліся ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта — будучыня нашай Айчыны.

Увечары святкаванні працягваліся. Завяршылася свята салютам.

Увесь дзень працавалі ў парку гандаль, дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі.  Кожны знайшоў сваё месца ў святочных мерапрыемствах.

Іван ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *