«Сердцу полезное слово»

Люди и судьбы

Ярким огнем на облаках

Жизнь загорается снова.

Было всегда свято в веках

Сердцу полезное слово.

Г. Пономарев

Такімі радкамі пачалося мерапрыемства, якое прайшло ў Запольскай сельскай бібліятэцы. У 2014 годзе я стаў пенсіянерам. Зразумела, з’явілася больш вольнага часу. І мяне, як чалавека творчага, пацягнула ў бібліятэку. У адзін з красавіцкіх дзён пры чарговым яе наведванні ў аграгарадку «Запольскі» звярнуў увагу на абвестку: «11 красавіка а 17-й гадзіне адбудзецца сустрэча-гутарка аб праваслаўнай кнізе і паэзіі. Запрашаюцца ўсе жадаючыя». Дадам, што запрашэнне прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве прагучала таксама і з вуснаў шаноўнай спадарыні Загарулька Святланы Іванаўны, якая працуе загадчыцай бібліятэкі. Памятаючы пра тое, што набліжаецца найвялікшае свята ў жыцці праваслаўных і каталіцкіх вернікаў — СВЕТЛАЕ ХРЫСТОВА ЎВАСКРЭСЕННЕ ( ПАСХА) — вырашыў удзельнічаць. І не пашкадаваў. Больш таго, лішні раз пераканаўся ў тым, што любое мерапрыемства, калі падыходзіць да яго творча і адказна, будзе не толькі цікавым, але і карысным.

Вяла сустрэчу-гутарку спадарыня Сівак Наталля Рыгораўна. На жаль, я не быў з ёй асабіста знаёмы да гэтай сустрэчы. Аднак чуў пра яе, як вельмі цікавую настаўніцу (яна шмат гадоў працавала ў Запольскай школе), чытаў яе вершы і нататкі на старонках «Раённага весніка». Апошнім часам мы сустракаліся ў царкве аграгарадка «Запольскі», дзе Наталля Рыгораўна нясе розныя паслушанні. З радасцю даведаўся пра тое, што менавіта яна арганізавала і вядзе Нядзельную школу для дзетак аграгарадка і навакольных вёсак.

На гэтай сустрэчы былі прадстаўлены цудоўна аздобленыя яе рукамі шматлікія абразы Божай Маці, праваслаўныя кнігі. Каб у чытачоў газеты склалася правільнае ўражанне, хачу падкрэсліць,  што ўсе абразы асвешчаны святаром чынам спецыяльных малітваў.

Тое, што было зроблена Наталляй Рыгораўнай, закранала толькі контуры па-за абразом (у межах рамкі). Святлана Іванаўна прынесла святыні, прывезеныя яе ўнучкай з Іерусаліма — Крыж з часцінкамі Святой зямлі, малітва на асвяшчэнне дома. Вельмі цікава было слухаць роспавяд аб зямным жыцці Божай Маці. Вымаленае ў Бога дзіця, Дзева Марыя ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню Усявышняму. Яна нарадзіла Збавіцеля, спавіла ў яслях, расціла Яго і Сама здымала Яго з Крыжа. Праз усе пакуты Маці Божая пранесла адданасць Богу і  любоў да людзей. Яна і сёння з’яўляецца нашай найпершай Заступніцай. Гісторыя свята Звествавання (Благовещения) Найсвяцейшай Багародзіцы цесна перапляталася ў расповядзе з  іншымі цікавымі момантамі з жыцця  хрысціян Чэрвеньшчыны і суседніх з ёю раёнаў. У прыватнасці, Наталля Рыгораўна нагадала пра складаны лёс Свята-Благавешчанскага мужчынскага манастыра ў в.Вялікія Ляды, які размешчаны на тэрыторыі Смалявіцкага раёна.  Змястоўнай была інфармацыя пра выданне рэлігійнай літаратуры. З гонарам для кожнага беларуса было адзначана, што менавіта наша Бацькаўшчына дала свету першых  друкароў. Адметнае месца сярод іх належыць Францыску Скарыне. Яго 1-я кніга — Псалтыр   (выдадзена ў 1517 г.). На працягу наступных двух гадоў ён выдаў яшчэ каля двух дзесяткаў кніг: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Еклесіяст», «Песня песням», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё» і інш. У 1562 г. літвін-беларус  Сымон Будны выпусціў кнігу «Катэхізіс». Заснавальнікам кнігадрукавання ў Расіі і на Ўкраіне лічыцца наш зямляк Ян Федаровіч (Іван Фёдараў), які ў 1563-1564 гадах разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў першую ў Расіі друкаваную кнігу «Апостал». Праз год яны выпусцілі ў Маскве два выданні «Часоўніка», які выкарыстоўваўся пры пачатковым навучанні грамаце. Не засталося па-за ўвагай і пытанне сучаснага выдання рэлігійнай літаратуры на беларускай мове. Мне як праваслаўнаму верніку хацелася б пачуць богаслужэнне на сваёй роднай мове. Глыбока перакананы ў тым, што царква можа і павінна працаваць на адраджэнне народа, яго мовы і культуры.

Не менш цікавай была і заключная частка нашай гутаркі-сустрэчы. З вялікай увагай мы паслухалі «Гімн Кірылу і Мефодзію» ў выкананні вучняў Нядзельнай школы Шыдлоўскіх Дзяніса і Святланы. Пачуццё радасці адчувала ў гэты момант іх бабуля — Шыдлоўская Галіна Віктараўна. Упэўнены, што такое ж задавальненне атрымала ад работы «фотакарэспандэнтам» у час сустрэчы свайго ўнука Арцёма і  Святлана Іванаўна Загарулька.

Нікога не пакінулі абыякавымі вершы іераманаха Рамана (Мацюшына) і шаноўнай Наталлі Рыгораўны, якія спадарыня Наталля чытала «ужывую». Я заўсёды лічыў, што той чалавек, які піша вершы, пацалаваны Богам. А калі гэтыя вершы яшчэ і прысвечаны Збавіцелю, тады гэты чалавек заслугоўвае не проста павагі, а Божага благаславення. Вельмі складана перадаць у газетным артыкуле ўсе станоўчыя ўражанні, якія атрымаў я і, спадзяюся, іншыя ўдзельнікі ад гэтай сустрэчы. Той факт, што ўсе прысутныя выканалі жаданне наладжваць такія мерапрыемствы кожны месяц, сведчыць не толькі аб зацікаўленасці, але і неабходнасці ў іх правядзенні.

Вернік

Вячаслаў Сасноўскі 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *