Пераможца — Вайнілаўскі ФАП

Здоровье

Штогод ўпраўленне аховы здароўя Мінскага аблвыканкама праводзіць агляд-конкурс за павышэнне якасці медыцынскай дапамогі насельніцтву. Па выніках  мінулагодняга  Вайнілаўскі ФАП прызнаны пераможцам. Загадчыцы ўстановы Алене НЯХАЙ ўручаны адпаведны  Дыплом пераможцы.

Карэспандэнт  газеты наведалася ў Вайнілава.

Насустрач выйшла маладая жанчына — стройная і вельмі сімпатычная. Павітаўшыся, запрасіла прайсці у кабінет.

Пытаюся ў Алены Аляксандраўны:

— Як доўга Вы працуеце загадчыцай ФАПа?

— У жніўні будзе ўжо восем гадоў. У 2006 годзе скончыла Брэсцкі медыцынскі каледж, фельчарска-акушэрскае аддзяленне. Па размеркаванню прыехала ў Чэрвень. Тут замуж пайшла. Нарадзіўся у нас з мужам сын Ваня. У мінулым годзе  пабудавалі сваё жыллё, якраз  на свята 8 Сакавіка ўсяліліся…

— Чаму абралі менавіта прафесію медыка?

— З дзяцінства марыла быць менавіта  фельчарам. Люблю людзей, увесь час хацела ім дапамагаць. Асабліва шкада мне было сталых і нямоглых, хто сам не можа прыйсці ў бальніцу. Марыла, што буду наведваць іх і лячыць. Вось і займаюся цяпер любімай справай.

— Хто Вашы падапечныя?

— Абслугоўваю сем вёсак, дзе пражывае 529 чалавек. З іх 223 —непрацаздольныя, 306 — працаздольныя, дзяцей да 18 гадоў — 83, дзяцей да года — 4. Ёсць на маёй тэрыторыі нядобранадзейныя і сацыяльна небяспечныя сем’і, сталыя адзінокія людзі, інваліды. Усе яны патрабуюць увагі. Іх мы абслугоўваем на даму. Акрамя таго,  прымаю хворых амбулаторна. Прыходзяць пацыенты памераць ціск, са скаргамі на болі ў сэрцы, з тэмпературай, цяжарныя жанчыны, дзеці. Аказваю першую дапамогу і далей дзейнічаю па сітуацыі. Калі патрэбна, выклікаю «хуткую». Іншы раз тэлефаную ў раённую бальніцу, каб атрымаць кваліфікаваную ўрачэбную кансультацыю, або выклікаць урача на дом. У першую чаргу, канешне, звяртаюся да нашага ўчастковага доктара Сяргея Уладзіміравіча Максімава. Дапамагае мне ў рабоце з дзецьмі раённы педыятр Пётр Васільевіч Брухан. Калі ўзнікаюць праблемы з цяжарнымі жанчынамі, звяртаюся за парадай і дапамогай да акушэра-гінеколага Іны Уладзіміраўны Гурыновіч. З любым пытаннем можна звярнуцца да намеснікаў галоўнага ўрача Ірыны Аркадзьеўны Астапенка і Людмілы Іванаўны Згурскай, а таксама старшай медыцынскай сястры Людмілы Васільеўны Калтовіч.

Ёсць у мяне і такія вяскоўцы, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе, але сам па якіхсьці прычынах не ідзе да доктара. Некаторыя адмаўляюцца праходзіць флюараграфічнае абследаванне. З такімі правожу тлумачальную работу. Расказваю, што ёсць смяротна небяспечныя захворванні, выявіць якія можна толькі ў бальніцы пры лабараторных і флюараграфічных даследаваннях. Большасць людзей усё ж прыслухоўваецца. Работы дабаўляецца, калі на канікулы прыязджаюць дзеці да сваіх бабуль і дзядуль. Хтосьці руку парэзаў, ці палец, хтосьці выцяўся, кагосьці пчолы пакусалі…

— Як дабіраецеся да аддаленых вёсак?

— Часцей — на веласіпедзе, іншы раз пешшу або на ўласным транспарце. Разам са мной працуе санітарка Вольга Міхайлаўна Емельяненка. Яна дапамагае мне ва ўсім — і парадак навядзе, і да хворых са мной сходзіць па неадкладнаму выкліку.

— Чым займаецеся ў вольны час?

— Мы з мужам захапляемся спортам. Далучаем да здаровага ладу жыцця і свайго сына.

— Па якіх паказчыках ацэньвалася Ваша работа падчас конкурсу?

— Па колькасці наведванняў хворых на даму, па ахопу дыспансерызацыяй, па колькасці праведзенага цыталагічнага скрынінгу жанчын (метад актыўнага выяўлення некаторых захворванняў), флюараграфічнаму абследаванню, па колькасці зробленых надворных абходаў людзей, якія ўвогуле не з’яўляюцца ў бальніцу. Гэтыя паказчыкі работы нашага ФАПа аказаліся лепшымі па Мінскай вобласці.

Падчас нашай размовы зазваніў тэлефон Прасілі наведаць немаўлятку, якому толькі два тыдні. Алена Аляксандраўна хуценька сабрала чамаданчык з лекамі.  Трэба развітвацца. Жадаю вясковаму доктару добрага працоўнага дня.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *