Ігуменшчына мяцежная

Общество

(Да падзей 1863 года)

(Працяг)

ПАКАРАННЕ СВЯТАРА

Аднак вернемся да майскіх падзей 1863 года. У гэтым месяцы выступленні мяцежнікаў у Мінскай губерні дасягнулі найбольшага размаху. Тым часам царскія  войскі паўсюдна праследавалі атрады паўстанцаў, якія накіроўваліся ў Ігуменскія лясы. Сярод іх быў штабс-капітан Мельхіёр Чыжык з сарака мяцежнікамі, якія засталіся з 200 чалавек пасля сутычкі з вайскоўцамі. Яму ўсё ж удалося выйсці з гэтай групай паплечнікаў у Ігуменскія лясы і праз некаторы час далучыцца да паўстанцаў на чале з Ляскоўскім.

23 мая 1863 года больш як 40 мяцежнікаў уварваліся ў Багушэвічы і, нягледзячы на плач жонкі і малалетніх дзяцей, павесілі на перакладзіне варот уласнага дома мясцовага свяшчэнніка Данілу Канапасевіча. Называецца некалькі прычын гэтага жорсткага ўчынку. Адна з іх — за тое, што “парваў адозву рэвалюцыйнага камітэта, у якой была абяцана сялянам зямля, калі яны далучацца да мецяжу”. Перад гэтым ён знайшоў на сваім стале запіску мяцежнікаў такога зместу: “Отец Конапасевич! Твои укоры слишком жестоки, и потому будь уверен, что ты останешься жить  только тогда, когда ни одного из нас не останется в живых”.

Ёсць і такія звесткі: “Повешен повстанцами за агитацию крестьян помогать войскам в поимке повстанцев и жестокое обращение с пленными повстанцами”.

Працуючы над раманам “Каласы пад сярпом тваім”, Уладзімір Караткевіч адшукаў у архівах наступнае: “…У 20 вярстах ад Ігумена, ля вёскі Юравічы, … былі захоплены палонныя. Пачалася расправа. Адзін з параненых паўстанцаў прасіў піць, і тады поп Канапасевіч, грунтуючыся, відаць, на вучэнні аб хрысціянскай літасці, насыпаў яму ў рот пяску. Пазней гэтага папа паўстанцы павесілі на перакладзіне ўласных варот, чым далі афіцыйнай прэсе падставу крычаць аб злачынствах.”

Аб перамяшчэнні паўстанцаў сведчыць рапарт ігуменскага павятовага спраўніка ад 25 мая 1863 года:

“Сегодня, т.е. 25 мая, получен мною рапарт Якшицкага тысячскага следующего содержания: 24 числа мая месяца шайка мятежников в три часа по полудню в одной версте от д.Якшицы перешли большую дорогу и направились на казённую д.Каменичи, о чем донёс Вашему Превосходительству, послал лист присовокупив, что об этом мною сообщено и Вашему начальнику, подполковнику Бурскаму.

Уездный исправник майор (Костров)”

 

ДА ІГУМЕНА СЦЯГНУЛІ

АМАЛЬ УСЕ ВОЙСКІ

Сітуацыя ў Мінскай губерні, у першую чаргу на Ігуменшчыне, хвалявала галоўнага душыцеля паўстання, усемагутнага царскага сатрапа генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва-Вешальніка, які з Вільні кіраваў усімі карнымі аперацыямі. У другой палове мая ён прызначае ў Мінск часовым ваенным губернатарам з вялікімі паўнамоцтвамі генерала Забалоцкага. Аб звярынай лютасці апошняга пісаў у свой час А.І.Герцэн. Камандаваць войскамі ў Ігуменскім павеце замест падпалкоўніка Чурскага даручылі вопытнаму генералу Русінаву.

Атрад Ляскоўскага з 200 паўстанцаў хаваўся тады ў Багушэўскай і суседніх пушчах, пераходзячы часам за Бярэзіну ў Барысаўскі павет. Улады сцягнулі пад каманду генерала Русінава амаль усе войскі, што былі ў Мінскай губерні. 12 стралковых рот размясцілі вакол ляснога масіву, узяўшы яго ў акружэнне. Паміж вёскамі снавалаі раз’езды казакоў і патрулі. Аднак, падзяліўшыся на некалькі дробных груп, паўстанцы ўдала выйшлі з-пад удару царскіх салдат.

Вось што паведамлялася пра гэта ў журнале ваенных дзеянняў з 27 мая да 18 чэрвеня: «9-га а 6-ай гадзіне раніцы пачаўся канцэнтрычны рух у пушчу, дзесяццю ротамі, з Раванічаў, Дубаўручча, Юравічаў, Мікулічаў. На працягу 14 гадзін няспыннай і стамляючай хады абшукана большая частка лесу. Шмат было слядоў, сустракаліся пакінутыя бівакі, трапляліся нават непатушаныя вогнішчы з яснымі прыкметамі нядаўняга знаходжання мяцежнікаў, але шайкі не адкрыта».

Частка паўстанцаў на чале з Ляскоўскім пры выхадзе з акружэння наткнулася на атрад карнікаў пад камандай падпалкоўніка Жукава. 13 чэрвеня адбыўся бой у густым лесе каля фальварка Лочын (аўт. — на сумежжы з Дубровай). Страты паўстанцаў склалі: 4 забітыя, 1 паранены і 18 палонных. Пасля бою затрымана яшчэ 10 інсургентаў, у тым ліку Гектар Карказовіч.”

Паводле Прадпісання мінскага ваеннага губернатара Забалоцкага, каля 40  палонных “из шайки Свенторжецкого и Коркозевича” 22 чэрвеня 1863 года павінны быць прыведзены з Ігумена ў Мінск для расследавання і прыняцця адпаведных мер.

Паводле гістарычных сведчанняў, уладам тады здавалася, што ўсё скончана. У журнале ваенных дзеянняў па Мінскай губерні з 18 чэрвеня да 1 ліпеня адзначалася: «Няспынныя рухі атрадаў, зробленыя ў першай палове чэрвеня, мелі вынікам калі не канчатковае знішчэнне, то поўнае рассеянне шаек Свентаржэцкага, Карказовіча (узятага пасля бою 13 чэрвеня ў палон) і Ляскоўскага… Некаторыя з мяцежнікаў праз адну адсутнасць ежы ўжо дабравольна аддаліся войскам і сялянам для прадстаўлення іх мясцоваму начальству. Так зрабіў адзін з прадвадзіцеляў Гектар Карказовіч… Ды і сам Баляслаў Свентаржэцкі, як відаць з апошніх вельмі верагодных паказанняў аднаго селяніна, што размаўляў з ім, даведзены да такога становішча, пры якім думка аб самагубстве не раз мусіла западаць яму ў галаву. Што ж да Ляскоўскага, то ён нібы знік з выбранай ім для сваёй злачыннай дзейнасці арэны».

 

ЛЯ ВАЛАДУТЫ ЗАХАПІЛІ

Ў ПАЛОН ГЕНЕРАЛА

Але  спадзяванні ўлад былі марныя. Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і 23 ліпеня, паблізу вёскі Валадута, людзі Ляскоўскага захапілі ў палон царскага генерала Грунта — начальніка 3-яй рэзервовай дывізіі. Ён быў адпушчаны пад слова гонару, што не стане ваяваць з паўстанцамі.

7 кастрычніка 1863 года Мураўёў незадаволена пісаў губернатару Забалоцкаму:

«Бачачы з рапарту вашага правасхадзіцельства ад 3 кастрычніка за № 2192, што мяцежнікі яшчэ знаходзяць прыстанак у некаторых паветах Мінскай губерні, а асабліва ў Ігуменскім, прашу зрабіць строгую заўвагу генералу Русінаву і прадпісаць яму абавязкова знішчыць гэтыя шайкі, прычым, ці не знойдзеце патрэбным прызначыць іншага ваеннага начальніка Ігуменскага павета на месца генерала Русінава. Прашу ваша правасхадзіцельства прыняць рашучыя захады, каб спыніць мяцежнікам усе сродкі харчавання і ўжываць сельскую варту для канчатковага ачышчэння паветаў ад гэтых валацуг».

 

ЗАСТАВАЛАСЯ ТОЛЬКІ

75 байцоў

На пачатку лістапада 1863 года магілёўскі губернатар Беклямішаў атрымаў звесткі, што атрад Ляскоўскага  хаваецца ў лясах за 30 вёрст ад межаў Магілёўскай губерні. 12 лістапада ён заклапочана пісаў Мураўёву, што «існаванне гэтай шайкі… тым небяспечней, што пры пэўных акалічнасцях яна можа паслужыць ядром для больш значнай банды і выклікаць новыя беспарадкі на мяжы Магілёўскай губерні, чаму спрыяе і мясцовасць, пакрытая лясамі і балотамі» (Паводле кнігі  Г.В.Кісялёва “На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне”. Мн., 1990).

Па загаду Мураўёва супраць паўстанцаў зноў накіраваліся войскі з боку Мінска і Магілёва. У няспынных баях сілы паўстанцаў паступова слабелі. Як сведчаць паказанні штабс-капітана Мельхіёра Чыжыка, які пакінуў атрад Ляскоўскага і Трусава ў канцы кастрычніка 1863 года, у ім заставалася ўсяго 75 байцоў.

Бачачы бязвыхаднасць далейшай барацьбы, Станіслаў Ляскоўскі ў снежні 1863 года распусціў Ігуменскі паўстанскі атрад.

На вясну 1864 года Кастусь Каліноўскі планаваў новае ўзброенае паўстанне. Аднак 29 студзеня ў выніку здрадніцтва члена мінскай падпольнай паўстанскай арганізацыі Вітольда Парфіяновіча, ён быў схоплены ў Вільні. Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў правадыра паўстанцаў да расстрэлу. Аднак вядомы сваей жорсткасцю ў падаўленьні мяцежнікаў генерал Мураўёў выказаўся за павешанне. К. Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні.  Асобныя паўстанцы трымаліся ў мінскіх лясах значна пазней. Напрыклад, Васіль Канапацкі, які распачынаў паўстанне разам з Антонам Трусавым 19 красавіка 1863 года, здаўся ўладам толькі ў кастрычніку 1866 года.

Падрыхтаваў Аляксандр БУШЭНКА.

(Заканчэнне будзе)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *