«Другое прышэсце» доктара Гылкі

Люди и судьбы

Прыязджаючы зрэдчас у Смілавічы, не аднойчы чула ад знаёмых прапанову: «А напішыце пра нашага загадчыка бальніцы — Адрыяна Георгіевіча Гылку. Ён — унікальны чалавек, урач ад Бога, столькім людзям дапамог…»

У свой час мы распавядалі пра гэтага доктара, ураджэнца Малдовы, але найбольш — пра тагачасны новы будынак Смілавіцкай бальніцы, вялікі рамонт, спецыялістаў… Праз шэсць гадоў пасля прыезду ў Смілавічы сям’я Гылкаў-урачоў па пэўных прычынах уладкавалася на працу ў Мінск. Даходзілі чуткі — рабілі на «хуткай дапамозе», ездзілі на выклікі звычайнымі ўрачамі… А чатыры гады таму адбылося «другое прышэсце» доктара Гылкі ў Смілавіцкую бальніцу. І зноў — на пасаду загадчыка.

Кожны, хто хоць аднойчы гутарыў з Адрыянам Георгіевічам, упэўнена, застаўся пад уражаннем ад яго адукаванасці і выхаванасці, нязмушанай манеры стасункаў, неардынарнасці меркаванняў і стаўлення да наваколля, адказнасці і прафесіяналізму…

Чаму ж Адрыян Гылка ў свой час абраў прафесію ўрача? Як трапіў у Беларусь? Што б ён хацеў змяніць у сучаснай медыцыне і якія яго мары? Гутарым…

— Адрыян Георгіевіч, а чаму ўвогуле вы вырашылі стаць урачом?

— Ды я, можна сказаць, вырас на тэрыторыі бальніцы. Маці — педыятр, Заслужаны ўрач Рэспублікі Малдова, тата — хірург… Я сабе нічога іншага і не ўяўляў, як працягнуць дынастыю. Хаця, па шчырасці, было вельмі шмат таго, да чаго мяне цягнула. Да фізікі, напрыклад. На раённых алімпіядах займаў другія месцы па гэтым прадмеце і па хіміі, трэція — па біялогіі, удзельнічаў у алімпіядах па англійскай мове… Усё гэта спатрэбілася ў далейшым, бо і ў савецкія часы вучоба ў медыцынскай ВНУ была самай цяжкай, і зараз…

— А вучыліся вы дзе?

— На лячэбным факультэце Кішынёўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Атрымаў спецыяльнасць «урач «хуткай дапамогі». Працаваў спачатку ў адным раёне, потым — у другім… А калі пераехаў бліжэй да дому, дык там урача «хуткай дапамогі» і не аказалася. Давялося пайсці ў рэанімацыйнае аддзяленне, дзе я адпрацаваў два гады. Ведаеце, пасля рэанімацыі ўжо нічога не было страшна. Там сапраўды набіраешся вопыту, які дазваляе рабіць усё…

— Многіх вярталі з таго свету?

— Былі. І ёсць. Калі лічыць па індыйскіх канонах, дык карма ў мяне добрая (ўсміхаецца). Затым наша падраздзяленне расфарміравалі, а мяне накіравалі дзіцячым урачом у дзіцячае аддзяленне бальніцы майго роднага сяла Кацюжаны, бо іншых месцаў не было. А чаму ў дзіцячае? Маўляў, калі ў самым цяжкім, рэанімацыйным, даставаў людзей з таго свету, дык з больш «лёгкімі» разбярэшся. Але ж я на гэта не вучыўся… Там проста не было каму працаваць, маіх жаданняў ніхто не ўлічваў. Адпрацаваў я такім чынам восем месяцаў — да з’яўлення педыятра на раёне. Тады напісаў заяву — і на працу проста не пайшоў. Бо я па натуры такі чалавек… Калі давядуць, дык бунтую. Шукалі мяне, жонку ўгаворвалі… А тады памёр наш тэрапеўт. І вось тэрапеўтам я пайшоў. Бо гэта больш-менш тое, на што вучыўся.

— А працавалі на прыёме?

— Спачатку — у аддзяленні. Затым яго зачынілі, бо ў Малдове ішло закрыццё ўсіх дробных падраздзяленняў. Зрэшты, тут, у Беларусі, яно прайшло таксама. Цэнтралізацыя — па тым жа прынцыпе. І мяне перавялі там на ўрача агульнай практыкі, ці — сямейнага ўрача. Мы перапісалі сабе кожны ўчастак, пазнаёміліся з усімі пацыентамі. Фактычна выконвалі функцыі ўрача-тэрапеўта, урача-педыятра і ўрача акушэр-гінеколага. Працы дадалі ў тры разы больш, а заробкі не змяніліся. Так не згодны былі працаваць. Вось тады і з’явілася ў Малдове вялікая праблема з урачамі. А на той час дазвалялі вольна браць адпачынак без утрымання — на колькі хочаш. І я з брыгадай будаўнікоў паехаў напачатку ў Расію, потым прыехаў у Беларусь да цёшчы з цесцем. Тады галоўным урачом у Смілавічах быў яшчэ Скрундзь. Я зайшоў, папытаўся: «Калі пераеду, на працу возьмеце?!» — «Ніякіх праблем!» Мы сабралі рэчы (гэта быў кастрычнік 2002-га года) — і прыехалі ў Беларусь.

— І кім вы працавалі ў тагачаснай Смілавіцкай бальніцы?

— Жонку адразу паставілі на ўчастак — з Пацясновым на прыём. А мяне — да Інэсы Андрэеўны ў аддзяленне. Гэта быў яшчэ стары будынак. Аддзяленне — вялікае — 55 ложкаў, з іх 5 — дзіцячых. Ну, а мне ж не прывыкаць пасля дзіцячага і тэрапеўтычнага аддзяленняў у малдаўскім сяле… Працы тут было шмат, бо ўрач заўсёды запатрабаваны. Затым мне прапанавалі пасаду галоўнага ўрача Смілавіцкай бальніцы. Гэта зараз называецца — загадчык, а тады — галоўны ўрач… Але я спачатку адмовіўся, бо толькі прыехаў, нічога і нікога не ведаў, па якіх нарматыўных дакументах і як працуюць у Беларусі… Але праз некаторы час мяне ўсё роўна прызначылі галоўным урачом. Вось тады ўсё і закруцілася — з гэтым новым будынкам, з рамонтам… Але нічога страшнага, перажылі. Бальніцу зрабілі. Умовы больш-менш нармальныя. Каб яшчэ ішло асобнае фінансаванне, каб можна было рамонт своечасова рабіць…

— І як вам падалося тут адразу ў параўнанні з Малдовай?

— Нашмат лягчэй і лепш. Тут было вельмі добрае забеспячэнне лекамі. Сацыяльная накіраванасць прасочвалася. Людзі былі сацыяльна абароненымі. У Малдове трэба было прыходзіць са сваімі лекамі, шпрыцамі, бінтамі…

Святлана Адамовіч, фота аўтара.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *