Расціце да зор, дубочкі з ялінкамі!

Общество

пасадка завершана — фота на памяць

Больш за 400 чалавек далучылася на Чэрвеньшчыне да добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу-2014», якая праходзіла ў Беларусі з 5 да 12 красавіка пад дэвізам «Новыя лясы — нашчадкам у спадчыну» і была прысвечана 70-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У прыватнасці, у кожным лясніцтве Чэрвеньскага лясгаса стварылі ўчасткі лясных культур у гонар нашых знакамітых землякоў: Герояў Савецкага Саюза Сямёна Гурэвіча, Мікалая Казачэнкі, Антона Дулебы, Сцяпана Карнача, Васіля Тарлоўскага, Івана Крукава, Івана Ладуцькі, поўнага кавалера ордэна Славы Льва Міхіевіча і лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага.

«Касмічны» лес пасадзілі ў адным з кварталаў Натальеўскага лясніцтва, непадалёк ад вёскі Астравы. Галоўнай адметнасцю гэтай падзеі стаў удзел у акцыі маці зорнага героя Валянціны Эдуардаўны Навіцкай. Прычым удзел самы непасрэдны: яна не толькі выступіла перад супрацоўнікамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якія традыцыйна працуюць на «Тыдні лесу» ў нашым раёне, але і нароўні з усімі шчыравала на пасадцы.

Валянціна Эдуардаўна падзякавала арганізатарам за ўвагу да сына, пажадала кожнаму мірнага неба над галавою:

Мне давялося падчас знаходжання ў Цэнтры кіравання палётамі паглядзець на нашу планету ў ілюмінатар. Яна такая маленькая і безабаронная, таму нам трэба яе берагчы…

Нягледзячы на халаднаватае надвор’е, удзельнікі акцыі, узяўшы на ўзбраенне рыдлёўкі і адмысловыя прылады — мячы Колесава, на працягу амаль трох гадзін увішна запаўнялі загадзя падрыхтаваныя разоры сеянцамі елкі і дуба. А потым — частаваліся гарачай юшкай і кашай, грэліся ля вогнішча, вялі сяброўскую гутарку.

Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі і сацыяльнага развіцця Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Трыгубовіч назваў сімвалічным той факт, што пасадка ўчастка лесу ў гонар Алега Навіцкага адбылася менавіта ў Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.

Вельмі прыемна адчуваць сябе далучанымі да гэтага свята, — сказаў ён. — А папрацаваць поруч з мамай касманаўта — вялікі гонар для нас. Такія акцыі, безумоўна, трэба праводзіць, каб узнаўляць галоўнае багацце рэспублікі — нашы лясы, каб краіна была зялёнай, прыгожай, а яе паветра — чыстым. Мы ўдзячныя Чэрвеньскаму лясгасу за цёплы прыём: заўсёды з задавальненнем сюды прыязджаем…

Валянціна Навіцкая разам з выконваючым абавязкі дырэктара Чэрвеньскага лясгаса Андрэем Барбуком прымацоўвае памятную шыльду на пасаджаным участку

Пройдуць гады, сённяшнія кволыя сеянцы вырастуць, паімкнуцца да зор, як гэта зрабіў наш знакаміты зямляк. І тады Алег Навіцкі (хочацца шчыра верыць!) зможа зрабіць немагчымае для пераважнай большасці зямлян: не толькі пахадзіць па «свайму» лесу, але і зірнуць на яго з касмічнай вышыні…

Як паведаміла, намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, акрамя работнікаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, удзел у акцыі «Тыдзень лесу-2014» бралі прадстаўнікі Міністэрства эканомікі краіны, дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга», Чэрвеньскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ, Смілавіцкага сельгасліцэя, Валевачоўскай, Новазелянькоўскай, Раваніцкай школы, раённага краязнаўчага музея, работнікі лясгаса і іншыя. На 11 участках агульнай плошчай больш за 20 гектараў пасаджана каля 100 тысяч дрэў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара




Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *