Працягваем распачаты летась 4 снежня творчы праект. Ён прысвечаны адметным датам — 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сёння пройдзем з вамі, шаноўныя чытачы, шляхам паяднаных з Чэрвеньшчынай яшчэ трох жанчын, лёсы якіх засведчылі тыя, хто іх ведаў.
У кожнай з іх была свая дарога ў змаганні з акупантамі, а зблізілі суровыя выпрабаванні. Адзіным у той нялёгкі час стала для гэтых жанчын жаданне дапамагаць выгнанню чужынцаў. І ў гэтым заключалася іх непарушная вера ў Перамогу над ворагам.
Да смерці заставаліся лічаныя хвіліны…
У першыя дні вайны Вера Пятроўна Камарова (у дзявоцтве Гурыновіч) з дзвюма дочкамі — чатырох і паўтара гадоў — пакінула Мінск. З вялікімі цяжкасцямі, не адзін раз трапляючы пад бамбёжкі і абстрэлы нямецкай авіяцыі, дабралася ў вёску Забашэвічы на Чэрвеньшчыне да бацькі.
У красавіку 1942 года яна сустрэлася са сваім знаёмым Іванам Ляонавічам Сацункевічам. Ад яго, партыйнага работніка, накіраванага ў тыл ворага для арганізацыі барацьбы з гітлераўцамі, даведалася аб разгортванні партызанскага руху. Камарова стала сувязной партызанскага атрада “Разгром”. Па заданню камандавання яна наведвалася ў Мінск і Барысаў, дзе дабывала разведданыя аб варожых гарнізонах, медыкаменты, соль, нямецкае абмундзіраванне і нават зброю.
Паводле ўспамінаў аднаго з арганізатараў антыгітлераўскага падполля і партызанскага руху С.К.Ляшчэні, вялікую дапамогу ёй аказвалі жыхары Барысава: сувязны атрада “Разгром” Вараб’ёў, чыя кватэра была явачнай, Кастуся Зароўская і яе муж, Ганна і Аляксей Мельнікавы. Пазней сям’я Вараб’ёва з трынаццаці чалавек, у тым ліку трое маленькіх дзяцей, за сувязь з партызанамі была арыштавана і расстраляна. Такі ж лёс напаткаў і сям’ю Зароўскіх. Гітлераўцы арыштавалі таксама Аляксея Мельнікава, катавалі, але ён ні ў чым не прызнаўся. З-за адсутнасці ўлік яго, паўжывога, выпусцілі з турмы. Усе гэтыя патрыёты, якія былі звязаны з Верай Камаровай, нікога не выдалі.
У жніўні 1942 года яна праз свайго брата Міхаіла Гурыновіча і яго паплечніка Варанкова ўстанавіла сувязь са спецатрадам “Мясцовыя” пад камандаваннем чэкіста Ваўпшасава (Градаў). Яна перасяляецца ў Мінск і становіцца ўдзельніцай гарадскога падполля. Вопыт барацьбы з ворагам мелі таксама яе знаёмыя Васіліса Гурыновіч, жонка камандзіра Чырвонай Арміі Кацярына Дубоўская і іншыя патрыёты, згуртаваныя Міхаілам Гурыновічам у чатыры групы. Іх абавязкам было весці пастаянную разведку ў горадзе, распаўсюджваць лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, дастаўляць дабытыя звесткі ў спецатрад і падпольны гаркам партыі, які пасля двух папярэдніх правалаў знаходзіўся ў гэтым атрадзе.
Камарова стала звязуючым звяном паміж падпольным гаркамам партыі і разведчыкамі спецатрада, якія дзейнічалі ў Мінску. Яе дом з’яўляўся кансператыўнай кватэрай. Сюды з партызанскай зоны дастаўлялі ўзрыўчытку, міны, гранаты, газеты, лістоўкі. Усё гэта захоўвалася ў хляве Камаровай.
Падчас аднаго з наведванняў падпольнага гаркама партыі ў спецатрадзе падпольшчыкі, па ўспамінах С.К.Ляшчэні, падзяліліся намерам здзейсніць дыверсію на таварнай станцыі. Папярэдне Камарова, Феня Серпакова, браты Валодзя і Косця Сянько на працягу трох дзён наглядалі за гэтым варожым аб’ектам. Яны дакладна ўпэўніліся, дзе знаходзіцца на працягу сутак ахова і калі накіроўваецца ў дарогу больш за ўсё цягнікоў. Вырашылі, што маламагнітку трэба ставіць пасля дзесяці гадзін вечара.
Атрымаўшы дазвол на правядзенне дыверсіі, прызначылі яе на 26 верасня. Выканаць заданне павінны былі Валодзя і Канстанцін Сянько.
…Як і заўжды восенню, зверху сыпаў пранізлівы дождж. Пад вечар на кватэры ў Камаровай з’явіліся Уладзімір і Канстанцін. Тут яны пераапрануліся ў эсэсаўскую форму, накінулі плашчы. Камарова прынесла з хлява “малышку” і тры кілаграмы “пячэння”. Так называлі маламагнітку і ўзрыўчатку. Праверылі і падрыхтавалі зарад, паклалі ўсё гэта ў партфель. Заставалася дабрацца да таварнай станцыі. Дапамагчы ў гэтым павінен быў падпольшчык, шафёр гарадской управы Міхаіл Іваноў. “Прыедзе ці не зможа?” — непакоіліся браты і Камарова. Нялёгка яму выкручвацца — ва ўправе сочаць за кожным. І ўсё ж прыехаў. Праз некалькі хвілін Валодзя і Косця ўжо былі ля таварнай. Іваноў, ад’ехаўшы ў цёмны завулак, застаўся іх чакаць…
З-за праліўнога дажджу ахова знаходзілася ў памяшканні, зрэдку паяўляючыся на пуцях. Затое без супынку мільгалі ліхтары. Браты ведалі, што гэта аглядчыкі правяраюць калёсныя пары. Скарыстаўшы момант, яны падабраліся да эшалона з цыстэрнамі і прымацавалі да адной з іх маламагнітку з узрыўчаткай. Яна спрацавала ў гадзіну восем хвілін ночы.
Падпольшчыкі таварнай станцыі далажылі, што той ноччу ўзнік вялікі пажар. Ад узарванай цыстэрны з палівам полымя перакінулася на суседнія, а затым ахапіла і іншыя цягнікі. Было знішчана 18 цыстэрн з палівам і 15 вагонаў з рознымі грузамі…
Адзін з эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны ледзь не завяршыўся для Веры Камаровай трагічна. Вось як узгадваў пра гэта С.К.Ляшчэня. Вера Камарова і Раіса Гурыновіч вярталіся з лесу ў Мінск. Маршрут сёстры добра ведалі: не раз па гэтай дарозе везлі ўзрыўчатку, маламагніткі, газеты і лістоўкі. Раней тут варожых кантрольных пастоў не было. А гэтым разам з’явіўся. Як толькі сані выехалі з лесу, Вера Пятроўна заўважыла, што ўводдалі дарогу загарадзіла нямецкая машына. Некалькі саняў, у якіх рыліся салдаты і паліцаі, згрудзіліся побач машыны. Паварочваць назад было позна — гітлераўцы заўважылі. Камарова прашаптала Раісе: “Я зараз з’еду на ўскраек дарогі і буду папраўляць збрую, а ты непрыкметна скінь у снег пад кусты “падарункі”. Так удалося ім пазбавіцца ад партызанскага грузу — маламагнітак і ўзрыўчаткі для падпольшчыкаў баявых груп, якімі кіраваў іх брат Міхаіл Гурыновіч.
Пад’язджаючы да паста, Камарова загадала сястры не далучацца да размовы, спадзявалася сама абхітрыць гітлераўцаў і паліцаяў. Але гэтым разам уменне Веры Пятроўны выкручвацца ў складаных сітуацыях не дапамогло. У іх запатрабавалі дакументы і пачалі аглядаць сані. У падпольшчыц былі бездакорныя дакументы. А ў санях пад саломай заставалася толькі два дзесяткі яек.
— У горадзе на соль памяняць хочам, — патлумачыла Камарова.
У адказ пачулася кароткае, як выстрал: “Арыштаваць!”.
Веру Камарову і Раісу Гурыновіч кінулі ў крытую машыну. Ужо на першым допыце ў барысаўскай турме, куды іх адвезлі, Вера Пятроўна зразумела, што ніякіх улік супраць яе і сястры няма. Следчы дапытваўся, дзе знаходзяцца партызны, якія пасля Новага года ўжо некалькі разоў нападалі з засад на нямецкія абозы. Відавочна было, што спецыяльна выслалі карнікаў на дарогу, якая стала небяспечнай для іх і ўсіх, хто тут з’яўляўся. Камарова і Гурыновіч сцвярджалі адно і тое ж:
— Ніякіх партызан не ведаем, мы ехалі ў горад па соль.
У канцы 1944 года групу арыштаваных, у тым ліку Веру і Раісу, адвялі на могілкі расстрэльваць. Калі да смерці заставаліся лічаныя хвіліны, з’явіўся гітлеравец, штосьці сказаў старэйшаму каманды. Усіх вярнулі ў турму. Зноў допыты, зноў катаванні і здзекі. Па ўспамінах С.К.Ляшчэні, 18 лютага 1944 года падпольшчыц разам з вялікай партыяй арыштаваных прывезлі ў Мінск, у канцэнтрацыйны лагер па вуліцы Шырокай. Там сёстрам давялося прайсці праз новыя прыступкі фашысцкага пекла. Напачатку мая Вера Камарова і Рая Гурыновіч апынуліся ў гітлераўскім лагеры смерці “Асвенцым”. У гэтым высокамеханізаваным камбінаце знішчэння людзей яны цудам выжылі.
У лютым 1945 года, калі з набліжэннем наступаючай Чырвонай Арміі немцы пачалі эвакуіраваць лагер, патрыёткі збеглі. Хаваліся ў лесе, а затым сустрэлі рускіх дзяўчат і разам з імі ляснымі і прасёлкавымі сцежкамі падаліся на ўсход да лініі фронту.
— Мне здавалася, што я другі раз нарадзілася, калі ўбачыла чырвонаармейцаў, — успамінала Вера Пятроўна Камарова. — А калі вярнулася ў Мінск, даведалася, што мае заслугі ў падпольнай барацьбе з гітлераўскімі акупантамі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені і медалём “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені.
Насуперак
небяспецы
Гэты прыклад жаночай самаахвярнасці занатаваў у сваіх успамінах камандзір партызанскай брыгады “За Радзіму” імя А.К.Флягонтава Фёдар Тараненка.
28-гадовая жыхарка вёскі Вялікая Ганута Анастасія Анатольеўна Каваленка, пагадзіўшыся стаць сувязной партызанскага атрада, не задумвалася аб тым, што робіць нешта незвычайнае, гераічнае. А між іншым, гэта быў подзвіг. Няхай невялікі, але подзвіг, дастойны нашай памяці і павагі.
Акрамя прыроднай прыгажосці, сярэдняга росту жанчына вызначалася кемлівасцю, смеласцю. Муж Анастасіі Фёдар на пачатку вайны пайшоў на фронт. Яна засталася з чатырма непаўналетнімі дзецьмі. Самаму старэйшаму не роднаму сыну было 15 гадоў, адной дачцы — 9, другой — 7, малодшаму сыну — 5 гадоў.
Партызанскія разведчыкі захоўвалі строгую канспірацыю, калі ноччу наведваліся да Анастасіі Анатольеўны на сувязь і атрымлівалі ад яе неабходную інфармацыю аб варожых гарнізонах у суседніх Багушэвічах і Хутары. Патрыётка не звяртала ўвагі на небяспеку для жыцця, рабіла ўсё магчымае. Добра ведаючы мясцовасць, разам з партызанамі збірала пакінутую чырвонаармейцамі падчас адступлення зброю, боепрыпасы, выконвала заданні.
Аднойчы, калі вярталася з варожага гарнізона, яе па даносу здрадніка затрымалі. Пасля катаванняў Анастасію Анатольеўну забілі на вачах пяцігадовага сына. Ад жаху і страху ён кінуўся ў лес. Праз тры дні вярнуўся, але за гэты час страціў здольнасць гаварыць. Паступова яна аднаўлялася, аднак засталося заіканне.
З-пад расстрэлу —
у партызаны
Пра цяжкі лёс, які выпаў урачу Розе Ісакаўне Багданавай, распавёў у сваіх успамінах камандзір партызанскага атрада імя газеты “Правда” Пётр Іваненка.
Яна адчула на сабе жах фашысцкіх улад у акупіраваным Мінску. Восенню 1941 года гітлераўцы разам з іншымі жыхарамі яўрэйскай нацыянальнасці загналі ў гета. Праз некаторы час іх павялі на растрэл, кінулі ў яму разам са старымі і дзецьмі. Нявінныя ахвяры немцы палівалі агнём з аўтаматаў. У Розу трапіла некалькі куль, і яна страціла прытомнасць.
Ачнулася ноччу. На ёй — трупы. Чутна было, як хрыпяць паміраючыя людзі. Сабраўшы апошнія сілы, Роза выбралася з ямы, якую не засыпалі зямлёй, каб днём кінуць сюды новыя ахвяры.
У Багданавай былі прастрэлены абедзве нагі. З цяжкасцю яна магла толькі паўзці. Змучаная голадам, страціўшая шмат крыві, змагалася за жыццё. Але ўсяроўна не змагла далёка адпаўзці. Дабралася да старога загрувашчанага хлява і схавалася ў склепе.
Тыдзень знаходзілася там Роза. Зусім побач фашысты працягвалі забіваць людзей. На шчасце, у склепе было трохі бульбы і буракоў. Гэтым яна і харчавалася, перавязваючы раны анучамі, якія меліся ў хляве.
Аднойчы днём у склеп спусцілася жанчына і ўбачыла Багданаву. Гаспадыня аказалася жонкай савецкага камандзіра. Па дарозе з Брэста яна страціла абодвух дзяцей, не спадзявалася, што ўцалеў і муж.
— Я дапамагу табе, — прапанавала незнаёмка.
На працягу месяца даглядала яна Розу. Калі тая акрыяла, дажджлівай цёмнай ноччу павяла з горада. Развіталіся на ўскрайку Мінска. Роза скіравала да прыдарожнага лесу. На наступную ноч дабралася ў вёску Чаславое на Чэрвеньшчыне. Там у надзейных людзе прабыла ўсю зіму. Вясной устанавіла сувязь з партызанскім атрадам імя газеты “Правда”, дапамагала даставаць праз сваіх знаёмых у Мінску медыкаменты. У грамадзянскім лагеры партызанскага атрада і ў вёсках партызанскай зоны Багданава лячыла людзей.
…Жыць бы гэтым слаўным, адважным жанчынам пад мірным небам, гадаваць дзяцей, берагчы і ахоўваць сямейны спакой. Падбадзёрваць тых, хто побач, сваімі радаснымі тварамі, шчаслівымі вачыма, ласкавымі і цёплымі словамі.
Але не той быў час, не тыя абставіны.
Аляксандр БУШЭНКА