Новы пуць

Общество

(Працяг)

«І ПЕРАХРЫШЧУСЯ, І ПАМАЛЮСЯ,

І СОН НЕ ІДЗЕ…»

У Новы Пуць гаспадыня трапіла напрыканцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Замуж пайшла, тлумачыць. А нарадзілася на тым пасёлку, што Саламянкай завецца, — пад Замасточчам. У сям’і дзяцей гадавалася пяцёра. І ў іх з мужам, Пляханавым Вячаславам Трафімавічам, таксама нарадзілася пяцёра — трое сыноў і дзве дачкі.

— Гэта хата — свякрухіна, — заўважае Кацярына Якаўлеўна. — І во як мы жылі тут. Пяцёра дзяцей, ды нас двое — сем, ды свякруха — восем…

— А свёкар?!

— Не было. Вунь ён, на картачцы — у вайну загінуў. А я ажно 34 гады са свякрухай пражыла. Хто б так змог?!

— І як?

— Нармальна. Яе дачка — во, разам на Саламянцы жылі, сын — у Рэпішчы. Яна толькі да іх сходзіць — і дадому…

— А гэтая хата — старая?

— Так. Яе яшчэ да вайны будавалі. А тады мы яе ў сямідзесятых гадах перасыпалі. Ужо гнілая ўся, абабітая ДСП. Во, сёння паліла цэлую раніцу грубку. І што?! Няма цяпла…

Але ў той час, калі Кацярына Пляханава маладой жонкай прыйшла ў Новы Пуць, хата яшчэ была нічога. Як і сама вёска, што поўнілася людзьмі. Апрача сваіх, тут часта бывалі і вяскоўцы з суседніх паселішчаў.

— Быў яшчэ пасёлак пад лесам, — прыгадвае гаспадыня хаты, — ён зваўся Западня. Няма ўжо, разбурылі. А той вунь, што далей, — Усход. А наш — Новы Пуць. Хаця, увогуле-то, мы прывыклі, што ўсё гэта — Валадута…

Даўней практычна ў кожнай гаспадарцы, працягвае ўспамінаць Кацярына Якаўлеўна, была карова, а то і дзве. Статак вялікі, пастухоў наймалі…

— Цяпер жа, — уздыхае, — ніводнай, малако купляю ў аўтакраме. За яе — дзякуй! Два разы на тыдзень ходзіць. Але во, казалі, малако зноў падаражала. А колькі той пенсіі? Я 17 гадоў толькі на свінаферме так адшчыравала… А грошай тых… Але дзякуй і за гэта…

Скончыўшы ў свой час пяць класаў, Кацярына Якаўлеўна так больш нідзе і не вучылася. Не давялося, кажа. Усе ў горад паехалі, а яе пакінулі ў вёсцы. Да замужжа рабіла гадоў пяць на падсочцы — смалу падпускала. А ўжо як замуж выйшла ды ў Новы Пуць перабралася, перакваліфікавалася ў свінаркі. А там дзеці пайшлі…

Слухаю Кацярыну Пляханаву і думаю: якаясьці магічная ў яе лёсе лічба «пяць». Шмат чаго з ёю звязана…

Кажучы пра пенсію, бабуля Кацярына тлумачыць з усмешкаю:

— У мяне ж — дзевяць унукаў і тры праўнукі ўжо… Дык толькі спраўляюся… Сёння — у тога Дзень нараджэння, заўтра — у тога… Хоць па 100 тысяч трэба даць…

Але гэта, вядома, турботы прыемныя. Прыгадвае пра іх Кацярына Якаўлеўна — і святлее тварам. Прыемныя для яе і ўспаміны пра маладосць. А вось пра сваё адзінокае, без мужа, жыццё кажа са скрухаю.

— Ён ужо дваццаць гадоў як памёр, — уздыхае. — Дзеці, унукі прыязджаюць, канешне. Але ж у кожнага — свая праца, свае турботы і клопаты. Я не крыўдую на гэта. Адна дачка — загадчыца крамы ў Раванічах. Сын у Дамавіцку жыве, на трактары робіць. А другая дачка і два сыны — у Мінску. Мне-то і раней цяжкавата было. Муж на ферме брыгадзірам рабіў. І — брыгадзірам трактарнай брыгады. Ды за ўсіх даводзілася… Той напіўся — за тога робіць… Дахаты прыцягнецца… Ці ж да гаспадаркі яму ўжо? Я яшчэ колькі гадоў таму сама спраўлялася. І дровы нават сяк-так секла. А цяпер руку адымае, не магу нічога. У сына з Дамавіцка таксама штосьці з рукою здарылася. А ўвогуле… У Мінску ў дочкі мужык памёр — гадоў сем таму. У сына, што жыве ў Шабанах, — жонка. У большага жонка ўжо дванаццаць гадоў як памерла. Нейкія мы нешчаслівыя…

Але, тым не менш, пры першай жа магчымасці дзеці заязджаюць да маці, і найперш — тыя, хто жыве паблізу. Добрая дапамога Кацярыне Якаўлеўне Пляханавай — сацыяльны работнік Наталля Нікіціна. Падабаецца, хваліць гаспадыня сваю памочніцу. Падтрымлівае яе і вера ў Бога. У хаце некалькі абразоў. Адзін належаў папярэдняй гаспадыні хаты, другі — яшчэ бабулі Кацярыны Пляханавай. Але…

— І перахрышчуся, і памалюся, і сон не ідзе, — скрушна заўважае Кацярына Якаўлеўна, кажучы пра бяссонніцу.

А яшчэ і ціск скача… Зараз гаспадыня стараецца без пільнай патрэбы з хаты не выходзіць. Па-першае, баліць нага. Па-другое, павалілася аднойчы, і колькі праляжала — не ведае. А падысці ж не было каму. З усіх суседзяў у дачнае міжсезонне — муж і жонка Сушкевічы. Але не так ужо і часта наведваюць адзін аднаго вяскоўцы сталага веку…

І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, бабуля Кацярына імкнецца не згубіць бадзёрасці духу.  Яна жыва цікавіцца ўсімі навінамі, абавязкова глядзіць тэлевізар пасля 18.00…

— Хаця б толькі ціха было, — мудра разважае. — А то вунь дачка з Мінска казала, што зноў метро стала. Падазрэнне на бомбу… Нам, старым, ужо нічога не трэба, дзеці няхай жывуць…

На развітанне Кацярына Якаўлеўна Пляханава паказвае свой зямельны надзел і пытаецца ў дэпутата Раваніцкага сельскага Савета Рыгора Ладуцькі, як бы ёй ад большай часткі адмовіцца. Маўляў, ёй-то столькі ўжо і не трэба…

Яно і не дзіўна: прычакаўшы 30 мая, Кацярына Якаўлеўна Пляханава стане шаноўнай 80-гадовай юбіляркай…

(Працяг будзе)

Святлана АДАМОВІЧ

(тэкст і фота)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *