На дзесяць балаў жыццё і справы

Аграрный сектор

Неяк сапраўды так ладна ідзе ў дамавіцкага трактарыста Аляксандра КЛЫНДЗЮКА жыццё, што шмат чаго выдаецца на дзясятку. Аднаму сынку, старэйшаму, Мікітку, зараз дзесяць гадоў. А меньшаму, Мацвею, якога так назвалі ў гонар прадзеда, дык і наогул з нараджэння адны дзясяткі павыпадалі: з’явіўся ён на свет дзесятага лістапада 2010 года, у 10 гадзін раніцы!..

Калі паслухаць, як ставяцца ў гаспадарцы да Клындзюка-старэйшага, то і адносіны атрымліваюцца на найлепшую адзнаку. Бо давяраюць Аляксандру самую адказную працу, якую толькі можна на трактары выканаць. На вясенне-палявых работах ён сеяў яравыя культуры: авёс, пшаніцу, ячмень, гарох. Пасяўная сёлета вельмі ранняя — летась у гэтую пару на тым жа самым месцы Саша і заехаць не мусіў на поле, бо стаяла яно ўсё ў вадзе. Зараз жа амаль што скончыў усе запланаваныя пасевы. І справу сваю, па словах кіраўніцтва гаспадаркі, менавіта на дзесятку робіць. Таму яму і трактар новы тры гады таму даверылі. Даглядае яго механізатар на славу — за увесь час круглагадовай эксплуатацыі ніводнай сур’ёзнай паломкі не было. «Бо не «рэжу»!» — пасміхаецца Аляксандр.

Цікаўнасць і пашана да тэхнікі і ўсяго, што з ёю звязана, а таксама безадказнасць і дабрыня характару сталі прычынай таго, што і ўлетку, калі працоўны дзень на вёсцы доўгі, і ўзімку, калі ў прамежку паміж уборачнай і пасяўной бывае крыху роздыху і можна прыйсці з работы засветла, — Аляксандр з’яўляецца дадому аднолькава позна. Не з гуляў ці з таварыскай «бяседы на траіх» — не, спіртнога ён на дух не пераносіць. Саша… аднавяскоўцам дапамагае! Каму электраправодку парамантаваць. Каму «Віндаўз» пераўстанавіць. У кагосьці пыласос «дуба даў». У кагосьці прас. А Саша ўсяму дасць рады!.. Толькі вось жонка Аленка за гэту «дабрачыннасць» калі-нікалі ды й памкнецца на каханага «наехаць». Маўляў, малодшы сын, пакуль запомніў, як тата выглядае, дык першыя пару гадоў плакаў — баяўся, нібы чужога. Зараз што, і меньшаму трэба такое шчасце? Але, праўду сказаць, гэты меньшы сам такі зух, што не вельмі сябе дасць абвесці вакол пальца. Каго трэба, дык з першага погляду пазнае!.. А Саша на жонкіны кпіны только пасміхаецца: «Што ж рабіць, калі людзі дапамагчы просяць?!..» Калі-нікалі сам прызадумаецца: мо, так ня трэба? Мо, няхай сабе я бег бы дадому хуценька пасля працы, ды і трасца з імі, з тымі праводкамі ды пыласосамі іхнімі?..» Але, паразважаўшы, адчувае: не, не павінна так быць. Хай сабе калі-нікалі сям’я і пасумуе па тату, але ж людзей, як на вёсцы кажуць, «паслухаць» трэба — інакш кажучы, зрабіць, аб чым просяць. Вось падказвае нешта знутры, у сэрцы, што трэба «паслухаць» — і зноў… праводка… радыё… пыласос…

Акрамя ўсяго, Саша ж яшчэ і асабісты трактарчык дома сабраў! Як толькі часу на ўсё хапае! Сваёй сядзібы ў сорак сотак яму з-за працы ў гаспадарцы «Дамавіцкі» мо на сто працэнтаў і не адолець — хіба што перапаша, а далей матуля з жонкай будуць шчыраваць. Калі ж хто з аднавяскоўцаў будзе прасіць дапамогі з пахатою асабістых сотак — сваяку даручыць дамашнюю мінітэхніку і разам з ёю міссію «безадказнага памагатага». Бо, на жаль, як ні круціся, а ў сутках болей за 24 гадзіны не выкруціш.

І без таго вельмі ўдзячны аднавяскоўцы Сашу, што ніколі міма не пройдзе і чым можа, дапаможа ў любой справе. За гэту акалічнасць хто заўгодна ў Дамавіцку трактрысту Клындзюку «дзесятку» выставіць!..

 

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *