Лепшы па прафесіі

Аграрный сектор Люди и судьбы

Сустрэцца з Аляксандрам Фёдаравічам Розумам аказалася не так  проста. Працоўны дзень у трактарыста-машыніста адкрытага акцыянернага таварыства «Райаграсервіс» пачынаецца рана. Атрымаў заданне — і выконвай. Марнаваць час чалавек, які ўсё жыццё жыве на вёсцы, не прывык. Нездарма народная мудрасць гаворыць: вясновы дзень год корміць.

Зараз ён працуе на агрэгаце «Раса», на падкормцы. Пазней, як пойдуць травы — перасядзе на кормаўборачны камбайн «Ягуар», а потым, глядзіш, і ўборачная на падыходзе. Тады на зернеўборачным камбайне будзе працаваць.

Нарадзіўся Аляксандр Фёдаравіч ў вёсцы Жураўкавічы.

Бацька працаваў механізатарам. З  дзяцінства да гэтай справы прызвычаіўся і Аляксандр. Паступіў у Смілавіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць механізатара. Адслужыў у войску, вярнуўся, пачаў працаваць. Спачатку ў Смілавіцкай вучэбнай гаспадарцы, а пазней у  Сельгасхіміі. Была тады такая арганізацыя. Жонка Галіна — з Сельгастэхнікі, таму і жыць засталіся тут. Нарадзілі двух дзяцей: сына Андрэя і дачку Юлію. Пасля аб’яднання сельгасхіміі, сельгастэхнікі, АП «Чэрвеньскага» у арганізацыю — ААТ «Райаграсервіс» працуе тут трактарыстам-машыністам ужо 25 гадоў.

Пытаюся ў Аляксандра Фёдаравіча, якую спецыяльнасць абраў сын?

— Андрэй таксама зараз працуе ў Райаграсервісе, — гаворыць Аляксандр Фёдаравіч. — З дванаццаці гадоў ён зацікавіўся тэхнікай. А з 2008 года, калі яшчэ вучыўся ў Смілавіцкім ліцэі, пачаў працаваць са мной памочнікам на зернеўборачным камбайне. Я тады якраз атрымаў новы камбайн. Зараз працуе самастойна. А ў дачкі пакуль асноўная работа — выхоўваць дачушку, нашу ўнучку, скора ёй споўніцца тры гады. У Розумаў ужо цэлая дынастыя хлебаробаў — тры пакаленні мужчын працавалі і працуюць у сельскай гаспадарцы.

— Аляксандр Розум — адказны, добрасумленны работнік, — гаворыць спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Райаграсервіс» Валянціна Прахарэнка. — Ён заўсёды ў нас у першых радах. Яго паважаюць у калектыве.

Фотаздымак Аляксандра Розума на Дошцы гонару ў Райаграсервісе. А зараз яго фотаздымак будзе змешчаны і на раённай Дошцы гонару. Рашэннем райвыканкама трактарыст-машыніст ААТ «Райаграсервіс» Аляксандр Фёдаравіч Розум прызнаны лепшым па прафесіі сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу Чэрвеньскага раёна па выніках работы за 2013 год. Жадаю Вам, Аляксандр Фёдаравіч, моцнага здароўя і далейшых поспехаў у Вашай пачэснай працы.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *