Краязнаўца Іван Ярашэвіч адшукаў магілу Героя Савецкага Саюза Сцяпана Мазжэрына

Люди и судьбы

У «Раённым весніку» за 7 мая 2011 года быў надрукаваны артыкул Івана Ярашэвіча «Дачка Героя шукае месца пахавання бацькі». У ім расказвалася аб тым, што Дзіна Сцяпанаўна Паскробка з Чэрвеня жыве надзеяй знайсці магілу свайго бацькі —  Сцяпана Фёдаравіча Мазжэрына, які памёр ад ран 15 лютага 1945 года. 10 красавіка 1945 года яму, гвардыі лейтэнанту, пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сям’я даведалася аб гэтым толькі ў 1951 годзе. Вось тады Дзіна Сцяпанаўна паставіла перад сабой мэту абавязкова знайсці магілу бацькі і пакланіцца яму. Але міналі гады, а месца пахавання так і заставалася невядомым, нягледзячы на яе старанне.

Супрацоўніца раённага ваеннага камісарыята Алеся Мікалаеўна Мінчанка папрасіла краязнаўцу Івана Ярашэвіча падключыцца да гэтай пачэснай справы.

Пошукі ён доўжыў два гады. Былі яны вельмі складанымі. У Польшчы некалькі дзесяцігоддзяў таму зрабілі перапахаванні рэшткаў загінуўшых савецкіх воінаў з першапачатковых месцаў пахавання на вялікія могілкі ў некалькі тысяч магіл. Звозілі іх з далёкіх адлегласцяў.

На былых нямецкіх землях, якія пасля Другой сусветнай вайны адышлі да Польшчы, карэнным чынам змянілі нямецкія назвы на польскія. Памянялася і насельніцтва. Урэшце рэшт намаганні шматлікіх людзей, да якіх звяртаўся краязнаўца, завяршыліся поспехам. Напрыканцы 2013 года аб гэтым паведаміў Іван Паўлавіч Дзіне Сцяпанаўне Паскробка. А ў лютым сёлетняга года ён уручыў дачцэ Героя Савецкага Саюза пацверджанне аб месцы пахавання з ксеракопіямі афіцыйных дакументаў. У  іх засведчана: «Мозжерин Степан Фёдорович похоронен (перезахоронен) в Польше, город Болеславец, на братском захоронении воинов Красной Армии по улице 2-й Армии Войска Польского среди Героев Советского Союза.  В паспорте захоронения он числится под номером 105. Номер могилы 106. »

Дзіна Сцяпанаўна, яе дзеці і ўнукі цяпер маюць магчымасць наведаць магілу дарагога ім чалавека.

З  БІЯГРАФІІ

Сцяпан Фёдаравіч Мазжэрын нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Шабліш Чалябінскай вобласці ў сям’і селяніна. Закончыў дзевяць класаў, працаваў у калгасе. У ліпені 1941 года прызваны ў Савецкую Армію.

У 1943 годзе закончыў курсы малодшых лейтэнантаў. У тым жа годзе быў прыняты ў партыю. Вызначыўся на завяршальным этапе вайны, у ходзе Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі і пры фарсіраванні ракі Одэр.

16 студзеня 1945 года ў раёне вёскі  Цыліна-Пшэслаўска (Польшча) пазіцыі ўзвода лейтэнанта Мазжэрына былі атакаваны гітлераўцамі колькасцю да роты. Байцы падпусцілі варожых солдат і па камандзе камандзіра ва ўпор агнём з аўтаматаў адбілі атаку. Гітлераўцы адступілі. Услед за немцамі, якія ўцякалі, падняліся ў атаку нашы пехацінцы,  пераадолелі тры лініі варожых траншэяў, уварваліся ў вёску і вызвалілі яе.

18 студзеня ўзвод Мазжэрына па схілах яра паўзком наблізіўся да вёскі Сулашава (у 2—3 кіламетрах ад Цыліна-Пшэслаўска). Гітлераўцы заўважылі ўзвод, калі да варожых умацаванняў заставалася 300—400 метраў, і адкрылі огонь. Увесь дзень ішла жорсткая перастрэлка, але ўзвод не пакінуў пазіцыю, якая стала ключавой для разгрому варожага гарнізону. Байцы пад камандаваннем лейтэнанта Мазжэрына адбілі некалькі атак гітлераўцаў і ўтрымалі пазіцыі да падыходу асноўных сіл палка. У гэтых баях камандзір узвода асабіста знішчыў 21 фашыста.

3-га лютага 1945 года Сцяпан Фёдаравіч са сваім узводам першым уварваўся на чыгуначную станцыю, дзе знаходзіўся апорны пункт праціўніка, і, адбіўшы тры контратакі фашыстаў, утрымаў плацдарм і забяспечыў выкананне баявой задачы. У гэтым баі яго ўзвод знішчыў звыш  30 варожых салдат і афіцэраў,  11 ўзяў у палон.

Адважны афіцэр не дажыў да Перамогі. У адной з сутычак з ворагам ён быў паранены і памёр 15 лютага 1945 года.

Сцяпан Фёдаравіч Мазжэрын узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны другой ступені, медалямі.

 

П.ПАЛЕСКІ 

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *