Каталіцкая святыня

Общество

З далёкай мінуўшчыны

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца дакументы, якія сведчаць, што касцёл у  Ігумені закладзены 23 красавіка 1799 года. Як вядома, гэта быў час, калі пасля падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ігумен увайшоў у склад Расіі. Новая ўлада канфіскавала мястэчка ў Віленскага біскупства.

Будаўніцтва мясцовага каталіцкага храма  распачалося на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў. Вялікі ўклад унёс і смілавіцкі кляштар ордэна місіянераў св. Вінцэнта дэ Паоло.  Настаяцель  кляштара, ён жа Ігуменскі дэкан, Міхаіл Гродзкі  “сваім коштам і руплівасцю” змог  за паўтара года   завяршыць  узвядзенне святыні. Яна была асвечана пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа.

Сёння можна ўявіць выгляд тамтэйшага прыгожага касцёла з падрабязнага апісання яго ў  кнізе “Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія”. Вось што занатавана: “ Гэта была драўляная святыня, якая мела адбітак і стылю барока, і новага на той час класіцызму — тут і трохкутны франтон над уваходам з белымі  пілястрамі, і падвоеныя калоны…”

Цікавым быў унутраны інтэр’ер храма. Меліся тры алтары. Галоўны з іх быў упрыгожаны насценным роспісам. Тут знаходзілася разьбяная фігура  Укрыжаванага Хрыста, памаляваная фарбаю белага колеру, а карона і павязка былі пазалочанымі.  Бакавыя алтары мелі два ярусы. У правым  над абразом святога Юзафа знаходзіўся абраз святога Вінцэнта, а ў левым  над абразом Найсвяцейшай Марыі Панны — абраз святога Яўхіма.

…Бег час, жыццё мянялася. Царскім указам кляштар місіянераў у Смілавічах быў зачынены, а пазней і тамтэйшы касцёл. У выніку частка скасаванай смілавіцкай парафіі, а таксама капліцы ў вёсках Рэчкі, Ўбель і той, што знаходзіўся на смілавіцкіх могілках, былі далучаны да Ігуменскай парафіі.

Паводле архіўных звестак,  касцёл Узвышэння Святога Крыжа некалькі разоў абнаўляўся. У 1867 годзе яго рэстаўрыраваў ксёндз пробашч Лаўцэвіч, а ў 1878 — ксёндз пробашч Бяртовіч.

Дакумент 1867 года “Візіта Ігуменскага Рымска-Каталіцкага прыходу Касцёла і яго маёмасці” сведчыць, што з трох бакоў каталіцкую святыню акружалі вуліцы:  Маларасійская, Касцельная, Азёрская.  Усяго касцёл меў у Ігумені чатыры ўчасткі агульнай плошчай болей як дзве дзесяціны. Сам храм быў акружаны фруктовым садам, агародам, за якімі  знаходзіліся могілкі. Побач з касцёлам стаяла калакольня з брусоў, дом служыцеля, амбар, калодзеж і дом арганіста.

У вялікай на многія кіламетры Ігуменскай парафіі напрыканцы 19 стагоддзя колькасць прыхаджан  складала 4,6 тысячы чалавек.

Далейшыя звесткі  аб касцёле абрываюцца. З гісторыі мы ведаем пра падзеі, якія адбываліся на Ігуменшчыне: устанаўленне ў 1917 годзе савецкай ўлады, потым акупацыя  нямецкімі, а затым польскімі войскамі,  вызваленне Чырвонай Арміяй, перейменаванне Ігумена ў Чэрвень.  Усе гэтыя падзеі,  зразумела, уплывалі і на жыццё парафіян. Падчас савецкай улады касцёл падвяргаўся дыскрымінацыі, а вернікі — праследванню. У 1930-х гадах касцельны комплекс у Ігумені быў знішчаны.  Маліцца католікам ужо не было дзе, а прызнавацца ў сваёй веры да Бога — небяспечна. Лепшыя часы наступілі ў пачатку 90-х гадоў,  калі дазволілі рэгістрацыю раней зачыненых парафій. Адрадзілася яна і ў Чэрвені. 23 жніўня 1993 года Чэрвеньская парафія была афіцыйна зарэгістравана.

Адраджэнне

Першым ідэю аднавіць у Чэрвені парафію прапанаваў урач раённай бальніцы Мечыслаў Казіміравіч Каспаровіч. Сам з сям’і вернікаў, ён часта задумваўся над каштоўнасцямі жыцця. З гадамі духоўнае выхаванне, прыклад бацькоў і ўласныя разважанні ўсё часцей схілялі яго да малітвы, умацоўвалі веру ў Бога. Подых дазволенай свабоды ў веравызнанні на пачатку 90-х гадоў  стаў шанцам для ўзнаўлення мясцовай каталіцкай парафіі. І аднойчы сваёй думкай ён падзяліўся з педагогам каталічкай Станіславай Чаславаўнай Баркоўскай, якая ведала многіх католікаў з мясцовага насельніцтва. Неабыякавая да веры, яна адразу ж падтрымала яго. І не толькі на словах, а і на справе. Неўзабаве ад улады быў атрыманы дазвол на правядзенне  арганізацыйнага сходу.

Па ўспамінах Мечыслава Казіміравіча і Станіславы Чаславаўны, шмат было хваляванняў наконт таго, ці збяруцца людзі. Бо за гады панавання атэізму светапогляд  шмат у каго змяніўся,  забываліся хрысціянскія запаведзі, адыходзілі ў нябыт традыцыі. І ўсё ж трывогі былі дарэмнымі: вернікаў прыйшло чалавек 30-40 — і сход правялі. Адбыўся ён у будынку старой музычнай школы 4 красавіка 1993 года.  На павестцы сходу стаялі тры пытанні: выбары касцёльнага камітэту, рэвізійнай камісіі і прыняцце статуту.  У гэты самы першы касцёльны камітэт тады ўвайшлі:  М.К.Каспаровіч (выбраны старшынёй), С.Ч. Баркоўская (намеснік старшыні), М.А.Лукашэвіч (казначэй), Я.А.Козяр, Г.І.Грыбко, А.В.Шарая, Я.І.Дуцько, Г.П.Пятроўская, Ф.П.Матусевіч, Г.Ф.Жураўская, С.Ф.Скуратовіч, І.Б.Адамовіч, К.Р. Сіпач. Яны дзейнічалі зладжана і актыўна, а таму даволі хутка, ужо 23 жніўня, была зарэгістравана Чэрвеньская парафія. Так быў пакладзены пачатак адраджэнню рымска-каталіцкай веры на Чэрвеньшчыне.

Многія з яе прыхільнікаў актыўна далучаліся, выказваючы свае  слушныя прапановы.  Калі паўстала пытанне, дзе маліцца, Франя Пятроўна Матусевіч, якая працавала тады ў дзіцячым індоме, дамовілася з дырэктарам — і католікам дазволілі збірацца ў актавай зале. Прыходзіла чалавек 30, у святы — болей. Ксяндзы прыязджалі розныя, у асноўным — з Мінскага касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла). Як узгадваюць зараз мясцовыя вернікі,  усё афармлялі, як трэба, каб святар мог разам з людзьмі маліцца, а па заканчэнні службы, забіралі  абразы, сурвэту ды іншые і адносілі дамоў. Насіла ў асноўным Франя Пятроўна Матусевіч, якая ўзяла на сябе адказнасць за афармленне алтара…

І ўсё ж праз некаторы час збірацца ў інтэрнаце забаранілі. Зноў давялося шукаць памяшканне. Дзякуй  Лагуцкім — яны прадаставілі  склеп у сваёй майстэрні халадзільнікаў. Там некаторы час і маліліся. Было, вядома, няўтульна ў непрыгодным для Святой Імшы памяшканні. Пабудаваць новы касцёл — здавалася нязбытнай марай, бо патрабаваліся вялікія грошы, якія сабраць уласнымі сіламі не ўяўлялася магчымым. Але аднойчы ксёндз касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк прапанаваў чэрвеньскім католікам шукаць месца для новабудоўлі. І нават сам  завітаў сюды, каб на ўласныя вочы пабачыць прыдатную пад каталіцкі храм пляцоўку. Станіслава Чаславаўна Баркоўская, якая суправаджала святара, звярнула ўвагу на нікому непатрэбны будынак былога вузла сувязі ў цэнтры горада. Ксяндзу Завальнюку месца спадабалася. І ў неўзабаве, дзякуючы яго  намаганням, быў выкуплены паўразбураны будынак, атрымана пляцоўка ў 11 сотак зямлі і аформлены ўсе неабходныя дакументы.  Вернікі ачысцілі пляц ад кустоў і смецця. Ксёндз Завальнюк меркаваў хутка адрамантаваць старую пабудову і прыстасаваць яе для малітвы. Але справа зацягнулася, сцены далі вялікія трэшчыны — і ўжо не было мэты ўзнаўляць будынак. Вырашылі ўзводзіць новы храм, а Святую Імшу часова праводзіць у вагончыку, які  паставілі ў маі 1999 года на тэрыторыі будучага касцёла. Паклапаціўся пра гэта Вітольд Іосіфавіч Радзішэвіч.

Грошы на будоўлю збіралі, як кажуць з міру па нітцы.

— Шмат нам  дапамагалі ірландцы, якія прыязджалі ў дзіцячы дом-інтэрнат, —  распавядае Станіслава Чаславаўна Баркоўская. — Першая іх дапамога, як зараз помню, паўнюткі чамадан розных вельмі патрэбных рэчаў — ружанчыкаў, медальёнаў, магніцікаў з біблейскімі сюжэтамі, невялічкіх абразочкаў, крыжыкаў. Праз некаторы час ірландцы прывезлі ў падтрымку тысячу сто долараў. Перадаў іх Лім — старшыня аб’яднання грамадскай дапамогі. Быў час, калі да нас стала прыязджаць Ларэта, якая працавала ў Ірландыі медсястрой. Яна вельмі праніклася нашай задумай аднавіць  касцёл. Ларэта вярнулася ў Ірландыю, сабрала тры тысячы еўра і перадала чалавекам, які ехаў сюды.  Праз некаторы час і Лім прывёз яшчэ 10 тысяч долараў (іх выкарысталі, каб разбурыць стары будынак сувязі).

Яшчэ ўспамінаюць католікі, як святкавалі 200-годдзе касцёла. Стаялі  тады і будынак вузла сувязі, і вагончык. Паміж музеем і касцёлам была зроблена імправізаваная сцэна, подыум, нацягнута белая тканіна, вывешаны абразы,  пастаўлены банкеткі. Прыехаў ксёндз Завальнюк, прывёз з сабой — хор “Голас душы” з Чырвонага касцёла. Пасля Святой Імшы адбылося святочнае выступленне гэтага хору.  Шмат людзей сабралася. Слухалі спевы з задавальненнем. А потым арганізавалі абед для прыезджых. Цёплая-цёплая адбылася размова. А  ксёндз тады быў Уладзіслаў Шышла. Ён прыязджаў часта,  калі  ў вагончыку маліліся. Пры ксяндзу Шышлу многія вернікі бралі шлюб. Прама ў вагончыку. Памяшканне не вельмі прыдатнае, але існавала надта задушэўная атмасфера… У некаторых прыхаджан захаваліся фотаздымкі з таго часу. Прыязджалі разам з ксяндзом і спявачкі, бо спяваць католікі не ўмелі.  Для гасцей вернікі прыносілі гарбату, выпечку — і пасля Імшы за сталом, які напачатку служыў алтаром, размаўлялі, многаму вучыліся.

Будаўніцтва храма Узвышэння Святога Крыжа пачалося пры ксёндзу Мечыславу Лабяку ў 2003 годзе. Гэты польскі святар прыехаў з Мінска ў 2002 годзе, дзе працаваў у касцёле Святых Сымона і Алены.  У Чэрвені яго палюбілі за  міласэрнасць, набожнасць, ахвярнасць, шчырую і шчодрую душу. Быў светлым, даверлівым і праўдзівым чалавекам. Аддаваў  на ўзвядзенне касцёла ўласную пенсію, якую зарабіў  у Польшчы, прыцягваў як мог сродкі фундатараў.  Жыў ксёндз напачатку ў мясцовых вернікаў, а потым для яго парафіяне купілі дом побач з новабудоўляй.  Адзін з пакояў прыстасавалі для службы. Са святаром цесна супрацоўнічала суполка “Каштоўная жамчужына”. У прыватнасці, для дзяцей яна адкрыла Нядзельную школу.

Асноўную суму для будаўніцтва святыні — 60 працэнтаў неабходных грошай — ахвяравала каталіцкая дабрачынная нямецкая арганізацыя “Рэнавабіс”. Калі пачалі закладваць фундамент, паўстала шмат праблем. Адна са складанейшых тая, што на былой тэрыторыі вузла сувязі засталіся шафы з тэлефоннымі лініямі, а таму існавала небяспека іх пашкодзіць. Ездзілі ў міністэрства сувязі, прасілі, каб знеслі шафы. Там напачатку пагадзіліся, але потым перадумалі, спаслаўшыся на значныя выдаткі. Здавалася, усё зайшло ў тупік. Аднак праз нейкі тэрмін праблема вырашылася, усё было ўлічана — і ПМК-8 пачала закладваць фундамент. Затым наймалі розныя іншыя брыгады. Да будаўніцтва касцёла падключыўся Вітольд Іосіфавіч Радзішэвіч. Выдатны спецыяліст у гэтай галіне, ён адказна сачыў за правільнасцю ажыццяўлення праекта, якасцю выконваемых работ. Храм узводзіўся з вялікімі цяжкасцямі і Вітольд Іосіфавіч, які добраахвотна ўсклаў на сябе абавязкі, звязаныя з будоўляй, бываў тут штодня,  сам ездзіў вырашаць праблемы ў Мінск. Яго патрабавальнасць часам камусьці не падабалася, але яна была неабходная, асабліва ў час, калі закладвалі падмурак — аснову будучай святыні. Моцна перажываў за будоўлю і ксёндз Мечыслаў. Мясцовыя вернікі і цяпер упэўнены, што не вытрымала глыбокіх перажыванняў уражлівае сэрца гэтага святара — яго не стала. Пасля смерці Мечыслава Лабяка некаторы час адпраўляў Імшу ў Чэрвені Бярэзінскі ксёндз Алег Мурзіч. А ў 2006 годзе на службу прыехаў польскі місіянер ксёндз Павел Кручак.  Ён стаў пробашчам касцёла, а пазней назначаны дэканам Чэрвеньскага дэканату.  Ксёндз Кручак дабудоўваў касцёл і многае зрабіў для ўмацавання парафіі як духоўнай суполкі. У першыя дні знаходжання на Чэрвеньшчыне шмат дапамагаў у працы святару, які слаба размаўляў па-беларуску, энергічны, ініцыятыўны Віталь Маргуноў, які прыехаў на практыку з Пінскай Высшай духоўнай семінарыі. Да іх пацягнуліся людзі. Каб хутчэй перайсці ў будынак касцёла, вернікі арганізоўвалі суботнікі, прыцягвалі да работы сваіх знаёмых і сяброў. Шмат дапамагалі кіраўнікі гаспадарак Алена Эдуардаўна Махнач, Станіслаў Янавіч Ашмянчук, прадпрымальнік Андрэй Пятровіч Янчэўскі, дырэктар Чэрвеньскага энергасэрвісу Міхаіл Мікалаевіч Мірончык, мастак Фелікс Феліксавіч Высоцкі, сям’я Тарасік, дэпутат Уладзімір Вікенцьевіч Пятровіч, райспажыўтаварыства… Усім ім, а таксама тым, каго не назвала (няхай прабачаць), вялікі  дзякуй ад католікаў!

Менавіта з агульнага імкнення адно з невялікіх памяшканняў касцёла даволі хутка было даведзена да ладу — і там пачалі адпраўляць Імшу. Людзей збіралася ўсё болей… і праз некаторы час яны ўжо не змяшчаліся тут. Ксёндз Павел паставіў мэту перайсці ў асноўную залу касцёла 16 мая 2009 года, у дзень нараджэння месіянера-пакутніка Андрэя Баболі. Здавалася, працы столькі, што немагчыма справіцца з ёю ў кароткі  тэрмін. Але падключыліся ўсе, хто мог чымсьці дапамагчы. Паклалі плітку на падлогу, зрабілі лаўкі, аформілі алтар… А штосьці недаробленае прыкрылі мноставам прыгожых букетаў — якраз буйна паўсюды квітнеў бэз. Яго дзіўны водар напоўніў святыню. І хоць унутранае аздабленне было зусім простым, але кветкі ды паўнюткая людзьмі зала святыні напаўняла шчасцем сэрцы вернікаў і іх пастыра. Уваход у касцёл стаўся сапраўдным святам. Якраз у гэты дзень урачыста віталі абраз Езуса Міласэрнага і рэліквіі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Завітаў біскуп Антоній Дзям’янка. Убачаным ён прыемна быў уражаны і потым часта прыязджаў, каб пабачыцца з ксяндзом Паўлам Кручакам, паразмаўляць з парафіянамі, паглядзець, як дабудоўваецца храм. Біскуп таксама быў фундатарам. Дарэчы, грашовы сродкі яшчэ ахвяравалі пробашч Мінскай катэдры Найсвяцейшай Панны Марыі Антоній Клімантовіч, а пазней  — і некаторыя святары з Польшчы.

Намаганнямі ксяндза Паўла Кручака наш касцёл атрымаў рэліквіі Андрэя Баболі, а неўзабаве гэты святы быў прызначаны апекуном Чэрвеньскага храма. Польскія католікі ахвяравалі грошы на вялікі насценны абраз Андрэя Баболі, і цяпер ён знаходзіцца ў нашым касцёле. Да святога вернікі часта звяртаюцца з малітвамі.

Духоўнае паяднанне парафіянаў паступова ўзрастала. Святы ўсё больш набывалі ўрачыстасць, мнагалюднасць. Праводзіць рэкалекцыі (духоўную падрыхтоўку да вялікіх рэлігійных святаў) прыязджалі святары з іншых парафій. У верасні 2012 года завітаў у Чэрвень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пачалі ладзіцца ў храме і канцэрты духоўнай музыкі. Давалі канцэрт ансамбль з польскага пасольства, духавы аркестр з Польшчы… Але галоўным застаецца выступленне выкладчыкаў Чэрвеньскай школы мастацтваў на чале з Васілём Васільевічам Капцелавым. Гучанне іх прыгожых галасоў у каталіцкім храме настолькі зачароўвае, што паслухаць збіраюцца многія чэрвеньцы, нават не хрысціяне… Штогадовае выступленне таленавітых настаўнікаў стала добрай традыцыяй.

Дэкан Чэрвеньскага дэканату Павел Кручак стараўся дайсці да кожнага католіка, правіць Імшу ездзіў у Ляды, Смілавічы, падтрымліваў сувязь з Беразіно і Мар’інай Горкай. У Смілавічах, дзякуючы ініцыятыве і фундатарству ўраджэнца гэтага пасёлка Карла Крэпскага, распачалося ўзнаўленне разбуранай на могілках каплічкі. У 2007 годзе яна была асвечана.

Паступова многія католікі павярнуліся да веры. Пачалі браць шлюб, хрысціць дзяцей, з ксяндзом праводзіць чалавека ў яго апошні шлях…

Разам з дарослым на Святую Імшу стала больш прыходзіць дзяцей. Настаўніца Галіна Іванаўна Гурына пачала весці для іх заняткі па рэлігіі, пазней яе абавязкі ўзяла на сябе педагог Алена Яўгенаўна Няборская. Некалькі разоў чэрвеньскія дзеткі па запрашэнню польскіх католікаў ездзілі на адпачынак у Польшчу, дзе іх гасцінна прымалі.

У  касцёле склаўся і невялікі хор, які вядзе за сабой спевы вернікаў падчас Святой Імшы. Гучыць ён вельмі прыгожа, пранікнёна. І гэта дзякуючы, у першую чаргу, Ядвізе Іванаўне Матронік. У Ядвігі Іванаўны цудоўны голас і ўменне правільна падабраць тую ноту, якую ахвотна падхопліваюць на Імшы астатнія прыхаджане.  Добрыя голасы ў Ірыны Эдуардаўны Лагуцкай, Алены Яўгенаўны Няборскай,  Галіны Браніславаўны Фядотавай, моладзі…

Ужо больш як два гады працуе ксёндз Павел Кручак у Іванаве на Брэстчыне.  А ў Чэрвені яго заступіў малады беларускі ксёндз Вячаслаў Дубавец, які працягвае вучобу ў Польшчы. Ён мае службовыя абавязкі не толькі ў нашай парафіі, але і ў іншых. Працы ў яго шмат, але гэта не перашкаджае ініцыятыўнаму святару даводзіць да ладу касцёльны будынак у Чэрвені. І паступова святыня паляпшае свой выгляд. У цяперашняга ксяндза шмат планаў, якія ён настойліва ажыццяўляе. Умацоўваецца і яго паразуменне з парафіянамі. Яны шчыра рады, што  маюць касцёл і свайго святара, могуць прыходзіць памаліцца не толькі ў святы, але і ў будзёныя дні. Зрэшты,  храм  адчынены не толькі падчас службы.  Ксёндз Вячаслаў зрабіў прыгожыя рашотчатыя дзверы — і цяпер, калі ёсць жаданне і вольная хвіліна, можна зайсці ў святыню ў любы час. Пастаяць у цішы, памаліцца, папрасіць у Бога заступніцтва для сябе ці  сваіх родных,  задумацца аб вечных каштоўнасцях жыцця і ўрэшце ўмацаваць тую асабістую  духоўную сілу, якая дапамагае нам жыць, пераносіць нягоды, быць шчаслівымі.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *