Да ветэранаў – з газетамі і часопісамі

Общество

У Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы распачата акцыя «Служылі Айчыне», якая прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Яна ладзіцца сумесна са старшынёй раённага Савета ветэранаў. Так, у гэтым годзе бібліятэкары і Іван Фёдаравіч Ладуцька наведалі шэраг удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны на даму.

… З прыемнай усмешкай сустрэла гасцей Валянціна Апанасаўна Ладуцька. Яна распавяла пра сваё жыццё, паслухала агляд газет, атрымала інфармацыю аб страхаванні маёмасці…

На падворку Васіля Ігнатавіча Семчанкі першай сустрэла гаспадыня — Вольга Якаўлеўна, якая завіхалася ў агародзе. Ну, а гаспадар чакаў нас у хаце. Ад старшыні раённага Савета ветэранаў даведаўся, што Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдзеліць ветэрану грошы на замену электраправодкі ў хаце.

Далей мы накіроўваемся да Яўгеніі Ягораўны Харытончык. Ужо на вуліцы нас сустракаюць дачка і праўнучка ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны. Заходзім у хату, дзе светла, утульна і прыгожа. Тут жывуць ажно чатыры пакаленні! Нам пашчасціла з усімі сустрэцца і паразмаўляць. Гаварылі пра стан здароўя, жыллёвыя ўмовы… Пра тое, што пішуць у газетах і часопісах… Асабліва парадавала, што праўнучка Яўгеніі Ягораўны зацікавілася рэцэптамі прыгатавання страў і вырашыла завітаць у бібліятэку з бацькамі.

Наступная сустрэча з Софіяй Львоўнай Калтовіч. Яе даглядае дачка Раіса, бо самастойна ветэран Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, рухацца не можа. Але, нягледзячы на гэта, Софія Львоўна — аптымістка. Яна клапоціцца аб сваім знешнім выглядзе, неабыякавая да тых, хто побач. Любіць песні, спявае іх. Асабліва падабаюцца ёй песні ваенных гадоў.

З Софіяй Львоўнай Калтовіч цікава размаўляць на любыя тэмы! Даспадобы прыйшоўся ёй агляд літаратуры па кветкаводству. Высветлілася, што гаспадыня вельмі любіць вяргіні. Штогод яе дачка высаджвае больш за дваццаць кустоў! Паразмаўлялі мы і пра вырошчванне зеляніны, агародніны. І, канешне, пра вінаград, які расце перад хатай Софіі Львоўны.

На развітанне сфатаграфаваліся на памяць і абяцалі выканаць пажаданне ветэрана — знайсці тэкст яе любімай песні «Севастопольский вальс». Забягаючы наперад, скажу: просьба выканана!

Кожнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны мы пакідалі ўзрушанымі. І падчас усяго адваротнага шляху ў галаве круціліся думкі: «Якія ж яны працавітыя, добрыя, шчырыя і адкрытыя! Як прыемна мець з імі стасункі!» Дзякуй вам за Перамогу!

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела

абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *