Звычайныя клопаты незвычайнай вясны

Аграрный сектор

Сёлетняя надзвычай ранняя вясна дзень пры дні б’е тэмпературныя рэкорды стагоддзя. Гэтак жа рэкордна рана земляробы Чэрвеньшчыны вывелі на палеткі глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку.

Старт сяўбе ў раёне быў дадзены 9 сакавіка. У гэты дзень механізатар ААТ «10 з’езд Саветаў» Аляксандр Рог (на здымку) пачаў сеяць авёс ля вёскі Клінок. З тае пары гаспадарка, дзякуючы своечасова падрыхтаванай тэхніцы, штодня нарошчвае тэмпы веснавых палявых работ. Сёння яна — лідар па аб’ёму сяўбы ранніх зерневых і зернебабовых культур у раёне: на раніцу ўчарашняга дня іх пасеялі 552 гектары.

— Каб стварыць запас падрыхтаванай глебы для пасяўных агрэгатаў, механізатары на ворыве і культывацыі шчыруюць у дзве змены, — распавядае дырэктар ААТ «10 з’езд Саветаў» Яўген Мурашка. — Маем рэзерв паліва на пяць дзён працы. Мінеральных угнаенняў таксама хопіць, каб завяршыць першую падкормку азімых і забяспечыць асноўную запраўку глебы пад яравую сяўбу.

На пытанне, ці не палохае незвычайна ранні пачатак работ у полі, кіраўнік гаспадаркі з усмешкай адказвае:

— Не палохае! Навукоўцы сцвярджаюць, што можна працаваць. Ды і на практыцы відно: вільгаць з глебы вельмі хутка сыходзіць, а, значыць, у выйгрышы павінен застацца той, хто раней сеяць пачаў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара  

 Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, раннія яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры пасеяны ў гаспадарках раёна на 4091 гектары, што складае 40 працэнтаў ад плана. Па тэмпах сяўбы наперадзе земляробы сельгаспрадпрыемства «Ганута-агра», дзе раннія яравыя пасеяны на 71 працэнце палеткаў ад неабходнага і эксперыментальнай базы «Натальеўск» (69%). 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *