Задачы пастаўлены, тэрміны вызначаны

Аграрный сектор

Сёлета вясна, як ніколі, радуе нас раннім цяплом і яркім сонейкам. Таму ўжо на гэтым тыдні некаторыя гаспадаркі, дзе дазваляе глеба, пакрысе пачалі выводзіць пасяўныя агрэгаты на палі.

А напярэдадні апошняя праверка гатоўнасці да веснавых работ  усіх гаспадарак раёна адбылася ў мінулую пятніцу на базе ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс». На нараду з удзелам старшыні райвыканкама Івана Муха былі запрошаны галоўныя спецыялісты, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, адказныя работнікі ад райвыканкама, замацаваныя за гаспадаркамі на перыяд пасяўной. Напачатку  вядучы аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Піпчанка  расказаў аб задачах, якія пастаўлены  краўніцтвам раёна перад хлебаробамі на ўвесь перыяд веснавых палявых работ, праінфармаваў пра агратэхнічныя тэрміны сяўбы кожнай сельскагаспадарчай культуры, падкарэкціраваў рабочыя планы некаторых гаспадарак.

Так, згодна рабочага плана, агульная плошча яравой сяўбы ў раёне складае 25619 гектараў. У тым ліку ранніх яравых зерневых неабходна пасеяць на плошчы 10380 гектараў, кукурузы — на 9700 гектарах, з іх 1500 гектараў — на зерне. 650 гектараў выдзелена на сяўбу грэчкі, 1200 — бульбы, 200 — гародніны і 3700 гектараў для аднагадовых траў. Неабходна падкарміць 13840 гектараў азімых культур, у тым ліку азімага рапсу на плошчы 6035 гектараў. На сяўбе ў раёне будзе задзейнічана 39 пасяўных агрэгатаў, 56 адзінак энерганасычанай тэхнікі і 305 трактароў. Вызначаны і пэўныя тэрміны правядзення кожнага віду работ. Так, сяўбу яравых зерневых запланавана правесці  за 8-9 рабочых дзён, кукурузы — 13, бульбы — 10 дзён. Падкормку азімых зерневых завяршыць за 8, рапсу за 4 рабочыя дні.  На правядзенне ўсіх відаў работ гаспадаркам неабходна 2,5 тысячы тон паліва. Пакуль на  сённяшні дзень яго ў раёне не хапае.

Затым справаздачу аб гатоўнасці тэхнікі, насення, палеткаў, забяспечанасці механізатарамі, спецадзеннем, аб арганізацыі харчавання, мерах матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы,  а таксама аб тым, якія работы праводзяцца цяпер на палетках гаспадарак, трымалі спецыялісты і кіраўнікі ўсіх  без выключэння сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Асаблівая ўвага ўдельнікаў нарады была звернута  на пытанні аховы працы і  належную арганізацыю вартаўніцтва ў кожнай гаспадарцы.

Л.ЦІТАЎКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *