Вольга Нежавец: педагог і творца, моды заканадаўца

Люди и судьбы

Шыццём і мадэляваннем вопраткі Вольга захапілася яшчэ падчас вучобы ў школе. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі не толькі навыкі настаўніцы працоўнага навучання, якія пераймалі дзяўчынкі, але і яе аблічча, якасці характару. Гэта была цікавая, стройная, прыгожая, добрая, акуратная жанчына, прыгадвае Вольга Нежавец. І дзе б яна сама ў далейшым ні вучылася, кім бы ні працавала, шыццё сталася яе захапленнем па жыцці.

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы Вольга Віктараўна працуе чацвёрты год. І менавіта гэты яе занятак — кіраўніцтва аб’яднаннем па інтарэсах «Мадэляванне вопраткі» — найбольш удала аб’яднаў дзве адукацыі. У свой час Вольга Нежавец набыла спецыяльнасць «тэхнік-тэхнолаг, майстар вытворчага навучання з правам выкладання спецдысцыплін» у Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы і спецыяльнасць «настаўнік працоўнага навучання» ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Да прыходу ў Цэнтр яна змяніла некалькі прафесій, а вось знайшла сябе, па яе ўласным сцверджанні, менавіта тут…

Дарэчы, і карані яе — на Смілавіччыне. Адсюль родам бацькі Вольгі. Праўда, у свой час яны па размеркаванні паехалі на Нарач — мама працавала настаўніцай хіміі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня». На Мядзельшчыне і прайшло дзяцінства Вольгі Віктараўны. А на радзіму продкаў трапіла па размеркаванні. Ды так і засталася ў Смілавічах, дзе жывуць і яе сваякі.

Што ж датычыцца майстэрства шыць, то, напрыклад, мадэлі з папулярнага ва ўсе часы часопіса «Бурда» Вольга Нежавец можа пашыць «адзін у адзін». Але гэта, сцвярджае, для яе вельмі проста, бо там ёсць гатовыя выкрайкі. Нашмат цікавей шыць рэчы па мадэлях з інтэрнэту, дзе трэба самой думаць над усім.

Гэтаму яна вучыць і гурткоўцаў — думаць, ствараць сваё, рабіць «пад сябе», фантазіраваць…

— У Вольгі Віктараўны няма недахопу ў дзецях, у яе пастаянна цэлы кабінет дзяўчат! — заўважае метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы Святлана Хасяневіч, якая прысутнічае пры нашай размове. — Гэта ж трэба так захапіць іх! Пры тым, што сам працэс мадэлявання, шыцця патрабуе ўвагі, акуратнасці, уседлівасці, карпатлівасці…

— Дзецям падабаецца, — пацвярджае Вольга Нежавец. — Ёсць у мяне адна дзяўчынка, якая наведвала гурток з чацвёртага класа. Зараз яна ў восьмым. Праўда, летась заняткі прапусціла, бо хварэла часта. А ў гэтым навучальным годзе зноў да нас вярнулася. Яна ўжо шые для сябе, з радасцю расказвае, што і куды апранала. Задаволена такім захапленнем дачкі і яе мама. Гэта вялікі плюс, калі бацькі на баку дзяцей — дапамагаюць ім, матэрыял купляюць.

Канешне, не ўсе дзяўчаты, асабліва малодшага школьнага ўзросту, могуць на належным узроўні займацца распрацоўкай вопраткі для сябе. Але і для іх ёсць не менш цікавы занятак — шыць адзенне для лялек. Усе ж аперацыі, зазначае Вольга Віктараўна, аднолькавыя, адрозненне толькі ў памеры.

А яшчэ кіраўнік аб’яднання па інтарэсах і яе выхаванкі зацікавіліся пашывам так званых цільдаўскіх лялек.

— Гэтых лялек я летась убачыла на адной з выстаў, — тлумачыць Вольга Нежавец. — Яны такія забаўныя, інтэр’ерныя…  Дзяўчаты, мужчыны, жанчыны… Апранутыя, па большасці сваёй, у адпаведнасці з народнай традыцыяй. Вопратка шыецца з натуральнай тканіны ў дробны малюнак — у кветачкі, клетачку… Гэтыя лялькі цікава апранаць. Дзеці таксама зацікавіліся лялькамі. Гэтак жа, як нестандартнымі вырабамі з палосак тканіны. Напрыклад, гэты кот сшыты ўручную — так мы вывучалі ручныя сцяжкі. А потым ужо збіралі палоскі на машыне. І непатрэбныя кавалкі тканіны пайшлі ў ход, і выраб атрымаўся. Калі вучыліся рабіць радкі на швейнай машыне, дык з кавалачкаў стваралі своеасаблівыя карціны. Атрымліваецца, што работа не аднастайная, дзеці  не стамляюцца. Хаця ўседлівасць,як правільна заўважыла  Святлана Якаўлеўна, безумоўна, патрэбна.

Апрача вырабу лялек, вопраткі для іх, Вольга Віктараўна, можна сказаць, абшывае і гурткоўцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы. Касцюмы прыдумляе і распрацоўвае сама. Таму яе з поўным правам можна назваць і своеасаблівай заканадаўцай моды. А гэта — касцюмы для дзяцей з харэаграфічнага гуртка, для казачных герояў, для вядучых… Летась на конкурсе Дзедаў Марозаў і Снягурак пара з Цэнтра, а таксама Арлекін і П’еро таксама былі ў касцюмах «ад Вольгі Нежавец». Прычым Дзед Мароз выступаў не толькі ў традыцыйнай доўгай шубе, але і па-сучаснаму — у кароткай куртцы.

— Вольга Віктараўна — прафесіянал, майстар сваёй справы! — эмацыянальна заўважае метадыст Святлана Хасяневіч. — Гэта шчасце, што яна ў нас працуе!

Дарэчы, чуючы ўсе захапляльныя словы ў свой адрас, Вольга Нежавец толькі сціпла ўсміхаецца. Яна не любіць выхваляцца сваімі здольнасцямі, а проста ціхенька займаецца справай па душы і перадае любоў да мадэлявання і шыцця сваім выхаванкам.

Мае Вольга Віктараўна і ўласную мару, творчую задуму, якую выношвае з таго часу, як прыйшла на працу ў Цэнтр — сумесна з суседнім аб’яднаннем па інтарэсах «Роспіс па тканіне» стварыць калекцыю вопраткі, распісанай акрылавымі фарбамі.

Пачуўшы пра гэтую задуму, Святлана Хасяневіч абяцае Вользе Віктараўне падтрымку адміністрацыі. А значыць, ідэя творчай асобы мае ўсе шанцы ўвасобіцца ў жыццё…

Святлана АДАМОВІЧ. 

Здымкі касцюмаў «ад Вольгі Нежавец» забяспечаны Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *