Шчасця вам, сяброўкі!

Общество

Ну вось і дачакаліся мы самага прыгожага, самага чароўнага, самага прыемнага свята — 8-га Сакавіка… Свята дзяўчынак, дзяўчат, жанчын… Мамаў і дачок, унучак і бабуляў, жонак, каханых, сябровак… Усіх-усіх  прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва… Нас з вамі, нашы шаноўныя чытачкі «раёнкі».

Яшчэ крыху — і яно ўвойдзе ў нашы хаты і кватэры, зазірне на працоўныя месцы да тых, каму выпала 8-га Сакавіка праводзіць не дома, а на дзяжурстве ў офісе, у цягніку, у аўтобусе…  Прыйдзе на світанні разам з ласкавымі промнямі ўжо даволі цёплага вясновага сонейка… З пералівамі-пошчакамі  птушак… Ці пад акампанемент  дожджыку… А мо, і з цэлым роем сняжынак… Свята прыйдзе — і расфарбуе наша пакуль яшчэ шэрае, без вабнай зеляніны наваколле шматколернасцю цюльпанаў, ярка-жоўтымі мімозамі, пяшчотнымі ружамі ўсіх адценняў, нясмелымі крокусамі і гіяцынтамі… І душу абавязкова апануе цэлы рой прыемных пачуццяў. Зусім не будзённых, а такіх узнёсла-святочных…

І як жа хочацца, каб нішто не азмрочыла гэты дзень. Давайце гэтага сабе і пажадаем, мілыя сяброўкі… Каб нашы чаканні спраўдзілася… Каб нашы мужчыны ператварыліся ў сапраўдных джэнтльменаў — уважлівых, клапатлівых, а галоўнае — шчырых і любячых…

Хаця, канешне, аднаго жаночага Дня ў годзе нам ну вельмі мала. А з іншага боку… Калі б такія святы расфарбоўвалі ў чырвань каляндар хаця б раз на месяц, хто ведае, можа, яны б згубілі сваю загадкавасць, магічнасць і чароўнасць?

Таму давайце радавацца таму, што маем! І не загадваць шмат… Лепей няхай тое, незагаданае, стане прыемным сюрпрызам. А нават калі такога не надарыцца… Не варта расчароўвацца. Значыць, усё атрымаецца на наступны год — абавязкова!

8-га Сакавіка ўсе мы з вамі, мілыя сяброўкі, можам дазволіць сабе быць самімі сабой… Не хаваць сваіх жаданняў… Гэтае свята дае нам магчымасць правесці хаця б адзін дзень у поўнай гармоніі з сабой. Спаўна наталіцца сваёй прывабнай жаноцкасцю, каб упэўненасць у ёй суправаджала нас да наступнага 8-га Сакавіка!

Калектыў «раёнкі» шчыра і сардэчна віншуе вас, нашы прыгожыя, абаяльныя, прывабныя, разумныя, чароўныя чытачкі, няштатныя аўтаркі, з надыходзячым Днём жанчын! І няхай у кожнай з вас, а таксама ў вашых родных, 8-га Сакавіка спраўдзіцца менавіта тое, што вы задумалі! Шчасця вам вялікага, мілыя сяброўкі!

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *