Прысвяцілі жанчынам…

Общество

Цудоўным партрэтам і незвычайнаму лёсу прыгажунь залатога веку, а таксама 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы прысвяцілі сакавіцкае пасяджэнне аматарскага аб’яднання «Журавінка». У якасці госці на ім прысутнічала ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Апанасаўна Ладуцька.

Прэзентацыю-вернісаж партрэтаў падрыхтавала бібліятэкар Кацярына Дзямахіна. Прысутныя з цікавасцю назіралі, як змяняюць на экране адна адну жанчыны, якія паланілі сэрцы мастакоў і паэтаў. Сярод іх такія славутыя, як «Незнаёмка» Івана Крамскога, партрэт старэйшай дачкі А.С.Пушкіна, намаляваны Іванам Макаравым, знакамітай  спявачкі Паліны Віардо, створаны Пятром Сакаловым… Сябры клуба з замілаваннем слухалі творы, прысвечаныя прыгажуням. Гучалі рамансы «Я встретил вас…» на словы Ф.Цютчава, «Утро туманное» — І.Тургенева, «Я помню чудное мгновенье…» А.Пушкіна. Удзельнікаў пасяджэння літаральна зачаравалі вершы «Незнакомка» А.Блока, «Красавица» А.Пушкіна, «Я помню время золотое…» Ф.Цютчава.

Потым вядучая мерапрыемства прапанавала прысутным адказаць на пытанні: «На якія добрыя ўчынкі натхнялі вы, паважаныя жанчыны, сваіх мужчын?» і «Якія ўчынкі здзяйснялі вы, паважаныя мужчыны, дзеля сваіх каханых?». Нягледзячы на тое, што пытанні былі вельмі асабістымі, многія на іх адказвалі досыць шчыра.

Пра сваё першае каханне ўзгадалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Ладуцька і сябра клуба Софія Гурына. Пра асабістае ўспомнілі ўдзельніца клуба Зоя Сушкевіч і старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька. А Уладзімір Дарагуж прачытаў на памяць свой верш, прысвечаны жанчыне.

Упершыню на пасяджэнне клуба «Журавінка» завітаў Канстанцін Майсеевіч Кіклевіч са сваёй жонкай Зінаідай. Ён вельмі сціпла распавёў пра сваю першую сустрэчу з ёй, як прыходзіў у сваты… А потым прачытаў на памяць сваю гумарэску «Санаторый», якая ўзняла настрой усім прысутным.

Напрыканцы сустрэчы вядучая падзякавала ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Валянціне Апанасаўне Ладуцька за Перамогу і ўручыла кветкі. А старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька запэўніў, што кожная з прысутных жанчын вартая таго, каб ёй прысвячалі вершы і пісалі яе партрэты.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай ЦРБ

Фота Тамары ЗІМІНОЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *