Праблемы разгледзелі з выездам на месца

Общество

У рэдакцыю звярнуўся даўні чытач газеты, наш няштатны аўтар, стараста в.Залессе Мікалай Максімавіч Крук. У вялікім лісце на некалькіх старонках ён выказаў свае думкі аб праблемах добраўпарадкавання, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, неабходнасці больш строга падыходзіць да кіраўнікоў, якія дапускаюць факты безгаспадарчасці на падведамасных тэрыторыях, і г.д. У прыватнасці, наш чытач закрануў праблемы навядзення парадку на зямлі ў межах населеных пунктаў Залессе і Камейкі, якія размешчаны на тэрыторыі Валевачоўскага сельсавета.

«Дарога, якая вядзе да пабудоў «СТФ-Мантаж», пачынае паступова разбурацца, — сцвярджае Мікалай Крук, — ад інтэнсіўнага руху транспарту гэтай арганізацыі. Штамбы дрэў не беляцца. Старыя дрэвы і галіны валяюцца ўздоўж дарогі. Гэтак жа, як і шкляныя ды пластыкавыя бутэлькі, пакеты. Пустазелле па перыметру вось ужо каторы год не абкошваецца. Яго насенне выспявае і разносіцца ветрам, забруджваючы тым самым усё больш зямлі.

Вялікая тэрыторыя ў некалькі гектараў ад дарогі да могілак і далей па перыметру да зямель Валмянскага лясніцтва, якая належыць ААТ «Валевачы», шмат гадоў зарастае разнастайным пустазеллем…»

Наступная праблема, узнятая Мікалаем Максімавічам, датычыцца правілаў водакарыстання. Гэта — «нічыйная» вада, якая даўно бяжыць з некаторых калонак, іх неўцяпленне гаспадарамі на зіму, неаплата за карыстанне вадой тымі,  хто самастойна зрабіў адводы з асноўнай магістралі… Усё гэта стараста в.Залессе лічыць прыкладамі безгаспадарчасці. Закрануты нашым чытачом праблемы якасці жніва ды іншыя.

Ліст Мікалая Максімавіча Крука мы накіравалі на рэагаванне старшыні Валевачоўскага сельвыканкама Алене ЧЫКАНОЎСКАЙ і атрымалі наступны адказ:

«У сувязі са зваротам у рэдакцыю газеты «Раённы веснік» старасты в.Залессе М.М.Крука 25 лютага мабільная група ў складзе старшыні Валевачоўскага сельвыканкама Алены Чыканоўскай, спецыяліста земслужбы Наталлі Гермель, намесніка дырэктара ААТ «Валевачы» Галіны Новік правяла абследаванне тэрыторыі вёсак Залессе і Камейкі і высветліла наступнае.

Дарога, якая ідзе ад шашы М-4, знаходзіцца ў здавальняючым стане. Прыкладна 200 метраў дарожнага палатна заасфальтавана, астатняя частка мае гравійнае пакрыццё. Дарога знаходзіцца на балансе Чэрвеньскага ДРБУ-121, якое рэгулярна праводзіць яе грэйдзіраванне і абкошванне абочын.

Тэрыторыя «СТФ-Мантаж» абгароджана бетонным плотам, рэгулярна абкошваецца. Застаецца праблемным участак уздоўж плоту вытворчага памяшкання, якое будуецца. Кіраўніцтву «СТФ-Мантаж» накіравана прадпісанне аб неабходнасці ліквідацыі недахопаў ва ўстаноўлены тэрмін.

Пустая тэрыторыя, якая належыць ААТ «Валевачы», з пачаткам палявых работ будзе задыскавана і засеяна шматгадовымі травамі. Пра гэта адміністрацыя ААТ «Валевачы» паведаміла М.М.Круку яшчэ ў лістападзе мінулага года.

Водазаборная калонка ў в.Залессе ля дома №1 перакрыта і ўцеплена спецыялістамі ААТ «Валевачы» ў снежні мінулага года, пра што Мікалаю Максімавічу Круку таксама адразу ж паведамілі. Каля дома №3 водазаборная калонка працуе ў нармальным рэжыме. Ні абледзянення, ні размакання глебы ў радыусе яе дзеяння не назіраецца.

У адміністрацыю ААТ «Валевачы» накіравана прапанова аб разглядзе пытання аплаты паслуг водакарыстальнікамі в.Залессе».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *