Няхай мінаюць вас нягоды, суправаджае дабрыня…

Общество

Сённяшні мой аповед — пра бібліятэкара Лучскай бібліятэкі Таццяну Міхайлаўну ЖДАНОВІЧ. Гэта шчырая, адказная працаўніца. Дзверы яе культурнай установы заўсёды адчынены для шырокага кола наведвальнікаў. Тут можна сустрэць дашкольнікаў і школьнікаў, моладзь, студэнтаў, рабочых і жывёлаводаў, паляводаў, пенсіянераў… І для кожнага Таццяна падбярэ патрэбную літаратуру, пазнаёміць з яе кароткім зместам, выкажа свае думкі па тым ці іншым творы, зацікавіць чытача.

Шматлікія наведвальнікі чытаюць літаратуру беларускіх пісьменнікаў — Караткевіча, Мележа, Янішчыц ды іншых. Хтосьці цікавіцца перыёдыкай, часопісамі «Гаспадыня», «Здароўе», » Народны доктар»… І бібліятэкар стараецца задаволіць попыт чытачоў.

Але не толькі кнігі прывабліваюць наведвальнікаў. У Лучскай бібліятэцы можна пазнаёміцца з разнастайнымі выставамі сельскагаспадарчай, тэхнічнай, медыцынскай, жывёлагадоўчай тэматыкі… Нямоглым пенсіянерам Таццяна дастаўляе літаратуру на дом.

Апроч гэтага, яна ладзіць вечарыны, сустрэчы з чытачамі, агляды мастацкай літаратуры, віктарыны. А да адметных падзей Таццяна Міхайлаўна рыхтуе невялічкія канцэрты мастацкай самадзейнасці, прыцягваючы да ўдзелу ў іх школьнікаў, моладзь. Сама яна добра ўмее граць на гармоніку і спяваць. Нам, пенсіянерам, асабліва падабаюцца песні мінулых гадоў у яе выкананні. Мы нават ёй падпяваем…

Неаднойчы Таццяна Міхайлаўна запрашала ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці з Горкаўскага сельскага Дома фальклору на чале з Галінай Ворнік. Яна ніколі не забываецца на пенсіянераў, запрашае нас на мерапрыемствы. Дзякуй ёй вялікі за арганізацыю такога цудоўнага адпачынку!

Таццяна Ждановіч — паважаны чалавек сярод аднавяскоўцаў. Яна доўгі час з’яўляецца старастай вёскі Рэчкі. Да яе звяртаюцца жыхары з рознымі пытаннямі, якія яна дапамагае вырашаць.

А яшчэ Таццяна — няштатны карэспандэнт нашай «раёнкі». Мы любім чытаць яе цікавыя аповеды. Дарэчы, яна яшчэ ў школьны час складала невялічкія апавяданні, вершыкі, замалёўкі, якія друкаваліся ў тагачасных піянерскіх газетах.

Вось такая яна, наша Таццяна Міхайлаўна Ждановіч. Сёння яна адзначае сваё адметнае свята — 55-годдзе. Віншуем яе з гэтым цудоўным, светлым днём! Моцнага здароўя табе, Танечка, поспехаў у працы і штодзённым жыцці. Няхай мінаюць цябе нягоды і суправаджаюць дабрыня, мудрасць, міласэрнасць.

Рэгіна ШАЛУПЕНКА,

в.Рэчкі

АД РЭДАКЦЫІ: Шчыра і сардэчна — з юбілеем Вас, шаноўная Таццяна Міхайлаўна, і з надыходзячым Днём жанчын! Дзякуй Вам за даўняе супрацоўніцтва з «раёнкай», за Вашы талент і творчасць. Няхай у Вас усё і заўсёды ладзіцца, часцей наведваецца ў госці Муза. Здароўя Вам моцнага, шчасця, удачы, дабрабыту, шанцавання і пабольш сонечных дзён у жыцці!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *