«ЯК ТОЛЬКІ Ў ВЁСЦЫ ЗАЧЫНЯЕЦЦА ЎСТАНОВА КУЛЬТУРЫ АБО АДУКАЦЫІ, ЖЫЦЦЁ ТАМ ЗАМІРАЕ, А ПОТЫМ І ЗГАСАЕ…»

Общество

Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька:

«ЯК ТОЛЬКІ Ў ВЁСЦЫ ЗАЧЫНЯЕЦЦА ЎСТАНОВА КУЛЬТУРЫ АБО АДУКАЦЫІ, ЖЫЦЦЁ ТАМ ЗАМІРАЕ, А ПОТЫМ І ЗГАСАЕ…»

Работнікі культуры Чэрвеньшчыны падвялі вынікі працы за мінулы год і акрэслілі задачы на сёлета.

Спыняючыся на дасягнутым, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Гоман, у прыватнасці, зазначыла, што найбольш зручнымі формамі, якія даюць магчымасць кожнаму актыўна праяўляць свае здольнасці і ініцыятыву ў розных відах творчасці, з’яўляюцца аматарскія аб’яднанні, гурткі і клубы па інтарэсах. Летась 160 такіх фарміраванняў пры Дамах культуры і бібліятэках наведвалі амаль 1700 чалавек. У раёне працуе 8 народных і адзін узорны творчы калектыў. Яны пастаянна задзейнічаны ў канцэртных праграмах, прапагандуюць лепшыя ўзоры музычнай, харавой традыцыйнай культуры Чэрвеньшчыны.

Паслугамі бібліятэк карыстаецца 49 працэнтаў жыхароў раёна. Летась іх фонд папоўніўся больш за 14 тысячамі экземпляраў кніг і перыядычных выданняў. У раённым краязнаўчым музеі праведзена 367 экскурсій, на якіх пабывалі больш за 7 тысяч наведвальнікаў.

Гаворачы аб праблемах галіны, Алена Гоман падкрэсліла, што ў раёне застаецца адкрытым пытанне забеспячэння ўстаноў культуры кваліфікаванымі кадрамі. Перш за ўсё, і асабліва ў сельскай мясцовасці, адчуваецца дэфіцыт спецыялістаў і кіраўнікоў творчых калектываў, рэжысёраў масавых святаў, харэографаў, акампаніятараў. Шмат работнікаў маюць перадпенсійны і пенсійны ўзрост.

Адсутнасць кваліфікаваных работнікаў, скарачэнне вясковага насельніцтва, устойлівае зніжэнне колькасці гурткоў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, немэтазгоднасць далейшых выдаткаў на ўтрыманне ўстаноў культуры прыводзіць да неабходнасці правядзення аптымізацыі іх сеткі. Зачынены Старапрудскі і Калодзежскі сельскія клубы, Чарнаўская і Майзароўская сельскія бібліятэкі. У клуб-бібліятэку рэарганізаваны Велікапольскі Дом культуры і сельская бібліятэка, у раённы цэнтр рамёстваў — Вайнілаўскі Дом культуры. Іваніцкі сельскі Дома фальклору пераўтвораны ў раздзел экспазіцыі народнага побыту раённага краязнаўчага музея. І, як паведаміла, Алена Гоман, сёлета «работа па стварэнню новых тыпаў устаноў культуры будзе працягвацца».

Эмацыйным было выступленне на выніковай нарадзе намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Алы Шахоцька:

Як толькі ў вёсцы зачыняецца ўстанова культуры або адукацыі, жыццё там замірае, а потым і згасае, — сказала яна. — Вам, работнікам культуры, варта заўсёды памятаць, што вы з’яўляецеся захавальнікамі нацыянальнай гістарычнай спадчыны, маеце найважнейшую ролю ў выхаванні моладзі. Вы павінны задаваць жыццесцвярджальны настрой у людзей, а гэта — рухавік развіцця грамадства…

Вялікая група работнікаў культуры адзначана на нарадзе Ганаровымі граматамі і Удзячнасцямі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У фае раённага Цэнтры культуры і адпачынку працавала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. А завяршыў мерапрыемства канцэрт творчых калектываў раёна.

 

 

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *