Гістарычны каляндар Чэрвеньшчыны. Сакавік

Общество

1 сакавіка 1769 года ў г.Ігумені нарадзіўся Міхаіл Рымінскі, танцоўшчык, драматычны акцёр, спявак.

 

1 сакавіка 1878 года было адкрыта Смілавіцкае земскае жаночае народнае вучылішча, у якім навучалася 21 дзяўчынка.

 

18 сакавіка 1905 года Ігуменскі павятовы спраўнік у рапарце Мінскаму губернатару паведамляў аб забастоўцы падмайстраў краўцоў у г.Ігумені і аб іх патрабаваннях.

 

10 сакавіка 1918 года ў в.Ачыжа нарадзілася Мыслівец Валянціна Пятроўна, Герой Сацыялістычнай Працы.

 

1 сакавіка 1923 года ў в.Калодзежы нарадзіўся Варабей Пётр Васільевіч,  Герой Сацыялістычнай Працы.

 

10 сакавіка 1923 года ў г.Чэрвені нарадзілася Прусава Роза Кандратаўна, Герой Сацыялістычнай Працы.

 

5 сакавіка 1936 года ў г.Мінску адбывалася Усебеларуская нарада перадавікоў сацыялістычнай жывёлагадоўлі. На яе была запрошана дэлегацыя з нашага раёна.

 

Сакавік 1942 г. Арганізаваны партызанскі атрад «Чырвоны сцяг» на базе створанай у лютым у Чэрвеньскім раёне партызанскай групы К.Канапелькі, у якую ўваходзілі ваеннапалонныя.

 

Сакавік 1942 года. На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна, у кліноцкіх лясах гітлераўцамі была праведзена карная аперацыя. Праводзілася яна сіламі двух палкоў пяхоты, паліцэйскімі фарміраваннямі з Чэрвеня, Смілавіч, Рудзенска. Гітлераўцы страцілі больш 300 чалавек. 208-ы партызанскі атрад страціў 20 чалавек.

 

Сакавік 1943 года. Карная аперацыя «Вясна», праведзена гітлераўцамі на тэрыторыі Чэрвеньскага, Смалявіцкага, Барысаўскага раёнаў.

 

6 сакавіка 1943 года расстраляны гітлераўцамі адважныя патрыёткі, падпольшчыцы, партызанскія сувязныя Л.Шамецька і М.Матусевіч.

 

Сакавік  1948 года. У г.Чэрвені пры харчпрамкамбінаце пушчаны ў эксплуатацыю крухмала-патачны завод. Адкрыты два новыя магазіны — універмаг і  магазін гаспадарчых тавараў.

 

Сакавік 1951 г. Надаецца вялікае значэнне садаводству і агародніцтву. У некаторых сельгасарцелях пачалі вырошчваць высокаўраджайныя сарты памідораў, новыя селекцыйныя сарты дынь і кавуноў. У пяці калгасах закладзены вінаградныя гадавальнікі, у двух сельгасарцелях — вінаградныя плантацыі на 70-100 кустоў.

 

Сакавік 1955 года. У раёне пашыраецца сетка медыцынскіх устаноў. Адкрыты 2 фельчарска — акушэрскія пункты ў Раваніцкім і Вайнілаўскім с/С, аптэка ў Валевачоўскім с/С. На 10 ложкаў расшырыўся стацыянар райбальніцы, на патрэбы медыцынскай сеткі выдаткавана звыш 4 мільёнаў рублёў.

 

Сакавік 1972 года. У Чэрвені на вул.Чапаева адкрыты рэстаран «Волма» і сталовая.

 

Сакавік 1982  года. Сярод пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва за паспяховае выкананне і перавыкананне заданняў 11-й пяцігодкі па павышэнню ўраджайнасці, павелічэнню вытворчасці і продажу дзяржаве зерня грэчкі ў 1981 годзе прызнаны ў ліку іншых Чэрвеньскі раён. А сярод калгасаў рэспублікі — калгас «Іскра». Наш раён і калгас «Іскра» ўзнагароджаны пераходнымі Чырвоным Сцягамі ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ з выдачай прэміі раёну — дзве тысячы, калгасам — паўтары тысячы рублёў.

 

Сакавік 1982 года. Рашэннем Дзяржаўнага камітэта СССР па прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі Міністэрства  меліярацыі і воднай гаспадаркі і Прэзідыума ЦК прафсаюза працаўнікоў сельскай гаспадаркі Смілавіцкае сярэдняе сельскае прафесіянальна — тэхнічнае вучылішча №23 прызнана пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў 1980-1981 гадах сярод прафесіянальна-тэхнічных вучылішчаў, якія дзейнічаюць на базе прадпрыемстваў і арганізацый сістэмы Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Яму прысвоенна званне «Лепшае меліярацыйнае вучылішча». Вучылішча ўзнагароджана дыпломам Першай ступені.

 

Сакавік 1985 года. Пры Цэнтральнай раённай бібліятэцы створаны літаратурна-паэтычны клуб «Ветразь».

 

25 сакавіка 1992 года. Прынята рашэнне Чэрвеньскага райвыканкама аб пераўтварэнні музычнай школы ў школу мастацтваў.

(Па матэрыялах Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *