Дзядзька Стафан на фінскай вайне

Люди и судьбы

Гэты фотаздымак 1939 года майго дзядзькі Стафана Іванавіча Мікуліча (першы злева)  з савецка-фінскай вайны ўскалыхнуў  мае ўспаміны пра яго.

Дзядзьку добра ведалі ў Смілавічах, бо ён быў майстар на ўсе рукі. У 1938 годзе  змайстраваў цудоўныя саначкі з ясеня, на якіх я вельмі любіў катацца ў дзяцінстве.

У 2007 годзе хату, у якой ён некалі жыў у Смілавічах, прадалі чужым людзям. Пасля смерці яго роднага брата (майго дзядзькі) Пятра Іванавіча прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб адшукаць у 2012 годзе саначкі, зробленыя руплівымі рукамі дзядзі Стафана.

Дзякуй Богу, новыя гаспадары хаты не выкінулі іх і вярнулі мне (на здымку). Захоўваю гэтыя саначкі, як сямейную рэліквію. І памяць аб ім.

Дзядзьку Стафана ў 1939 годзе разам з іншымі «добраахвотнікамі» накіравалі на вайну — заваёўваць Фінляндыю.

Пра тую ганебную вайну вядома мала каму.  Кіраўнікі СССР былі ўпэўнены, што, маючы шматразовую перавагу ў ваенных сілах і сродках, «шапкамі закідаюць» маленькую Фінляндыю.

Фінскі маршал Манергейм, які да Кастрычніцкага перавароту быў генералам Расійскага Генштаба, добра ведаў, на што здольны праціўнік. Пад яго кіраўніцтвам на межах з Савецкім Саюзам Фінляндыяй была створана абарончая «Лінія Манергейма»: пабудаваны доты, дзоты, створаны мінныя палі. Для абароны сваёй краіны ад агрэсіўных памкненяў звышдзяржавы фіны выкарысталі і прыродныя умовы: балоты, суровыя зімы. Чырвоная Армія, маючы шматразовую перавагу ў танках, артылерыі, авіяцыі, жывой сіле, пачала наступленне ў суровых умовах зімы 1939 года.

Непрыемным сюрпрызам для савецкіх войск аказалася масавае прымяненне фінамі супраць савецкіх танкаў таго, што ў час Вялікай Айчыннай вайны сталі называць «кактэйлем Молатава» — бутэлек з гаручай сумессю. За тры месяцы вайны з СССР фінскай прамысловасцю было выпушчана звыш паўмільёна такіх бутэлек.

Дзядзьку Стафана я помню смутна, а яго расказ пра вайну ў Фінляндыі перадаю з расповеду сваёй маці.

У сцёганых ватных штанах, целагрэйках і маскхалатах яны ішлі ў атаку на фінскія пазіцыі. Стаяў жудасны мароз. Калі ўдарылі кулямёты, байцы заляглі і папаўзлі ў глыбокім снезе. Раптам наступіла дзіўная цішыня. У белых маскхалатах, зліваючыся са снежным покрывам, савецкія байцы ўсё бліжэй падпаўзаюць да варожых пазіцый. І тут чуюць яны дзіўнае шуршанне: ш-ш-ш — гэта на іх сыпаліся кроплі… дажджу. Савецкія байцы прымярзалі да зямлі. Памкнуўся Стафан Мікуліч паўзці далей, а на нагах засталіся толькі парцянкі. Валёнкі прымерзлі да снега. Як аказалася, вынаходлівыя фіны прымянілі супраць атакуючых чырвонаармейцаў небывалую да таго часу зброю — вадамёты. Шмат чырвоных байцоў абмарозілася.

Фіны ў шмат разоў саступалі ва ўзбраенні Савецкаму Саюзу, але ім памагалі прыродныя ўмовы. У час той «маланкавай» вайны на чырвонаармейцаў абрынулася цынга. У іх пачаў псавацца зрок, пачаліся расстройствы страўнікаў. Хворыя байцы ў такім стане былі ўжо не ваякі. Ратаваліся хвойным адварам. Потым прывезлі капусту, і стала лягчэй. Як выявілася, армія Савецкай краіны была зусім не гатова да вайны ў суровых умовах Поўначы.  Праз тры з паловай месяцы, 12 сакавіка 1940 года, быў заключаны савецка-фінляндскі мірны дагавор.

У Сталіна ў пачатку 1940 года быў шырокі «разбор» промахаў у той «маланкавай» ганебнай вайне, дзе СССР панёс велізарныя страты забітымі, параненымі, абмарожанымі. Да таго ж, Савецкі Саюз, як агрэсар, быў выключаны з Лігі нацый.

У СССР рыхтаваліся да новага наступу на Фінляндыю. Ды не паспелі: была ў разгары Другая сусветная вайна.

Дзякуй Богу, дзядзька Стафан вярнуўся з фінскай вайны жывым і здаровым. Загінуў ён пад Кенігсбергам у 1945 годзе.

Уладзімір Шулякоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *